Няхай добрым будзе шлях!
Так выпала, што прафесійнае свята дарожнікаў прыходзіцца на самую клопатную для іх пару. Каб паспець да непагадзі, завяршаюцца летнія праекты, і ўжо з новымі сіламі ідзе ўзмоцненая падрыхтоўка да зімы.
Каб пацікавіцца надзённымі справамі напярэдадні свята, карэспандэнт “Працы” завітаў у ДРБУ-118.
– Кожны рабочы дзень, – расказвае начальнік арганізацыі Андрэй Казлоўскі, – пачынаем з планёркі, – на якую збіраюцца кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў. Менавіта тут падводзяцца вынікі зробленага, размяркоўваюцца заданні.
Многія нашы мясцовыя дарогі выпрацавалі свой тэхнічны рэсурс і патрабуюць ка-пітальнага рамонту. Таму іх утрыманню ўдзяляем асаблівую ўвагу, сочым за тым, каб круглы год яны адпавядалі ўсім патрабаванням бяспекі. Штогод асфальтуем хоць па некалькі кіламетраў малаўладкаваных дарог.
З пачатку года зроблена работ і аказана паслуг на 15 млрд. 367 млн. рублёў. У прыватнасці, праведзены рамонт участкаў аўтамабільных дарог Зэльва–Галынка–Вострава, Бярэжкі–Караліно, на якіх укладзены асфальтабетон.
– У канцы кастрычніка, – дзеліцца планамі Андрэй Пятровіч, – будзе здадзены ў эксплуатацыю ўчастак дарогі Бародзічы–Хамічы працягласцю 4,2 км. Перад тым, як пакласці асфальтабетон паміж вёскамі Бязводна і Паўлавічы, арганізавалі вялікую падрыхтоўчую работу. Спачатку правялі рамонт старых і ўстройства новых водаадводных труб, іншых інжынерных камунікацый. Затым выраўнялі дарожнае палатно, ушчыльнілі яго катком, цяпер рыхтуем прыдарожныя адкосы пад пасеў траў. Усе гэтыя работы вядуцца пад кіраўніцтвам прараба Андрэя Марцуты. Укладка асфальтабетону даручана самаму вопытнаму машыністу Аляксандру Буцько. Пасля завяршэння работ, праезд па гэтым участку дарогі пры любым на-двор’і стане больш камфортным і бяспечным.
– Умовы гаспадарання сёння не такія, як, скажам, 2–3 гады таму, – аналізуе кіраўнік. – Акрамя асноўных відаў работ па абслугоў-ванні дарог, працуем па прамых дагаворах з арганізацыямі. Сёлета праводзілі рамонтныя работы: устанаўлівалі бардзюры і ўкладвалі асфальт па вул. Наруша ў Зэльве і дзвюх вуліцах у мікрараёне “Бародзічы-2”, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю каля новых дамоў у вёсцы Галынка, ферм СВК “Караліно”, “Сынкавічы” і СГФ “Дабраселецкі”. Я называю больш значныя аб’екты. Акрамя гэтага грэйдзіруем дарогі з гравійным пакрыццём, чысцім прыдарожныя палосы, праводзім ямачны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця. Афарбоўка бар’ерных агароджаў, аўтапавільёнаў і дарожных знакаў, уборка смецця, якое выкідваюць з машын несумленныя вадзіцелі , – усё гэ-та ўваходзіць у абавязкі нашай службы. А зімой яшчэ дабаўляецца ачыстка дарог ад снегу і пасыпка іх супрацьгалалёднай сумессю. Дарэчы, з 1 лістапада пераходзім на зі-мовае ўтрыманне дарог.
Мінулая зіма паказала сябе ва ўсёй красе, падсыпаўшы разам са снегам клопатаў усім службам раёна, а найбольш – дарожнікам. Таму сёлета падрыхтаваліся да яе наступлення грунтоўна. Адрамантавана неабходная тэхніка. Падрыхтавалі вешкі, шчыты, пясчана-солевую сумесь. Зноў жа-такі з 1 лістапада пачне кругласутачна працаваць дыспетчарская служба, у якую будзе сцякацца ўся інфармацыя па кантролі за станам дарог. Невядома, якой будзе цяперашняя зіма. Але, думаю, мы справімся. Адзінае, хочацца папрасіць людзей быць цярплівымі і лаяльнымі, не абурацца з нагоды і без яе, а знаходзіць паразуменне.
Патрабаванні да ўтрымання дарог узрастаюць з кожным годам. Высокі прафесіяналізм дарожнікаў, добрая матэрыяльна-тэхнічная база арганізацыі дазваляюць паспяхова выконваць гэтыя работы.
Кіраўніцтва ДРБУ стараецца па заслугах ацаніць дзейнасць кожнага падраздзялення, кожнага члена калектыву. Добрасумленная праца многіх зэльвенскіх дарожнікаў была адзначана на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-годдзю КУП “Гроднааблдарбуд”. Ганаровымі граматамі галаўной арганізацыі ўзнагароджаны прараб Андрэй Марцута, машыніст пагрузчыка Аляксандр Канаховіч, трактарыст Мячаслаў Змуршчык. Падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама адзначаны аўтагрэйдэрыст Юрый Хахулін і экскаватаршчык Васілій Калюта.
Каля трыццаці гадоў сумленна працуюць у ДРБУ-118 прараб Леанід Гаўрылік, інжынер Любоў Сідорка. Добрасумленна выконвае свае абавязкі майстар участка драбільна-сартавальнага кар’ера “Кашалі” Аляксандр Камышан.
Паспяхова спраўляюцца з даведзенымі заданнямі дарожныя рабочыя Алег Аліеў і Валянцін Горбач, аўтагрэйдэрыст Алег Баравік і машыніст пагрузчыка Васілій Ясюкевіч. Старанна працуе брыгада па ўкладцы асфальтабетону, ад работы якой у многім залежыць своечасовая здача аб’ектаў.
Добрых слоў заслугоўваюць машыністы каткоў Аляксандр Мацкевіч і Сяргей Марцута, вадзіцелі Валянцін Каляда, Ігар Марцута, Віктар Парфіновіч, Фёдар Сцепанчук, трактарыст Мікалай Рогаў і іншыя.
…Каб знайсці новы шлях, трэба сысці са старой дарогі. У гэтую народную мудрасць работнікі дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення №118 укладваюць асаблівы сэнс.
Матэрыялы старонкі падрыхтаваў Віктар МАКОЎСКІ.




