Народныя вытокі

1379 Здаўна Зэльвеншчына славіцца таленавітымі людзьмі. Творчыя калектывы, ўмельцы-самародкі – сапраўд-ны гонар нашага раёна. Натхнёныя, ініцыятыўныя, энтузіясты сваёй справы, яны плённа працуюць на ніве культуры і адраджаюць народныя вытокі. Адна з такіх творчых асоб – жыхарка вёскі Галынка Антаніна Пянцяк (на здымку). Нядаўна жанчына ўдастоена звання “Народная майстрыха Беларусі”. Ствараць дзівосы для Антаніны Пятроўны – звычайная справа. Ёй падуладны сакрэты тэхнікі многіх промыслаў, аднак яе “канёк” – ткацтва. Жанчына з’яўляецца актывісткай аматарскага аб’яднання “Натхненне”, якое дзейнічае на базе раённага Дома рамёстваў. Яго ўдзельнікі імкнуцца захаваць культурную спадчыну і перадаць свае ўменні нашчадкам. Калектыў налічвае 25 чалавек сталага ўзросту, якія дзякуючы свайму захапленню прыгожыя душой. Аб узроўні іх майстэрства сведчыць пастаянны ўдзел у разна-стайных мерапрыемствах, абрадавых святах. На сёлетнім Ганненскім кірмашы давялося назіраць, як мнагалюдна было каля народных майстроў. Прахожыя затрымліваліся каля іх, каб не толькі пасачыць за працэсам работы, але і самім паспрабаваць сябе ў незвычайнай справе. Вырабы зэльвенцаў карысталіся попытам у час правядзення ў Гродне фестывалю нацыянальных культур, на рэспубліканскай выставе-кірмашы “Беларускі сувенір” у Мінску. З мэтай выяўлення самародкаў, новых відаў рамёстваў і іх развіцця рэгулярна праводзяцца экспедыцыі па раёне.

І тчэ, забыўшыся, рука…

1374 Дарэчы, у гэтым годзе раённы Дом рамёстваў ад-значае юбілей – 10-годдзе з дня заснавання. Абуладкаванне ў Дзярэчыне новага будынка дало магчымасць працаваць не толькі ў камфортных умовах, але і пашырыць колькасць заняткаў па інтарэсах. – Спакон вякоў ткацтва ў беларусаў лічылася хатнім заняткам жанчын, – расказвае дырэктар установы Ала Сідорык, яна ж і кіраўнік гуртка “Умелыя ручкі”. – Пагэтаму любая дзяўчына з ранняга ўзросту ўмела ткаць паясы, ручнікі, настольніцы, пакрывалы, палавікі і іншыя рэчы. Сама Ала Дамінікаўна пераняла гэтае захапленне ад маці, якая ў свой час слыла добрай майстрыхай. Снаваць кросны яе запрашалі нават у суседнія вёскі. Асновы традыцыйнага беларускага ткацтва кіраўнік гуртка перадае малодшаму пакаленню. На занятках дзеці вучацца ствараць адметныя рэчы, ад якіх вее цеплынёй бацькоўскай хаты.

Папяровая фантазія

1376 Прымяненне непатрэбным у быце рэчам дапамагае знайсці сваім выхаванцам Дзіяна Віш-неўская (на здым-ку). Толькі ўключай фантазію! Дэкарыраваныя бутэлькі, шкатулкі служаць арыгінальным упрыгожваннем памяшкання. Дзяўчынкі ахвотна ствараюць кветкавыя кампазіцыі з гафрыраванай паперы, займаюцца пляценнем з трубачак. Сама Дзіяна Мікалаеўна рыхтуецца прыняць удзел у творчым конкурсе маладых спецыялістаў, які пройдзе ў абласным цэнтры.

Дрэва ажывае

1377 ва ўмелых і працавітых руках Міхаіла Грынцэвіча. За рухамі педагога ўважліва сочаць хлопчыкі на занятках. Правільная апрацоўка драўніны, геаметрычная і раслінная разьба па дрэве патрабуе ўседлівасці і цярплівасці. Выразаныя школьнікамі рэчы маюць практычнае прымяненне. Набор досачак на кухню, лыжкі, шкатулкі – чым не падарунак для родных?

Узор гаворыць

1375 –У вышыванках што ні ўзор, то сімвал, – сцвярджае кіраўнік гуртка Вера Жылко. – Кожны адлюстроўвае дабро, прыгажосць, любоў, пашану – якасці, без якіх немагчыма ўявіць чалавечае жыццё. Распісаныя крыжыкам творы майстрыхі карыстаюцца попытам не толькі сярод зэльвенцаў. Часта да яе звяртаюцца з просьбай ці ручнік вясельны або каравайны аздобіць, ці карціну або навалачку ўпрыгожыць. Сваё захапленне жанчына перадае не толькі падлеткам, але і многім дарослым. Авалодала Вера Васільеўна і вышыўкай атласнай стужкай, чаму вучыць і гурткоўцаў.

Скарбніца даўніны

1378 Вялікі інтарэс выклікаюць прадметы, якія былі неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця нашых продкаў. Самабытныя рэчы жыхароў раёна сабраны ў музейным пакойчыку. – Якім чынам збіраеце экспанаты? – цікавімся ў дырэктара Дома рамёстваў. – Выязджаем у вёскі, – расказвае Ала Сідорык. – Разумеем, што лю-дзям бывае цяжка расстацца з некаторымі рэчамі, многія з якіх сталі сямейнай рэліквіяй. Але стараемся ўгаварыць, пераканаць, што тая ці іншая рэч стане ўсе-агульным набыткам, аб яе каштоўнасці і значнасці даведаецца больш людзей, асабліва падлеткаў. У музейным пакойчыку прадстаўлены прасы, кросны, калаўрот, лямпы, маслабойкі, збаны і інш. Некаторыя давялося ўбачыць упершыню. Напрыклад, часала, церніца, мяла прадназначаны для апрацоўкі валакна, начоўка – карыта для мыцця бялізны. Знаёмячы з экспанатамі, экскурсавод расказвала і цікавыя гісторыі, звязаныя з кожным з іх. Так, напрыклад, даўней бытавала павер’е: калі немаўля дрэнна спала, бралі пранік, заварочвалі яго ў пялёнку і клалі на плот. Праз некалькі дзён сон у дзіцяці нармалізоўваўся. – Менавіта ў гэтым і адметнасць нашага музея, – сцвярджае Ала Дамінікаўна. – Захаваць не толькі рэчы, але і іх гісторыю. Наталля Мацюк.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.