Пад стук вагонных калёс
3 жніўня сваё прафесійнае свята – Дзень чыгуначніка – адзначаць работнікі стальных магістраляў. Многія з іх у гэты дзень будуць знаходзіцца на рабочых месцах: дзяжурыць на станцыях, працаваць на цепла- і электравозах, у білетных касах і вагонах. Усё дзеля таго, каб у вызначаны час адправіліся ў добры шлях пасажырскія і грузавыя цягнікі…
Тут сустракаюць і праводзяць цягнікі
Чыгуначная станцыя “Зэльва” – не самая буйная ў Баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі. Тым не менш, уклад яе калектыву ў падтрыманне ня-спыннага і надзейнага руху на зэльвенскім участку рэйкавай магістралі – вялікі. Усё дзякуючы зацікаўленаму ў сваёй справе кіраўніку.
Начальнік станцыі Уладзімір Мурын – патомны чыгуначнік. На зэльвенскім участку працавалі яго прадзед, дзед, бацька. Таму справу ён ведае дасканала. Тым больш, што за сорак гадоў працы на чыгунцы ён прайшоў шлях ад пуцейца, стрэлачніка да кіраўніка структурнага падраздзялення. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам калектыў паспяхова спраўляецца са сваімі задачамі: дынамічна паляпшае паказчыкі і забяспечвае безаварыйную работу на станцыі. За такія выдатныя поспехі Уладзімір Мікалаевіч адзначаны Ганаровай граматай Беларускай чыгункі і памятным
юбілейным знакам.
– Праца на чыгунцы патрабуе ад чалавека максімальнай сабранасці, увагі і дысцыпліны, – гаворыць Уладзімір Мурын. – Ад нас у многім залежыць на-дзейны і няспынны рух цягнікоў, перавозка пасажыраў і грузаў.
Сёння з нашай станцыі можна дабрацца без перасадак амаль у любы абласны цэнтр Беларусі, у буйнейшыя гарады Расіі і Украіны. Значна ўзрасла інтэнсіўнасць руху: за суткі па нашым участку магістралі праходзіць каля трыццаці цягнікоў. З пачатку года перавезена 41,5 тысяч тон народнагаспадарчых грузаў і 268 тысяч пасажыраў. Зменшылася колькасць пра-стояў вагонаў пад пагрузкай і выгрузкай.
Не спыняюцца на ўчастку і рамонтныя работы. Гэтым летам пад рэстаўрацыю падпаў участак нашай магістралі ад Баранавіч да Гродна. У сувязі з гэтым пастаянна ўносяцца карэктывы ў графік руху цягнікоў: некаторыя прыгарадныя і нават міжнародныя пасажырскія маршруты часова прыпыняюцца. Таму, каб даведацца аб зменах у раскладзе руху чыгуначнага транспарта, не лішнім бу-дзе патэлефанаваць дзяжурнаму па станцыі або білетнаму касіру.
Хутка для павышэння якасці абслугоўвання пасажыраў бу-дзе ўведзена ў эксплуатацыю сучасная электронная білетная сістэма “Экспрэс-3”. Гэта навінка дазволіць касіру ў кароткі тэрмін знайсці дакладную інфармацыю пра ўсе цягнікі нашай і суседніх краін: час адпраўлення з пэўнай станцыі, наяўнасць свабодных месцаў, кошт білетаў.
Эфектыўнасць працы зэльвенскіх чыгуначнікаў абумоўлена высокім прафесіяналізмам кожнага работніка, іх неабыякавымі адносінамі да справы. Так, адказнасць за парадак і бяспеку руху ўскла-дзена на вопытных дзяжурных па станцыі Мікалая Мілейку, Ганну Папко, Алену Сямашка, Алену Рысюк і Вячаслава Таранеўскага.
Хутка і дакладна арганізуюць работы па прыёмцы і адпраўцы народнагаспадарчых грузаў прыёмаздатчыкі Васілій Касперчык, Наталля Малей і Ганна Голуб.
Аб рабоце зэльвенскай чыгуначнай станцыі людзі могуць меркаваць па рабоце білетных касіраў Алы Грасевіч, Іны Лойка і Святланы Булыга. Яны не толькі выдадуць білет, але і дапамогуць пасажыру ў складанай сітуацыі.
У адказе за чыгуначнае палатно
Каб магістраль працавала без нараканняў, яе пастаянна трэба ўтрымліваць у належным стане. Гэту важную задачу выконвае калектыў 3-га акалодка Ваўкавыскай дыстанцыі пуці, які ўзначальвае майстар Аляксандр Кніга. Пасля заканчэння Брэсцкага чыгуначнага тэхнікума ён доўгі час працаваў брыгадзірам і зарэкамендаваў сябе граматным і адказным спецыялістам. Таму не дзіўна, што кіраўніцтва Ваўкавыскай ды-станцыі вызначыла менавіта яго на гэтую пасаду.
Круглы год у спякоту і холад, снег і дождж пуцейцы трох брыгад сочаць за станам чыгуначнага палатна, займаюцца абслугоўваннем участка чыгуначнай магістралі працягласцю 28 км, у які ўваходзяць станцыі “Зэльва” і “Азярніца”.
У дзень нашага наведвання пуцейцы трэцяга акалодка знаходзіліся непадалёку ад пераезду каля станцыі “Зэльва”, дзе разам з іншымі падраздзяленнямі Ваўкавыскай дыстанцыі з дапамогай магутных кранаў дарожнага рамонтнага цягніка вялі замену стрэлачнага пераводу пуці. Пасля заканчэння гэтых работ палепшыцца надзейнасць і хуткасць праходжання цягнікоў па станцыі.
– Гэты год для нас даволі напружаны, – гаворыць Аляксандр Анатольевіч, – што ў першую чаргу звязана з мадэрнізацыяй галоўнай магістралі ад Баранавіч да Гродна. Мы правялі капітальны рамонт прыёма- адправачнага пуці на станцыях “Зэльва” працягласцю 1 км і “Азярніца” – 2 км. Замест драўляных шпал былі ўстаноўлены бетонныя, металічныя рэйкі замянілі больш дасканалымі. Акрамя гэтага, на ўсіх 28 кіламетрах галоўнага пуці праводзілі бягучы рамонт і абслугоўванне.
Якасць выконваемых работ правярае вагон-вымяральнік, які штомесячна праходзіць па пуцях, кантралюе бяспеку стану чыгуначнага палатна і выдае інфармацыю аб парушэннях на дарозе. Задача чыгуначнікаў – своечасова іх выправіць.
Паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі брыгадзіры браты Валерый і Юрый Бокій, Аляксандр Бакуш. Павагай і за-служаным аўтарытэтам карыстаюцца ў калектыве вадзіцель Юрый Рыбак, трактарыст Віктар Боцька, старшыя манцёры пуці Вадзім Шнэйдар і Яўгеній Папоў, манцёры Валерый Голуб і Аляксандр Лабовіч.
Побач з пуцейцамі на замене стрэлачнага пераводу працавалі сувязісты 47-га акалодка Лідскай дыстанцыі сувязі і сігналізацыі, у кампетэнцыі якіх – рамонт і абслугоўванне абсталявання электрычнай цэнтралізаванай сістэмы, якая “кіруе” рухам на 35-кіламетровым адрэзку чыгуначнай магістралі. Шмат гадоў працуюць у гэтым калектыве старшы электрамеханік Аляксандр Кедала і механік Аляксандр Кандак.
Высока цэніцца на станцыі і работа электраманцёраў Ваўкавыскага раёна электрычных сетак Баранавіцкага аддзялення чыгункі Сяргея Шлыка і Аляксандра Алюшкевіча. Яны забяспечваюць падачу электра-энергіі і абслугоўваюць электраабсталяванне на станцыі і магістралі.
Кантроль за спецыялізаванай сістэмай, якая ў адказе за хадавую частку вагонаў і цягнікоў, ажыццяўляюць электрамеханікі Аляксандр Шастак і Аляксандр Сонец.
Напярэдадні свята віншуем усіх чыгуначнікаў і жадаем моцнага здароўя, бяспечнай працы і ўдзячных пасажыраў.
Віктар МАКОЎСКІ.