Новую калекцыю касцюмаў у беларускім стылі прапаноўваюць зэльвенцам і гасцям работнікі РУП БА
Арганізатары штогод імкнуцца надаць Ганненскаму кірмашу нацыянальны каларыт і запрашаюць зэльвенцаў прыходзіць на свята ў беларускім строі. Бо менавіта нацыянальнае адзенне адлюстроўвае мясцовыя традыцыі і стыль мінулай эпохі. Пасля мовы (бо “спачатку было слова”) народнае адзенне (“па адзенні сустракаюць”) – найважнейшая этнічная адметнасць.
Новую калекцыю касцюмаў у беларускім стылі прапаноўваюць зэльвенцам і гасцям работнікі раённага ўнітарнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання. Мадэлі распрацаваны вядучым інжынерам-тэхнолагам Ларысай Сасноўскай. Непасрэдна пашывам адзення займаецца Ірына Тарыма.
– Народны строй мае сваю аўру, стварае радасны настрой, – разважае Ларыса Мікалаеўна. – Гэта сімвал урачыстасці. Нацыянальныя касцюмы беларусы заўсёды апраналі на вялікія святы. Нам трэба пакрысе вяртацца да гэтых традыцый.
Стыльныя льняныя сукенкі прыйдуцца да-спадобы жанчынам, элегантныя сарафаны – дзяўчатам. Для мужчын прапаноўваюцца прыгожыя камфортныя кашулі.
Эксклюзіўны сюрпрыз чакае сямейныя пары: сукенка і кашуля, пашытыя ў адным стылі і аздобленыя элементамі нацыянальнага арнаменту бела-чырвона-зялёнага колеру, будуць вельмі актуальнымі падчас Ганненскага кірмашу. Дарэчы, нацыянальны арнамент, па меркаванні распрацоўшчыкаў мадэляў, з’яўляецца своеасаблівым абярэгам, які прыдае веры ў свае сілы, упэўненасць, ахінае ад зайздросных вачэй.
Арыгінальным дапаўненнем да касцюмаў будзе жаночаясумка з сімволікай Ганненскага кірмашу, павязка для валасоў і кепка.
Купіць ці заказаць касцюмы можна ў атэлье прадпрыемства. Таксама прымаюцца заяўкі і на індывідуальны пашыў па фасонах, распрацаваных заказчыкам.
Тэлефон для даведак 2-40-46.
Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.