Нашы настаўнікі – нашы героі

У дні святкавання чарговай гадавіны вызвалення маёй роднай Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выконваючы свой грамадзянскі і чалавечы абавязак, як былы вучань Дзярэчынскай сярэдняй школы, аддаю даніну найвялікшай павагі і ўдзячнасці, схіляю сваю галаву ў вялікім смутку перад памяццю ўжо даўно пакінуўшых нас дарагіх настаўнікаў. Тых, якія на працягу многіх год вялі мяне па жыцці. Партызанаў і франтавікоў Вялікай Айчыннай вайны, прынёсшых сябе ў ахвяру барацьбы за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы і Вялікай Перамогі. Вечная ім Памяць і Слава!..

БУГУК Іван Аляксеевіч у званні малодшага лейтэнанта войск сувязі сустрэў першы авіяцыйны налёт ворага. Ужо летам 1941 года трапіў на Ленінградскі фронт, дзе пазнаў жудасныя і лёсавызначальныя баі за прарыў знакамітай на ўвесь свет блакады.

Вайна рашуча перакрэсліла шчасце яго сям’і. Толькі напрыканцы яе Іван Аляксеевіч нейкім цудам спісаўся з жонкай Фаінай Сіманаўнай і 4-гадовай дачушкай. Перамогу Бугук сустрэў на тэрыторыі Германіі ўжо ў званні капітана. Вярнуўся дамоў ён сапраўдным героем.

Радзіма высока ацаніла заслугі свайго абаронцы, адзначыўшы гераічны подзвіг медалямі “За отвагу”, “За оборону Ленинграда”, ордэнамі Чырвонай Зоркі і г.д. У Дзярэчыне Івана сустрэлі з вялікай радасцю. Герой-франтавік працаваў у роднай для мяне школе. Вопытны афіцэр запасу вёў ваенную падрыхтоўку і працоўнае навучанне.

Асабіста мне падабаліся яго цікавыя і змястоўныя ўрокі тэхнічнай працы, у час якіх мы пастаянна нешта свярлілі, выпілоўвалі папулярным у тыя часы лобзікам, тачылі, шліфавалі пад кіраўніцтвам гэтага сціплага і душэўнага чалавека… Практычна ў 60-я гады мінулага стагоддзя наш настаўнік развітаўся з педкалектывам школы і з пашанай пайшоў на заслужаны адпачынак. У атачэнні дзяцей і ўнукаў ён займаўся хатняй гаспадаркай.

Памёр ветэран на 94-ым годзе жыцця ў Дзярэчыне, пражыўшы складанае і поўнае выпрабаванняў жыццё, якое з’яўляецца прыкладам для ўсіх нас, яго вучняў і нашчадкаў

ЖУКАЎ Міхаіл Аляксандравіч да вайны служыў у Чырвонай Арміі маладой Рэспублікі Саветаў, затым настаўнічаў. На вялікі жаль, больш дакладных звестак пра гэты перыяд яго жыцця ўстанавіць пакуль што не ўдалося.

Вялікая Айчынная рашуча ўнесла свае карэктывы ў жыццё 35-ці гадовага Жукава. З 1 жніўня 1941- га па кастрычнік 1943-га ён быў сувязным партызанскага атрада “Марак” брыгады Аляксея Данукалава. Аб гэтым яскрава сведчыць пасведчанне нумар 380911, якое выдадзена Зэльвенскім Саветам дэпутатаў працоўных за подпісам А.Кузняцова.

Летам 1944-га ўжо вопытны і добра абстраляны партызан з вялікім гонарам уліўся ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у артылерыі – вызваляў Польшчу, Венгрыю, Румынію і Балгарыю… Вялікую Перамогу Міхаіл Жукаў сустрэў у Вене. Вядома, што Міхаіл Аляксандравіч меў некалькі ўзнагарод, якімі быў адзначаны як партызан, чырвонаармеец і баец-артылерыст. На вялікі жаль, сёння я не магу пакуль што дакладна іх агучыць і пералічыць, бо літаральна баюся памыліцца.

Пасля вайны па волі лёсу франтавік-артылерыст трапіў у вёску Галынка Зэльвенскага раёна, дзе неўзабаве пачаў працаваць у мясцовай школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. За гады педагагічнай дзейнасці ў Дзярэчынскай сярэдняй школе Міхаіл Аляксандравіч выхаваў не адно пакаленне вучняў. Напрыканцы 1960-ых гадоў ён вучыў і мяне. Добра ведаючы аб слаўным мінулым настаўніка, я часцяком правакаваў Міхаіла Аляксандравіча на шчырыя аповеды аб той далёкай вайне… Напэўна, на ўсё жыццё застануцца ў маёй памяці палымяныя выступленні паважанага ўсім Дзярэчынам настаўніка-франтавіка – у маленькім местачковым скверы ля абеліска воінам-вызваліцелям на штогадовых святкаваннях Дня Перамогі…

У голасе Жукава, які часам нават пераходзіў на крык, гучалі лютая нянавісць да ворага, невыносны боль і горыч незлічоных страт той вайны. Дарагому настаўніку, сапраўднаму герою і пылкаму аратару ў знак вялікай пашаны я адрасаваў слупок у сваім вершы-прысвячэнні маім дарагім настаўнікам – мужным удзельнікам вайны: Калі ў Дзярэчыне, над абеліскам, Грымеў маёвы пераможны звон, Пажар вайны на вашых тварах бліскаў, І Вы крычалі: за Радзіму і агонь!

