Гiсторыя жыцця педагога Івана Ігнатавіча Чартка
Быць педагогам І.І.Чартку было наканавана: мала таго, што нарадзіўся ў сям’і настаўніка, дык яшчэ і ў першы дзень навучальнага года – 1 верасня. Тым не менш, у школу Іван Ігнатавіч прыйшоў не адразу. А як – раскажам падрабязней.

за дзеямі ля млына ў час Ганненскага кірмашу.
СЯМ’Я БАЦЬКОЎ, ДЗЯЦІНСТВА І ЮНАЦТВА
Рос маленькі Ваня ў вёсцы Савічы, што каля Угрыні. Дзяцей у тагачасных вёсках было нямала, і амаль у кожнай была пачатковая школа. Была яна і ў Савічах. І ў ёй з 1944-га і да моманту закрыцця ў 1970-м годзе працаваў загадчыкам бацька хлопчыка – выпускнік Барысаўскага педагагічнага тэхнікума Ігнат Іванавіч Чарток.
Да сярэдзіны 50-х гадоў выпускнікі пачатковых школ здавалі экзамены. І не ў сваёй школе, а ў сярэдняй. Савіцкія чацвертакласнікі ішлі здаваць іспыты ў Дзярэчынскую СШ. Разам са сваім загадчыкам, безумоўна. Навучэнцы Чартка, як правіла, былі лепшымі сярод іншых, і бацька хлопчыка вельмі ганарыўся сваімі вучнямі. І сапраўды: з Савіч выйшла дзесьці чалавек 70 з вышэйшай адукацыяй, сярод якіх нават два кандыдаты навук вырасла. Ці ёсць яшчэ дзе ў Беларусі вёсачка з невялікай колькасцю двароў і такой вялікай колькасцю высокаадукаваных людзей, – невядома. Дык ці не заслуга ў гэтым вясковага настаўніка Ігната Іванавіча Чартка, які столькі гадоў жыцця аддаў навучанню і выхаванню маленькіх дзяцей роднай вёскі?!
Сям’я ў Вані Чартка была вялікай: тата з мамай, трое хлопцаў і дзяўчынка. Усе добра вучыліся, былі гонарам Савіцкай пачатковай, а потым Угрынскай васьмігадовай і на заканчэнне – Дзярэчынскай сярэдняй школ. Ваня сярэднюю адукацыю атрымаў у 1959 годзе і адразу стаў навучэнцам Ваўкавыскага ветэрынарна-заатэхнічнага тэхнікума. Чаму не педвучылішча? Напэўна, ролю адыграла жыццё ў вёсцы. Усе савіцкія жыхары трымалі гаспадарку, а жывёла, вядома, часта хварэе. І прафесія ветурача ці заатэхніка была вельмі запатрабаванай. Юнак паспяхова закончыў тэхнікум і з энтузіязмам пачаў працаваць у Пружанскай ветлячэбніцы. Але, калі прыязджаў дадому, заўсёды бег да бацькі ў школу: так і цягнула да дзяцей. Неяк прыехаў у Савічы былы бацькаў вучань А.В.Бекіш, які сам даўно стаў настаўнікам і дырэктарстваваў у Мала-Лапеніцкай школе Ваўкавыскага раёна. Разгаварыліся. Расказваючы пра свае справы, бацька пажартаваў: “Вось сын, хоць і не спецыяліст, а заваяваў любоў маёй малечы як сапраўдны настаўнік: я сяды-тады давяраю яму ўрокі фізічнай культуры”. Бекіш ажывіўся: “То, можа, пойдзеш, Ваня, да мяне выкладчыкам асноў вытворчасці? Якраз шукаю чалавека, цяжка з кадрамі”.
Параіліся ўсе траіх, і старэйшы Чарток благаславіў сына на настаўніцкую сцяжынку… Ігнат Іванавіч і Вольга Іванаўна Чарткі з захапленнем назіралі за дзеямі ля млына ў час Ганненскага кірмашу.
