Наследие — песня материнская
Раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і гаспадары Макеі аграсядзібы “Верас” паспяхова правялі (ужо другі па ліку) рэгіянальны конкурс фальклору “Сустрэчы ў “Верасе”. Выкарыс-таўшы добрую нагоду, актыўна рэкламавалі сваю дзейнасць раённы Дом рамёстваў і народныя майстры. Акрамя вырабаў з саломы, бісеру, дрэва, усе жадаючыя маглі набыць кераміку, тканыя сувеніры. Яшчэ адной “фіш-кай” мерапрыемства сталі майстар-класы, якія давалі ганчары, ткачыхі, рукадзельніцы.
Увагу сабраўшыхся прыцягнулі прадзільныя станкі, за якімі спрытна арудавалі жанчыны. На ўсеагульны агляд былі выстаўлены іх саматканыя вырабы – такіх ні ў якім магазіне не купіш! За калаўротам, які з пакалення ў пакаленне перадаецца ў спадчыну, сваё майстэрства дэманстравала жыхарка Зэльвы Вольга Сакалоўская. Зараз галоўнае для яе, гаворыць жанчына, не так напрасці і навязаць, як перадаць сваё ўменне маладым. Дарэчы, Вольга Васільеўна на працягу ўсяго свайго жыцця займалася рукадзеллем. Адным з яе любімых заняткаў было ткацтва. Сёння нават не бярэцца ўзгадваць, колькі выткана дываноў, ручнікоў, абрусаў, палавікоў. Яе вырабы ўпрыгожваюць дамы не толькі зэльвенцаў, але і жыхароў Мінска, Гродна і нават бліжняга замежжа. Дочкам таксама было цікава пазнаць сакрэты матулінага майстэрства, таму з ахвотай вучыліся вязаць і ткаць. Бабулін промысел палюбілі і ўнукі. На фальклорныя фестывалі Вольга Сакалоўская заўсёды ездзіць з вялікім задавальненнем.
– Людзі падыходзяць, назіраюць за маёй работай, просяцца паспрабаваць, – гаворыць майстрыха. – Асабліва падабаецца вучыць дзяўчатак – будучых гаспадынь.
Антаніна Пянцяк з Галынкі таксама не стрымлівае сваіх эмоцый ад чарговага ўдзелу ў народным свяце. Як пры-знаецца жанчына, апошнія 8 гадоў толькі і жыве выставамі і майстар-класамі. Задаволена, што народным майстэрствам цікавіцца сённяшняя моладзь. Высока цэніцца рамяство Антаніны Пятроўны не толькі сярод гасцей фестываляў, але і вяскоўцаў. Ужо некалькі гадоў рукадзельніца з’яўляецца старшынёй савета клуба майстроў “Натхненне” пры раённым Доме рамёстваў.
Сяргей і Марыя Худзяевы прадставілі свой брэнд – ганчарства. На розны густ былі выстаўлены чыгункі, тэматычныя сувеніры. Некаторыя прысутныя выказалі жаданне не толькі купіць выраб, але і паспрабаваць яго зрабіць. З’явілася чарга – сесці за ганчарны круг хацелася многім. А рамеснік усё прадугледзеў: і гліну падрыхтаваў, і падручныя сродкі. Праезджая дзяўчына па-дзялілася ўражаннямі: “Сапраўднае свята душы! Першы раз на такім фестывалі. Уразіла суладдзе прыгожай прыроды, цікавых людзей і іх рознабаковыя таленты. Настолькі ўсё захапляе!”
Цікавую выставу-продаж і майстар-класы арганізаваў раённы Дом рамёстваў. Тут можна было набыць на памяць прыгожыя творы мастацтва майстроў установы. Блішчалі на сонцы, прыцягваючы позірк наведвальнікаў, вырабы з саломкі – какошнікі, пано, хлебніцы, абярэгі, сімволіка зэльвен-скага краю. На месцы выконваліся любыя заказы. А яшчэ была магчымасць уласнымі рукамі, праўда з дапамогай дырэктара ўстановы Алы Сідорык, паспрабаваць сплесці замыславаты ўзор зэльвенскага пояса.
Акрамя ўсяго гэтага на макееўскім падворку можна было і песню самабытную паслухаць, і разам з таленавітымі самадзейнымі артыстамі паспяваць.
На людзей паглядзець і сябе паказаць прыехаў дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў са Шчучынскага раёна “Скарбоначка” (да 2007 года існаваў пад назвай “Дэмбраўская кадрыля”). Менавіта іх выступленнем распачалася конкурсная праграма. Удзельнікам калектыву ад 7 да 17 гадоў. Цікава тое, што ўсе яны аб’яднаны адной ідэяй – захаваць спадчыну свайго краю. Для гэтага збіраюць, вывучаюць песні, прыпеўкі, танцы, захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Візітная картка танцораў – “Дэмбраўская кадрыля”, якую ў былыя часы танцавалі менавіта дэмбраўскія мужчыны, затым брат і сястра па прозвішчы Аўсейчыкі навучылі сваіх дзяцей і ўнукаў. Зараз танец прыносіць поспех на конкурсах і фестывалях розных узроўняў. Артысты не раз былі лаўрэатамі першай і другой ступеней міжнародных форумаў, свята фальклору “Панямоння жыватворныя кры-ніцы”, абласнога фестывалю “Берагіня”.
Народны фальклорны аматарскі калектыў “Вяргіня” бярэ пачатак свайго існавання яшчэ з 50-х. Адметнасць калектыву ў тым, што ён самы старэйшы на шчучынскай зямлі: самай старэйшай яго ўдзельніцы споўнілася 79 гадоў. Ня-гледзячы на ўзрост удзельнікаў калектыву, іх выступленне радуе польскага і літоўскага слухача. З міжнародных, абласных, рэгіянальных фестываляў “Вяргіня” заўсёды вяртаецца з ўзнагародамі. На конкурсе “Сустрэчы ў “Верасе” калектыў заняў першае месца.
За высокія творчыя дасягненні па адраджэнні і зберажэнні мясцовага фальклору народны калектыў “Крынічанька” са Свіслацкага раёна ў 1995 годзе атрымаў званне “народны аматарскі калектыў”. Галоўная задача яго ўдзельнікаў – перадаць маладому пакаленню цікавае, разнастайнае жыццё продкаў. Самае незвычайнае, што са-лістцы Вользе Дарошынай больш за дзевяноста гадоў, але яна нават не думае пакідаць сцэну. Другая салістка калектыву Зінаіда Далідоўская – пастаянны лаўрэат раённых конкурсаў і фестываляў. Усе ўдзельніцы не толькі вясёлыя і жвавыя жанчыны, але непамерна ўлюбёныя ў сваю спадчыну. Таму з кожным годам не толькі знаходзяць фальклорную “изюминку”, але і адра-джаюць абрады. На свіслацкай зямлі фальклорнымі песнямі і звычаямі су-праваджаюцца вяселлі, хрысціны, святы Купалле, Ражство і Вялікдзень.
Нераўнадушнымі засталіся прысутныя ад выступлення народнага ан-самбля польскай песні “Стакроткі”, які існуе на базе Макараўскага Дома нацыянальных культур Бераставіцкага раёна. Самабытнае, арыгінальнае выступленне дзяўчат заўсёды адзначаецца прызавымі месцамі. У чарговы раз яны таксама вярнуліся дамоў з перамогай – сталі лаўрэатамі трэцяй ступені. Інакш не магло і быць – у іх выканальніцкія нумары быў закладзены глыбокі сэнс. Тут і вяртанне да вытокаў, і прыхільнасць да традыцый, і запрашэнне ўсіх, хто мае жаданне наведаць іх край, які мяжуе з суседняй Рэспублікай Польшча.