КІРЫЛАЎ Рыгор Лазаравіч і Кірылава Марыя Міхайлаўна. Маладога чырвонаармейца Кірылава вайна сустрэла на будаўніцтве савецкага ваеннага аэрадрома непадалёку ад Беластока. Налёт фашысцкай авіацыі практычна ўшчэнт зруйнаваў аэрадром. Адступаючы, паранены Кірылаў пад Слонімам трапіў у палон і праз некаторы час аказаўся зноў пад тым самым Беластокам. Але ўжо ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Вясной 1942-га Рыгор ажыццявіў уцёкі. На тэрыторыі сённяшняга Мастоўскага раёна ён трапіў у распалажэнне партызанскага атрада, якім камандаваў будучы камандзір брыгады “Перамога” Павел Булак.

Кірылаў актыўна ўключыўся ў барацьбу з ворагам. Неўзабаве стаў падрыўніком, затым камандзірам узвода, палітруком і нарэшце – камандзірам партызанскага атрада імя Будзённага ў складзе той жа славутай брыгады “Перамога”. Менавіта ў партызанскім атрадзе Рыгор Лазаравіч сустрэў сваю будучую жонку – сувязную Марыю.

Разам яны мужна пераносілі ўсе цяжкасці трывожнага партызанскага жыцця. У 1944 годдзе брыгада “Перамога” злучылася з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі. З саставу брыгады быў выдзелены знішчальны батальён пад кіраўніцтвам Р.Л.Кірылава для барацьбы з рэшткамі блукаючых па лясах нямецка-фашысцкіх груповак. Калі з варожымі бандфарміраваннямі было пакончана, батальён быў расфарміраваны. Радзіма высока ацаніла подзвіг мужнага партызанскага камандзіра, аб чым яскрава сведчаць яго баявыя ўзнагароды – ордэны Леніна і Вялікай Айчыннай вайны, медаль “Партызану Айчыннай вайны”.

Пасляваенныя гады ардэнаносца Кірылава былі разнастайнымі, бурнымі і неверагодна кіпучымі. Адданаму Радзіме камуністу давяралі розныя адказныя пасады: працаваў загадчыкам ваеннага аддзела РК КПБ, намеснікам старшыні райвыканкама, дырэктарам райпрамкамбіната, старшынёй калгаса імя Чарняхоўскага.

У 1968 годзе, маючы за спіной Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага, Рыгор Лазаравіч прыступіў да педагагічнай дзейнасці ў Дзярэчынскай школе, дзе даўно працавала яго жонка Марыя Міхайлаўна. Сёння выказваю словы шчырай падзякі вялікаму патрыёту Дзярэчына Рыгору Кірылаву ад імя многіх пакаленняў землякоў. Вечная слава і памяць дарагой і паважанай настаўніцы пачатковых класаў Марыі Кірылавай, якая мужна і гераічна змагалася з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў імя Вялікай Перамогі…

МАКАРАЎ Герасім Андрэевіч, калі пачалася фінская вайна 1939-га, быў студэнтам Маскоўскага настаўніцкага інстытута. Неўзабаве малодшы афіцэр і палітрук Макараў быў пераведзены ў гарнізон горада Брэста. Праўда, служыў ён не ў самой крэпасці. Таму адступаючы ў складзе Чырвонай Арміі ў раёне Слуцка, трапіў у акружэнне ворага, якое разам з таварышамі ўдалося прарваць і са зброяй у руках далучыцца да мясцовага партызансага атрада.

Партызаніў у лясах Міншчыны і Магілёўшчыны аж да самой аперацыі “Багратыён”, што прынесла вызваленне нашай шматпакутнай зямлі. Летам 1944-га з вялікай радасцю гнаў ворага далей, ужо вызваляючы народы Заходняй Еўропы. І нават прымаў удзел у штурме Берліна. Удзельнік дзвюх войнаў, франтавік і партызан узнагароджаны медалямі за вызваленне Кёнігсберга, Варшавы, Прагі, Будапешта, Берліна, медалём “За храбрость”, з’яўляецца кавалерам ордэна Славы ІІІ ступені. Пасля Перамогі самааддана настаўнічаў на Случчыне, а напрыканцы 40-ых гадоў мінулага стагоддзя лёс прыводзіць яго на зэльвенскую зямлю. Вясёлага па натуры чалавека, таленавітага выкладчыка гісторыі і геграфіі, а таксама ваеннай справы добра помняць старажылы Крамяніцы і Князева. У пачатку 50-ых настаўніка перавялі на працу ў Дзярэчын, дзе франтавік пусціў сямейныя карані. Памёр Герасім Андрэевіч ад запрацаванай на вайне невылечнай хваробы лёгкіх у 1972 годзе. Адышоў з жыцця не зусім старым чалавекам, аддаўшы лепшыя свае гады Радзіме і яе народу.

УДАВЕНКА Уладзімір Трафімавіч яшчэ перад вайной у якасці прапагандыста мясцовага райкама партыі накіраваўся ў вызваленую ад панскай Польшчы Заходнюю Беларусь, а канкрэтней – у Зэльву. Пазней быў прызначаны ўпаўнаважаным часовай адміністрацыі па горадзе Ваўкавыску, адкуль і прызываўся ў рады Чырвонай Арміі.

Праслужыў Уладзімір Трафімавіч з канца 1939 г. да чэрвеня 1946 г., прайшоўшы самую вялікую і страшную Другую Сусветную вайну, яе франты, адступленні, прарывы з акружэнняў і блакад, крывавыя раны, сырыя акопы, голад, холад і не раз глядзеў у вочы смерці, якая была побач. Пасля дэмабілізацыі маладому камуністу-франтавіку давяраюць адказныя пасады ў Зэльвенскім раёне. У 1952 годзе Уладзімір Трафімавіч узначаліў Дзярэчынскую СШ, але з-за моцна падарванага на фронце здароўя праз чатыры гады папрасіў перавесці яго намеснікам дырэктара перадавой на той час школы. Цяпер зноў аб вайне, якая падарвала здароўе мужнага воіна. Страшны чэрвень 1941-га малады чырвонаармец сустрэў у статусе начальніка аўтамабільнай электрастанцыі Другой Прыморскай арміі, што пад Ленінградам, які мужна абараняў да самага прарыву жудаснай блакады. У верасні 1943 года сяржант Удавенка трапіў у самае пекла авіяі артабстрэлаў, стрымліваючы бесперапынныя атакі звар’яцелага ворага. Мужны воін узнагароджаны медалём “За оборону Ленинграда”, “За отвагу”. У ліпені 1944 г. пасля лячэння ад асколачнага ранення ў шпіталі ў новых неверагодна жудасных баях у якасці камандзіра кулямётнай роты зноў быў паранены асколкам. Вердыкт медыкаў: годны да “нестраявой”. Удавенка накіравалі у 484-ы асобы батальён НКУС. Займаючы пасаду каменданта чыгуначна-вагоннага парка Ленінграда, ён годна служыў Радзіме ў тыле ворага. Ужо ў мірны час атрымаў медаль “За Победу над Германией”.

ДЗЯРЭЧЫНЦАМ, НАСТАЎНІКАМ-ГЕРОЯМ!

Я падыму са тла Вашы імёны,
Заплачу, падаючы на калені…
Давучваю малітвы-ўрокі сёння,
Настаўнікі скалечанага пакалення.
Вы аддалі нам душы, сэрцы, рукі,
Вучылі нас цераз пакуты, боль…
Блазнуючы, на Вашы раны, мукі
Мы па-дзіцячы пасыпалі соль…
Тады Вы намі не былі сагрэты,
Хоць палажылі ўсё за шчасце для нас,
Штогод амаль згаралі Вы ракетай,
Заўчасна адыходзілі “ў запас”…
Аб той вайне Вы гаварылі мала,
Бо выплакалі рэкі, мора слёз…
Вайна ў вачах Вашых так стагнала,
Што нашы сэрцы прабіраў мароз.
І фільмы аб вайне Вы не глядзелі,
Вы не маглі зноў пекла перажыць…
Бо душы Вашы ад кіно гарэлі,
Той жах Вы не маглі ніяк забыць…
Каб ведалі Вы, што навала З таго
Заходу падпаўзе ізноў,
Напэўна, Вашы сэрцы б разарвала
І ў жылах Вашых закіпела б кроў!
Калі ў Дзярэчыне, над абеліскам,
Грымеў маёвы пераможны звон,
Пажар вайны на Вашых тварах бліскаў,
І Вы крычалі: За Радзіму і агонь!
І Веліч Ваша паўставала лавай,
Настаўнікі, Героі той Вайны!
Дзярэчынскае школы Гонар,
Слава, Сябе Радзіме ўшчэнт ахвяравала,
Сталь, гартаваная ў пекле і ў агні.
Вы, вечна маладыя, сёння з намі,
Зноў клічаце ў атаку за сабой!
І мы крычым: Радзіма, ты за намі!
Мы ўстанем за цябе на смертны бой!
Вас, дарагія, мы ніколі не забудзем,
І Слава Вам, з тых векапомных дзён!
І колькі будзем жыць – Ваш Подзвіг з намі будзе,
Вам сёння да самой сырой зямлі Паклон! …
Я падыму са тла Вашы імёны,
Крычу ад гонару, упаўшы на калені:
Настаўнікі-франтавікі і партызаны!
Цалуюць вучні Вашы Вашы раны,
Трыумф Дзярэчына і Слава пакаленняў!

Алег Януль-ВЕНСКІ (Алік ДЗЯРЭЧЫНСКІ)

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены