Авіяцыя, артылерыя і абхадныя манеўры: як 75 гадоў таму 5-я Арлоўская дывізія вызваляла Зэльвеншчыну ад фашыстаў. Успаміны ўдзельніка баёў Р.Шчацініна
У пачатку ліпеня 1944 года наша 5-я Арлоўская стралковая дывізія вяла баі на подступах да Зэльвы. На рацэ Шчары, у раёне вёсак Ніз, Паўлавічы і Кабакі, праціўнік пры падтрымцы авіяцыі аказваў упартае супраціўленне. Так ён спрабаваў любой цаной не даць нам магчымасць фарсіраваць раку і тым самым выйграць час для падрыхтоўкі абароннага рубяжу на заходнім беразе Зальвянкі, арганізаваным супраціўленнем спыніць рух нашых часцей да вузла чыгуначных дарог – горада Ваўкавыска.

П.М. Бедарава, Р.I. Шчацінін, Н. М. Іванова, В.К. Лісіцкі, А.Г. Сечанаў, I.Р. Добкін,
В.Б. Юрчанка, В.Д. Рабаконь, А.С. Гівярэц, М.К. Бясолаў
З дапамогай авіяцыі і артылерыйскага агню 142 і 336 стралковыя палкі фарсіравалі раку Шчару ў раёне Кабакоў і сталі паступова з баямі прасоўвацца наперад. Праціўнік імкнуўся затрымаць рух нашых часцей, пакідаючы моцныя заслоны з пяхоты і танкаў. Разведкай было ўстаноўлена, што на даным рубяжы ў ворага няма суцэльнай абароны. Умелым абхадным манеўрам нашы воіны зайшлі ў тыл ворага каля вёскі Галынкі, перарэзаўшы бальшак Дзярэчын – Галынка, а на паўднёва-заходнім напрамку таксама Старое Сяло – Галынка. Тым самым быў адрэзаны шлях для адыходу танкаў і пяхоты праціўніка на заходні бераг Зальвянкі.
Пачаўся бой за знішчэнне акружанай групоўкі праціўніка – да 400 чалавек пяхоты, 8 танкаў і самаходных гармат. На працягу дня адбілі 16 контратак праціўніка, які спрабаваў прарвацца ў паўночна-заходнім і заходнім напрамках. Дружным артылерыйска-мінамётным і ружэйна-кулямётным агнём усе контратакі былі адбіты. Да канца дня акружаная групоўка была знішчана, за выключэннем дробных груп пяхоты, якім удалося ўцячы на заходні бераг Зальвянкі.
Ведаючы звычкі ворага да контратак, камандаванне дывізіі вырашыла спешна ўзвесці лінію абароны. На рыццё траншэй былі мабілізаваны нават артылерысты. Узначаліць гэту групу было даручана мне. Да світанку мы вырылі да 800 метраў траншэй. Раптам у траншэях з’явіліся немцы – яны прыйшлі за языком. Неўзабаве да сотні фашыстаў пайшлі на нашы траншэі. Загаварылі кулямёты і аўтаматы. Гэта адкрылі агонь нашы артылерысты. Першую атаку адбілі хутка. Праз некаторы час пачалася другая контратака – яе таксама адбілі. Затым паследавала трэцяя, чацвёртая. Пачало світаць. Фашысты, яўна падбадзёраныя спіртным, зноў наблізіліся да траншэі. Забілі кулямётчыка. Давялося самому стаць за кулямёт. У рух пайшлі гранаты. Па нашаму выкліку вельмі добра працавала артбатарэя капітана Сяргея Качаткова, якая знішчыла некалькі танкаў і самаходных установак.
Раніцай мы вярнуліся да сваіх артылерыйскіх разлікаў.
У баях за вёску Залацеева 336 стралковы полк страціў 3 чалавекі – старшага сяржанта Досумбека Джакупава, радавых Пятра Мачыліна, Пятра Орыка, якіх там і пахавалі.
Выкарыстаўшы зручны момант на знішчэнне акружанай групоўкі ў раёне Галынкі, 142 стралковы полк хутка выйшаў наперад і, знішчаючы адступаючага праціўніка, у 20 гадзін 11 ліпеня 1944 года фарсіраваў раку Зальвянку і выйшаў на рубеж Холстава – Янаўшчына. У раёне гэтых вёсак полк сустрэў арганізаванае супраціўленне немцаў. Праціўнік, які не здолеў затрымаць наш рух наперад на водных рубяжах Шчары і Зальвянкі, спрабаваў затрымаць наступленне нашай часці на даным рубяжы. 12 – 13 ліпеня 1944 года часці дывізіі вялі жорсткія баі і на зыходзе 13 ліпеня 1944 года ўмелым абхадным манеўрам акружылі і знішчылі гарнізон праціўніка ў Янаўшчыне, авалодаўшы вышынёй 229,7. У баі загінула 12 чалавек, у тым ліку старшы лейтэнант Даніла Канстанцінавіч Волкаў. Загінулыя былі пахаваны ў вёсцы Янаўшчына.
142 стралковы полк авалодаў вёскай Холстава, у баях за якую страціў 3 чалавекі. Выбіты з гэтага рубяжу праціўнік замацаваўся на рубяжы Зяленіца – Пузікі, імкнучыся ўсімі сіламі не прапусціць нашы часці.
Палкі дывізіі былі вымушаны замацавацца на дасягнутым рубяжы, адбіваючы контратакі танкаў і пяхоты праціўніка, які рабіў спробу аднавіць ранейшае становішча. За дзень было адбіта 10 контратак. У 3 гадзіны раніцы 14 ліпеня 1944 года праціўнік быў выбіты з гэтых пазіцый і пачаў адыходзіць у беспарадку на Ваўкавыск. У 15 гадзін 14 ліпеня ва ўзаемадзеянні з часцямі 169-й стралковай дывізіі і авіяцыі горад Ваўкавыск быў поўнасцю ачышчаны ад праціўніка.
За праведзеную аперацыю па авалоданні Ваўкавыскам дывізія была ўзнагароджана ордэнам Кутузава II ступені, усяму асабоваму саставу аб’яўлена падзяка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. 224 воіны атрымалі ўрадавыя ўзнагароды, у тым ліку 6 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
У баях вызначыліся многія байцы і камандзіры. Сярод іх кулямётчык, камуніст Аляксей Дзмітрыевіч Шум, які болей 100 гітлераўцаў скасіў сваім “максімам”. Толькі ў баях за вызваленне Зэльвеншчыны знішчыў да трох дзясяткаў немцаў. У баі асколкам снарада ён быў паранены, але не пакінуў поле бою: калі скончыўся запас патронаў, падпоўз да другога кулямёта і працягваў весці агонь. За мужнасць Аляксей Шум быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, Ордэнам Славы III ступені, медалём “За адвагу” і значком “Выдатны кулямётчык”.
Не забыць ратнага подзвігу ў гэтых баях старшага лейтэнанта Галава. Яму было загадана ўзяць вышыню. Галаў першым падняўся і павёў байцоў у атаку. Услед за ім дружна рынуліся з крыкам «ура» усе яго байцы – і вышыня была ўзята.
Старшы сяржант, камандзір кулямётнага разліку камуніст Багамолаў у жорсткім баі сваім кулямётам адбіў адзінаццаць контратак гітлераўцаў і асабіста знішчыў 30 фашыстаў. Увесь разлік знішчыў да 50 ворагаў.
Асабліва вызначыўся ў баях гарматны разлік сакратара партарганізацыі батарэі Сямёна Іванавіча Карпенкі. Узоры стойкасці і высокага воінскага майстэрства паказалі разлікі гармат С.I.Бажэнава, А.М.Цімохіна і іншыя. Бесперапынна падтрымлівалі сувязь сувязісты Захараў, Акімкін, Ціткова.
Своечасова аказвалі медыцынскую дапамогу параненым ваенныя ўрачы і медыцынскія сёстры, выносячы байцоў з поля бою. Вось іх імёны: урач Ніна Хрысцюк, Бэла Рабіновіч, А.В. Куртунава, медсёстры П.М. Бедарава, З.С. Кароль, М.С. Смірнова, А.Д. Гаўрылава, H.М. Іванова, М.А. Мельдр і многія іншыя.
Удзельнік баёў за вызваленне Зэльвеншчыны Р. Шчацінін
Комментарии отключены