Калі гаварыць пра зэльвенскія фальклорныя калектывы, то яны добра вядомы як землякам, так і ў іншых раёнах. Асноўная задача майстроў беларускай народнай песні – данесці да сучаснай моладзі матэрыял, які грунтуецца на мясцовым фальклоры, перадаць багатую песенную традыцыю. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэгіянальныя касцюмы, непаўторныя музычныя элементы. Удзельнікі калектываў “Верасок” і “Ялецкія дзяўчаты” вельмі любяць спяваць, таму прымаюць актыўны ўдзел у вячорках, калядаваннях, іншых мера-прыемствах, якія ладзяцца ў Елкаўскім сельскім Доме культуры.
У час конкурсу можна было пазнаёміцца з песеннай творчасцю фальклорных калектываў “Залаціначка” (в. Залацеева) і “Вытокі” (в.Бародзічы). Лепшыя свае нумары прадставіў калектыў польскай песні “Шляхцяначка”, які створаны некалькі гадоў таму на базе Князеўскага сельскага Дома культуры. У рэпертуары песні як польскія, так і беларускія. Спявачкі Алена Суша (Чырванасельскі сельскі Дом культуры), Таццяна Яскевіч (Падбалоцкі клуб-бібліятэка), Валянціна Селяня (Кашалёўскі Дом фальклору) не толькі займаюцца адраджэннем песень, характэрных для сваёй мясцовасці, але і актыўна прапагандуюць іх сярод аднавяскоўцаў. Для іх песня – своеасаблівая творчая аддушына, без якой цяжка ўявіць жыццё. Алена Суша з захапленнем расказвала, наколькі ёй дарагі кожны музычны твор, якую яна адчувае радасць, калі чуе ад родных і блізкіх даўно забытую, але вельмі папулярную ў былым песню. А Валянціна Селяня зусім нядаўна здзівіла кашалёўцаў, калі за вясельным сталом заспявала “Ой, ляцелі гусі” і “Лунную ночку”, якую, па прызнанні жанчыны, не спявала гадоў сорак. Гэта была сапраўдная знаходка не толькі для работнікаў Дома фальклору, але і арганізатараў рэгіянальнага конкурсу. Таццяна Яскевіч ганарыцца сваёй песеннай спадчынай, якой цікавіцца з дзяцінства. Менавіта яна ў свой час арганізавала пры мясцовай установе культуры фальклорны калектыў “Савярынка”, які быў самы яскравы і самабытны ва ўсім раёне. Яна беражэ кожны песенны радок і вучыць спяваць дзяцей і ўнукаў.
Фальклорны калектыў “Спадчына” (Чырванасельскага сельскага Дома культуры) існуе больш за 30 гадоў. Людзі мяняюцца, а разнастайнасць песень павялічваецца. На сустрэчы калектыў прыемна здзівіў публіку сваім рэпертуарам.
Акрамя конкурснай, на свяце была прадстаўлена канцэртная праграма дзярэчынскага калектыву “Званочкі”. Яны выканалі розныя песні і празаічныя творы, сярод якіх жартоўныя, абрадавыя, жыццёвыя. З імі ансамбль пабываў на сцэнах розных вёсак і гарадоў. За ініцыятыўную дзейнасць па прапагандзе музычна-песеннага мастацтва калектыў мае шэраг узнагарод. І на гэты раз прысутныя слухалі выступленне з вялікім задавальненнем і ўвагай.
Падводзячы вынікі конкурсу, журы адзначыла, што кожная песня – гэта крупінка народнай культуры, уласцівая беларусам з даўніх часоў. Самадзейныя артысты падарылі сапраўднае свята і паказалі прыгажосць і багацце роднага краю. Гэта значыць, што народная творчасць мае шмат невычэрпных крыніц, якія неабходна берагчы і захоўваць.