НАСТАЎНІЦТВА
Справы ў Івана, ужо Ігнатавіча, пайшлі добра, і дырэктар даверыў яму яшчэ і выкладанне рускай мовы і літаратуры ў адным з класаў. Малады настаўнік, паверыўшы ў свае магчымасці як педагога, вырашыў падаць дакументы на філалагічны факультэт БДУ на аддзяленне рускай мовы і літаратуры і шэсць гадоў паспяхова спалучаў працу, вучобу і… абавязкі гаспадара маладой сям’і. Так, Іван Ігнатавіч сустрэў дзяўчыну, якая неўзабаве і стала для яго адзінай на ўсё жыццё любоўю. Яго Вольга Іванаўна працавала на радзіме бацькоў, у Свіслацкім раёне, а ён, як памятаем, у Ваўкавыскім. Там яго цанілі, і з Мала-Лапеніцкай школы перавялі ў Лаўрынавіцкую базавую. Дырэктарам. Сем гадоў – да моманту закрыцця школы як малаколькаснай – працаваў там Іван Ігнатавіч, набіраўся вопыту як настаўнік, кіраўнік і гаспадарнік.
Даведаўшыся аб закрыцці Лаўрынавіцкай школы, загадчык Свіслацкага РАНА П.К.Кніга, сам былы дырэктар і цудоўны педагог, прапанаваў Івану Чартку на выбар некалькі школ. Але і кіраўнікі Ваўкавыскага раёна не хацелі адпускаць энергічнага і працалюбівага спецыяліста. Старшыня райвыканкама У.А.Рудзячэнка ўгаварыў Чартка прыняць Вярэйкаўскую СШ.
Так сям’я маладых настаўнікаў стала працаваць у адной школе. Было вельмі няпроста: у невялікім будынку школы трэба было наладзіць навучанне 700 вучняў. Працавалі ў дзве змены, пачатковыя класы займаліся ў будынку школы-інтэрната. “Як дабіцца фінансавання на будаўніцтва новай і вялікай школы?” – днямі і начамі думаў дырэктар. І тут яму пашанцавала: на выбарах у абласны Савет ён стаў даверанай асобай першага намесніка старшыні аблвыканкама С.А.Пронькі, арганізоўваў сустрэчы з выбаршчыкамі, заадно дзяліўся сваімі праблемамі. І калі Пронька стаў дэпутатам, Іван Ігнатавіч папрасіў яго дапамагчы здзейсніць мару. Выдзеленыя сродкі скарыстаў спаўна і якасна, менш чым за год вярэйкаўскія вучні ўжо пераступілі парог новай прыгожай школы. “Прабіў” дырэктар і аўтобус для падвозу дзяцей з навакольных 15 вёсак, і трактар “Беларус” – для навучання старшакласнікаў прафесіі трактарыста ў вучэбным камбінаце, што дзейнічаў пры школе.
Справы ішлі выдатна. На базе школы прайшоў семінар дырэктараў школ, Іван Ігнатавіч ахвотна дзяліўся вопытам работы з іншымі кіраўнікамі-калегамі. Ён і сам ахвотна вучыўся ў іншых і як “дырыжыраваць” педкалектывам, і як найлепей перадаваць веды вучням. Наведваючы ўрокі сваіх педагогаў, не толькі недахопы заўважаў, але і іх методыку творча перапрацоўваў. Рос і як кіраўнік, і як педагог.
Разам з калектывам настаўнікаў падрыхтаваў і выхаваў дырэктар нямала выдатных спецыялістаў: урачоў, юрыстаў, інжынераў. Начальнік Камітэта дзяржкантролю А.А.Дарожка, старшыня Ваўкавыскага райсавета В.С.Навіцкі – выпускнікі Вярэйкаўскай СШ.
Пасля Вярэек была Пархімаўская школа Бераставіцкага раёна, куды трапіў па настойлівай просьбе загадчыка РАНА Д.М.Дзятчыка. 12 гадоў працаваў там, і толькі першы год работы быў другім у рэйтынгу школ, а астатнія адзінаццаць – толькі першым.
ВЯРТАННЕ НА РАДЗІМУ
Не раз хацелася Івану Ігнатавічу вярнуцца ў родныя мясціны. І бацькі прасілі аб гэтым, калі прыязджаў з сям’ёй праведаць іх. Ды ўсё неяк не выпадала. Але калі памёр бацька, і матуля засталася адна, трэба было рашацца з пераездам. Зайшоў да старшыні райвыканкама М.П.Дзянішчыка, расказаў пра сваю сітуацыю. Той паабяцаў дапамагчы. Запрасіў характарыстыку з месца апошняй работы Чартка, усё ўзважыў і… прапанаваў месца дырэктара ў Зэльвенскай базавай школе. Старэйшыя зэльвенцы памятаюць, у якім стане ў пачатку 90-х быў будынак школы, пабудаванай пасля вайны. Сам Іван Ігнатавіч не спалохаўся аб’ёму работ, а вось Вольга Іванаўна нямала слёз праліла, убачыўшы новае месца будучай працы. У Пархімаўскай школе ўсё было так добра наладжана – толькі працуй з дзецьмі. А тут, як у Вярэйках, усё пачынай з нуля…
Два летнія месяцы не пакідалі пляцоўкі школы дырэктар і яго верная спадарожніца. Райвыканкам не падвёў: сродкі выдзеліў. Але колькі было праблем з аварыйным па-сутнасці будынкам! Раіўся дырэктар і з архітэктарам, і з вопытнымі інжынерамі ды будаўнікамі. Кожны дзень мноства праблем трэба было вырашаць неадкладна, каб дзеці і іх бацькі адчувалі сябе надзейна і на першым, і на другім паверхах школы. А дні мільгалі, як кадры на экране. Трэба было знаёміцца з новым педкалектывам, вучнямі і іх бацькамі, здзяйсняць непасрэдную падрыхтоўку да навучальнага года.
Але Іван Ігнатавіч не наракае на цяжкасці таго перыяду. Лічыць, што ў немалой ступені садзейнічаў адкрыццю гімназіі якраз у тым будынку, які столькі сіл і здароўя каштаваў яму і яго Вользе Іванаўне.
Тут якраз будзе дарэчы сказаць некалькі слоў пра Чартка як выкладчыка, тым больш што ў нас ёсць нямала сведчанняў яго настаўніцкага таленту. Дзявяцікласнікі, якіх вучыў Іван Ігнатавіч у першы год сваёй працы на радзіме, з вялікай любоўю ўспамінаюць урокі настаўніка-дырэктара. “Ён меў права кіраваць і даваць парады іншым, – сцвярджаюць яны. – Яго ўрокі не былі шаблоннымі, кожны ўзбагачаў не толькі трывалымі ведамі па мове ці літаратуры, але і новымі гранямі натуры гарманічнага чалавека. Тады мы проста не разумелі, што за ўсім гэтым стаяла вялікая эрудыцыя, старанная папярэдняя падрыхтоўка да ўрока. Для хлопчыкаў, акрамя ўсяго, Іван Ігнатавіч быў прыкладам адносін да дзяўчынак – будучых жонкі і маці. Урокі літаратуры і ўрокі жыцця былі непарыўнымі. За гэта нізкі паклон Івану Ігнатавічу і ўсяму калектыву школы».
Калектыў і сапраўды быў вельмі кампетэнтны і дружны: настаўнікі пачатковых класаў А.Б.Кароза, Г.П.Кніга, Г.І.Мацко, прадметнікі А.А.Баброўская, С.Я.Баклагова, І.І.Рында, С.А.Семяняка, В.С.Кічук валодалі самымі перадавымі методыкамі, былі “асамі” сваёй справы. Нялёгка было Чартку развітвацца з такімі педагогамі. Хаця чаму развітвацца? Яму проста давялося расшырыць кола знаёмстваў з настаўнікамі ўсяго раёна. Справа ў тым, што праз год вызвалялася месца загадчыка Зэльвенскага РАНА, і М.П.Дзянішчык, які праверыў Чартка ў справе, рэкамендаваў менавіта яго на гэтую адказную пасаду.
У той час у раёне дзейнічала 30 школ (14 сярэдніх, 9 базавых, 6 пачатковых і санаторная школа-інтэрнат) і 22 дашкольныя дзіцячыя ўстановы. У школах навучалася і выхоўвалася каля чатырох тысяч дзяцей, а навучальна-выхаваўчы працэс ажыццяўлялі больш пяцісот настаўнікаў і паўтары сотні выхавальнікаў у садках.
Працуючы ў розных раёнах з рознымі кіраўнікамі аддзелаў адукацыі, Іван Ігнатавіч мог параўноўваць іх стыль кіраўніцтва, бачыць у ім тое, што адпавядала яго характару, яго жыццёваму крэда, мог нешта прымаць і ўдасканальваць, а нешта адкідваць на пэўны час ці ўвогуле…
Вельмі ўдзячны, што дапамагалі яго станаўленню як маладога кіраўніка такога ўзроўню адказныя і граматныя работнікі аддзела: С.У.Баган, М.І.Кароза, А.Я.Кузьміна, З.Ф.Пазняк, М.А.Чэчат і інш. Яны ўмелі працаваць на бліжэйшую і далёкую перспектывы самі і нацэльвалі педагогаў раёна на творчую працу з дзецьмі і іх бацькамі.
Не трэба было мяняць і вопытных дырэктароў, і іх намеснікаў у школах. Творча і кампетэнтна працавалі калектывы СШ №2 (Я.В. Сончык, Ю.А.Лізуноў, С.В.Нічыпар, Д.П.Якімовіч), СШ №3 (І.У.Кавалевіч, Л.Б.Сідорка, І.Р.Хлапоніна), Дзярэчынскай СШ (І.А. Гаўрон, Г.М.Плаўская, В.М.Коўш), Каралінскай СШ (М.П.Сарвас, В.І.Шэйка), Чырванасельскай СШ (С.М.Лойка, В.Д.Мялехіна), Ялуцавіцкай БШ (А.Ц.Карнацэвіч, В.М.Мазец), Аляксандраўшчынскай БШ (В.М. Нагула, Ч.А.Цэйкала), Галынкаўскай СШ (А.М.Кавалевіч, В.М.Барташэвіч), Бародзіцкай БШ (І.С.Валадзько, Л.І.Патаповіч), Елкаўскай СШ (В.П.Філітовіч, Г.С.Гуліс) і інш.
У 1994 годзе на базе дашкольных устаноў раёна прайшоў абласны семінар, які атрымаў вельмі высокую ацэнку ва ўсіх удзельнікаў; шэраг загадчыкаў і выхавальнікаў садкоў былі ўзнагароджаны. Выклікалі захапленне творчыя адносіны да працы Л.Б.Чарнецкай, Л.І.Міляшкевіч, І.М.Конан, Т.А.Гойла, В.Ч. Макарэвіч, В.І.Германовіч, Т.М.Біч. Сам Іван Ігнатавіч прадставіў да ўзнагароды Т.У.Арапіновіч, якая непасрэдна адказвала за падрыхтоўку семінара.
Многае з удзячнасцю да людзей згадваецца Івану Ігнатавічу. Не прападала дарэмна нястомная праца настаўнікаў. Вучні паказвалі выдатныя вынікі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. Нямала было ў школах і медалістаў. Толькі ў 1995 годзе 16 выпускнікоў закончылі школу з сярэбранымі медалямі, а 15 – з залатымі.
КАМАНДЗІР СЯМЕЙНАГА КАРАБЛЯ
57 гадоў прайшло з таго часу, як Іван Ігнатавіч і Вольга Іванаўна вырашылі дзяліць усе жыццёвыя радасці і нягоды сумесна. І яны сапраўды разам усе гэтыя немалыя гады.
Хіба маглі б яны выгадаваць двух цудоўных сыноў, калі б не дапаўнялі адзін другога?! Старэйшы сын і прафесію бацькоў пераняў у спадчыну, і ў жонкі настаўніцу выбраў. Малодшы, хоць не сам, дык жонка – педагог. Не перарываецца настаўніцкая дынастыя Чарткоў!
А старэйшыя Чарткі – па-ранейшаму прыклад для сыноў, нявестак і ўнукаў. Унукаў у іх чацвёра, і ўсе – з вышэйшай адукацыяй. Тры гады таму ўнучка Аляксандра падарыла дзядулю з бабуляй праўнучку Ксенію.
Разам з Вольгай Іванаўнай у сям’і Чаркоў – сямёра педагогаў. “Цэлы педсавет, – жартуе яна. – Як сабяромся, то найболей размоў пра школу: ніяк не можам забыць тыя нялёгкія, але такія шчаслівыя гады настаўніцтва. І кіраваць гэтым сямейным педсаветам давяраем толькі Івану Ігнатавічу.” Надзейная кандыдатура!
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены