Откуда силы? От земли
Усё жыццё Часлава Мілюка , упраўляючага трэцяга вытворчага ўчастка філіяла “Князева”, звязана з зямлёй. Сумленная праца на ёй адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.
Нарадзіўся Часлаў Мілюк на Зэльвеншчыне. Як і многія хлопцы, марыў стаць механізатарам – на вёсцы тады гэта прафесія лічылася самай паважанай.
Пасля заканчэння Казлоўшчынскага вучылішча працаваў механізатарам у мясцовым калгасе імя Мічурына. Затым была служба на далёкай Поўначы (плаваў на падводнай лодцы), за якую атрымаў шмат заахвочванняў ад камандавання. Вярнуўшыся дадому, вырашыў прадоўжыць механізатарскую справу, тым больш што ў калгасе яго чакалі. Так і стаў працаваць на гусе-нічным трактары ДТ-54.
Хутка імя Мілюка загучала на ўвесь раён. З’явіліся першыя ўзнагароды– два бронзавыя медалі ВДНГ СССР і ордэн “Знак Пашаны”. У той час ён быў самым маладым механізатарам, адзначаным такой высокай урадавай узнагародай.
Праз некаторы час у працоўным лёсе Часлава Антонавіча адбыліся значныя змены.
– На адным з пасяджэнняў праўлення старшыня калгаса прапанаваў мне падмяніць загадчыка вытворчага ўчастка, – успамінае Мілюк. – Спачатку як мог адмаўляўся, а потым даў згоду. Падумаў, адпрацую вызначаны перыяд, а потым зноў перасяду на трактар.
Да новых абавязкаў Часлаў Антонавіч таксама ставіўся адказна. Каб усюды паспець, на працу прыходзіў на досвітку, дахаты вяртаўся за поўнач. За час работы механізатарам паспеў набыць пэўныя навыкі па агратэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур і апрацоўцы глебы, але іх было недастаткова. Таму прыходзілася вучыцца, пераймаць вопыт у калег-спецыялістаў. Гэта не магло не заўважыць кіраўніц-тва калгаса, таму было прынята рашэнне пакінуць Мілюка на пасадзе загадчыка ўчастка. І не памылілася. На працягу многіх гадоў вытворчы ўчастак, які ён узначальваў, быў лепшым у раёне.
У 1986 годзе за высокія дасягнутыя поспехі ў вытворчасці сельскагаспадарчых культур і выдатную працу Часлаў Мілюк быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У той час гэта была трэцяя па значнасці ўрадавая ўзнагарода.
Пасля аб’яднання калгаса імя Мічурына з “Прагрэсам” Чаславу Мілюку даручылі ўзначаліць трэці вытворчы ўчастак, плошча якога складала па памеры ўсю былую гаспадарку.
Хутка ляцяць гады. І вось ужо сёлетняй вясной Часлаў Антонавіч прымаў віншаванні ад кіраўніцтва філіяла, калег, родных і сяброў з 60-гадовым юбілеем. Нягледзячы на паважаны ўзрост, на адпачынак юбіляр не збіраецца. Прызнаецца, што без земляробскай працы жыць не можа.
Як і ў маладосці, Часлаў Антонавіч і сёння прыходзіць на поле з хваляваннем. Радуецца ўсходам і важкаму коласу. Занатоўвае назіранні і робіць прагнозы на будучае, уважліва слухаючы голас зямлі. Упэўнены: ён і на гэты раз дакладна падкажа правільны шлях да багатага ўраджаю.