Паўвека шчасця на дваіх
Крочыць поруч паўвека ў шчасці і згодзе ўдаецца нямногім. Нездарма пяцідзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця называюць залатым, такім чынам указваючы на высокую пробу пражытых разам каштоўных гадоў. Сёння, у Дзень святога Валянціна, жыхары вёскі Косцевічы Ганна Аляксандраўна і Віктар Міхайлавіч Мацюкі адзначаюць важную ў іх сям’і падзею – залатое вяселле.
Гісторыя кахання гэтых людзей пачалася ў далёкім і такім дарагім сэрцу кожнага 1963 годзе. Віктар вярнуўся з арміі ў родную вёску, уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку. І не думаў тады, што менавіта тут спаткае сваю другую палавінку. Праз дзясяткі гадоў з асаблівым пачуццём успамінае, як не зводзіў вачэй з найздатнейшай з усіх дзяўчат. “Я і сёння на сваю Ганначку наглядзецца не магу”, – заўважае мужчына.
Любаваўся, як завіхаецца яна на працы, і ў думках марыў, што абавязкова калі-небудзь возьме яе ў жонкі. Юнака запрыкмеціла і Ганна. Жвавага, вясёлага і надзейнага.
Сустракаліся каля года. Агеньчык кахання паступова запаланіў іх сэрцы. Маладыя людзі вырашылі ажаніцца.
– Якое ж багатае вяселле было ў нас! – успамінаюць муж з жонкай. – Гулялі ажно тры дні. Вясёлы гармонік, гаманлівыя госці, шчырыя віншаванні. Гудзела ўся вёска.
А потым пачалося звычайнае сямейнае жыццё са сваімі будзённымі клопатамі. Маладая жонка перайшла жыць да мужа. У руках жанчыны гарэла любая справа. Яна паспявала ўсюды: і па гаспадарцы, і ў хаце, і ў полі працавала да сёмага поту. А яшчэ ткала і прала. Віктар заўсёды падтрымліваў Ганну, быў ёй ва ўсім надзейнай апорай. З першых дзён ніколі не дзялілі работу на мужчынскую і жаночую, стараліся выконваць усё супольна. Уступаць у спрэчках, паважаць адзін аднаго і… верыць. Менавіта так Мацюкі вызначаюць сакрэт сямейнага дабрабыту і згоды.
З вялікай пяшчотай малады тата ўзяў на рукі свайго першынца – дачушку Ча-славу. Затым з’явіліся Леакадзія і Віктар. Выхоўвалі дзяцей уласным прыкладам. З цеплынёй дзеці гавораць, што бацькі ў іх строгія, але добрыя, шчырыя і спагад-лівыя. У кожнага з ранніх гадоў былі свае абавязкі па доме. І парадак навесці, і жывёлу дагледзець, і ў агародзе папрацаваць.
Гаспадары, нават знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не сядзяць склаўшы рукі. І цяпер трымаюць жыўнасць: трэба ж дзецям дапамагаць.
У Віктара Міхайлавіча і Ганны Аляксандраўны шасцёра ўнукаў і трое пацешак-праўнукаў. Яны не забываюць наведваць бабулю з дзядуляй. Ведаюць, што тут іх вельмі любяць і заўсёды чакаюць.
Павіншаваць юбіляраў збяруцца самыя дарагія ім людзі. Гэтае свята стане для іх яшчэ адным знамянальным днём, які будзе ўпісаны залатымі літарамі ў сямейны летапіс пад назвай “Два любячыя сэрцы”.
Наталля Мацюк.