«Няхай жыве дзяцінства!». Свята радасці, надзеі і бясхмарнага шчасця пад мірным небам прайшло ў Зэльве
Традыцыйна 1 чэрвеня зэльвенскіх хлопчыкаў і дзяўчынак чакала насычаная і разнастайная святочная праграма “Няхай жыве дзяцінства”, якая зрабіла першы летні дзень незабыўным.
На мерапрыемстве, асноўныя лакацыі якога разгарнуліся на летняй эстраднай пляцоўцы пасёлка, прысутнічалі ганаровыя госці: намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Лойка, загадчык сектара культуры райвыканкама Галіна Раманчук.
– У знакавы дзень мы, дарослыя, можам сцвярджаць: у тым, што раённая сістэма адукацыі паводле вынікаў мінулага года заняла 3-е месца ў вобласці, ёсць і заслуга дзяцей. Многія з вас, актыўныя ўдзельнікі спартыўных і культурных мерапрыемстваў, праславілі нашу Зэльвеншчыну за межамі Беларусі, – адзначыў Сяргей Мікалаевіч і павіншаваў усіх прысутных са святам.
Важна, каб дзеці раслі ў атмасферы дабрыні, увагі, клопату: менавіта ў раннім узросце фарміруецца характар, асоба чалавека. Як падкрэсліў прадстаўнік улады, у раёне для гэтага створаны неабходныя ўмовы і юным зэльвенцам прывіваюцца правільныя каштоўнасці.
Сімвалічна, што ў гэты дзень пуцёўкі ў лета атрымалі прадстаўнікі прышкольных аздараўленчых лагераў. Фактычна быў дадзены старт летняй аздараўленчай кампаніі 2024 года.
Паколькі ні адно свята дзяцінства не абыходзіцца без прыгод і сюрпрызаў, вяселля і смеху, дзеці і дарослыя паўдзельнічалі ў шматлікіх актыўнасцях. Вядучыя павіншавалі школьнікаў з пачаткам летніх канікул, запрасілі дзяцей усіх узростаў на тэатралізавана-забаўляльную праграму, у якой задавалі тон любімыя героі цудоўных дзіцячых кніг.
Аўдыторыя з вялікім задавальненнем падхоплівала сучасныя танцавальныя рытмы, падпявала спевакам, уключылася ў гульні з раставымі лялькамі. Маленькія жыхары раёна паўдзельнічалі ў гульні “Спешыял Алімпікс”, у спартыўных спаборніцтвах на самакатах. Цікавыя конкурсы нікога не пакінулі абыякавым.
Нямала жадаючых прынялі ўдзел у майстар-класе ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Лета на памяць”. Дарэчы, дадзеная ўстанова арганізавала сэлфі-вугалок, запрасіла дзяцей і на 3D-гульню “Крыжыкі-нулікі”.
Пленэр і майстар-клас па харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў надалі адмысловы каларыт святочнай праграме. Злучыліся разам і творчы працэс, і смех, і радасныя ўсмешкі дзяцей…
У час работы арт-студыі па выяўленчым мастацтве гімназіі №1 вучаніцы адлюстравалі кветкі – сімвал дабрыні, цяпла і лета. Тарзанка «па-новаму» ад сярэдняй школы №3, воднае шоу ад выратавальнікаў прыцягнулі ўвагу вялікай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак.
З клопатам пра змястоўны, цікавы, карысны, і самае галоўнае– бяспечны адпачынак, прадстаўнікі рэспубліканскага аб’яднання выратавання на водах, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях напомнілі ўдзельнікам мерапрыемства і аб правілах паводзін.
Ахову правапарадку забяспечвалі супрацоўнікі РАУС, дзяржаўтаінспекцыі. Неслі варту медыкі, працаваў фуд-корт.
Мультпарадам у кіназале “Феерыя” завяршылася доўгачаканае свята чэрвеня. Яго арганізатары пастараліся зрабіць так, каб гэты дзень быў насычаны яркімі падзеямі і добрым настроем. Няхай і лета-2024 для зэльвенскай дзетвары будзе толькі пазітыўным!
Любоў ШЭЙКА
Фота Iрыны ШАБАЛОЎСКАЙ
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены