Падарожжа ў ШЧУЧЫН
Імёны асветнікаў – гонар беларускага кнігадрукавання
У першую нядзелю верасня ў нашай рэспубліцы, пачынаючы з 1994 года, адзначаецца свята беларускага пісьменства, якое ўвасабляе адзінства друкаванага слова і гісторыі народа, яго цесную сувязь са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства, далучэнне да духоўных святыняў. А імі, як правіла, былі калісьці рэлігійныя цэнтры, якія з’яўляліся сапраўднымі асяродкамі культуры, ведаў, духоўнасці.
Першай сталіцай свята пісьменства стаў Полацк (1994, 2003) – калыска беларускай дзяржаўнасці і культуры, горад, звязаны з імёнамі першай асветніцы Еўфрасінні Полацкай і першадрукара Францыска Скарыны. Паспеўшы стаць традыцыйным, свята прайшло па знакамітых цэнтрах беларускай асветы, сярод якіх Тураў (1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (2000, 2014), Мсціслаў (2001), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Шклоў (2007), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Глыбокае (2012), Быхаў (2013).
Як правіла, кожнае свята пакідае знакі павагі да людзей, якія сваім служэннем Айчыне засталіся ў гістарычнай памяці народа. Так, у г.Мсціславе ўстаноўлены помнік Пятру Мсціслаўцу, у Полацку – Еўфрасінні Полацкай і Сімяону Полацкаму, і нават літары “Ў”, у Гомелі – Кірылу Тураўскаму, каля Навагрудка – святому Елісею Лаўрышаўскаму, у Мінску – Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.

