Партызанскія і міліцэйскія сцяжынкі Аляксандра Галавача

Так сталася, што лёс А.І. Галавача, селяніна па нараджэнні, вызначыла не праца на зямлі, а служба і барацьба. Служба ў войску, партызанах і барацьба са знешнім ворагам; служба ў міліцыі і барацьба з бандамі пасля вайны.

ДАВАЕННАЕ ЖЫЦЦЁ

Аляксандр Галавач рос у вёсцы Залацеева, калі наша тэрыторыя належала Польшчы. Зямлі ў сям’і было мала, жылі бедна. Тым не менш, бацькі марылі даць дваім сынам – Аляксандру і Пятру – добрую адукацыю. Таго ж хацелі і прагныя да ведаў хлопцы. Ды, на жаль, рэчаіснасць не дазволіла здзейсніцца гэтым планам. Праўда, пачатковую школу браты закончылі. Ужо і гэта было нядрэнна, бо многія іх равеснікі ўвогуле маглі наведваць школу толькі 1-2 зімы (з вясны да восені дзеці дапамагалі бацькам па гаспадарцы). Добрымі памочнікамі былі і маладыя Галавачы, але і вучыцца не пераставалі: займаліся самаадукацыяй. Таму калі Аляксандра прызвалі ў польскае войска, ён лічыўся там досыць адукаваным чалавекам. Служыў у Торуні, радзіме Мікалая Каперніка. У вольны ад службы час можна было паблукаць па старажытных вуліцах, наведаць дом-музей Каперніка, палюбавацца гатычнымі касцёламі XIII-XIV ст. Дадому салдат пісаў часта, з захапленнем расказваў пра ўбачанае, прасіў малодшага брата больш чытаць, пазнаваць творы мастацтва. Калі б не вайна, магчыма, Аляксандр знайшоў бы і сам шлях да навукі…

Мужна змагаліся польскія і беларускія воіны супраць фашыстаў у верасні 1939-га, ды сілы былі на баку тых, хто даўно рыхтаваўся да вайны. Асноўная тэрыторыя Польшчы адыйшла да немцаў. Заходняя Беларусь стала часткай БССР.

Гэта дазволіла воінам-беларусам вярнуцца ў родныя мясціны, і да чэрвеня 1941 года займацца мірнай справай. Аляксандр Галавач пайшоў служыць у міліцыю.

КАМАНДЗІР ПАРТЫЗАНСКАГА ЎЗВОДА

Нядоўгай была мірная перадышка. Немцы занялі Зэльвеншчыну ў першыя дні вайны. Чакаць ад іх дабра не выпадала. Трэба было рыхтавацца да барацьбы з ворагам. Аляксандр з Пятром збіралі зброю, што засталася пасля адступлення Чырвонай Арміі, дапамагалі маці (бацькі ўжо не было ў жывых) па гаспадарцы. Дамовіліся, што малодшы застанецца дома, будзе перадаваць у лес звесткі, а Аляксандр стане партызанам. І як толькі пачалі ўзнікаць першыя атрады мсціўцаў, Аляксандр падаўся да іх. Ішоў не з пустымі рукамі – са зброяй. Яе нёс кожны, хто ішоўу атрад, але зброі катастрафічна не хапала, каб пачаць сур’ёзную барацьбу з ворагам.

А між тым разрозненыя атрады аб’ядналіся ў адзін – “3649” (такі быў нумар вайсковай часці Б.А. Булата, які стаў камандзірам агульнага атрада). Намеснікам камандзіра выбралі П.І. Булака. Аляксандр Галавач узначаліў адзін са ўзводаў атрада імя Будзённага. Першая вылазка за зброяй узвода Галавача была на дарогу Слонім-Зэльва. Месца добра знаёмае. Аляксандр спыніў сваіх хлопцаў каля пашкоджанага мосціка, разлічваючы, што машыны ворага тут прыпыняцца, і іх лёгка абстраляць. Так яно і атрымалася: тры машыны, адна за адной, затармазілі. Партызаны адкрылі агонь па кабінах.

Але не заўважылі, што на апошняй машыне шмат немцаў, якія саскочылі на дарогу і пачалі страляць. Тут ужо не да трафеяў, уратававацца б самім. Злосныя і незадаволеныя сабой, з пустымі рукамі, вярталіся назад. Добра, што адзін з воінаў успомніў пра знаёмага хута раніна, які меў схаваную зброю. І сапраўды, гаспадар добра нагрузіў партызан: цэлых дзве скрыні з патронамі перадаў!

Паступова задачы партызан ускладняліся. Ужо было з чым выступаць супраць ворага. Навучыліся выплаўляць тол са снарадаў, у адным з баёў раздабылі газагенератарны грузавік, выцягнулі са дна Шчары два бранявікі і танкетку. Атакавалі двухматорны транспартны самалёт, што прызямліўся каля Ланцавіч, злілі бензін, а ў азлоўшчыне адваявалі бочкі са скіпідарам – атрымалася гаручае. Раздабылі і акумулятар: кінутай з 1941 года тэхнікі хапала.

Удалося разграміць гарнізон у Рудзе Яварскай, што дазволіла ўстанавіць кантроль над даволі значнай тэрыторыяй. Пасля задумалі знішчыць паліцэйска-жандарскі ўчастак у Галынцы. Узвод Галавача праз клімавіцкія балоты ішоў на падмогу танкістам Валетава і коннікам Булака. Вартавы не адразу зразумеў, чыя бронемашына набліжаецца да ўчастка. Гэтым скарысталіся партызаны… Больш месяца спатрэбілася немцам, каб узнавіць апорны пункт у Галынцы.

У снежні 1942 года была створана Ленінская брыгада, камандзірам якой стаў Ф.М. Сінічкін, начальнікам штаба – Б.А. Булат. Атрад “3649” перадалі П.І. Булаку. І якраз у гэтыя дні ў Вострава прыбылі карнікі з танкамі і бронемашынамі для знішчэння партызан. Каб не трапіць у засаду, трэба было фарсіраваць Шчару і перабірацца ў дубраўскія лясы. Лёд на рацэ быў ненадзейны, і партызаны скарысталіся лодкамі мясцовых жыхароў. Прарубваючы сякерамі лёд, усю ноч перапраўляліся на процілеглы бераг. Не паспелі трохі аглядзецца, як з боку Вострава, Барукоў і Сліжоў Падграбельных паявіліся на аўтамашынах немцы і пачалі спускаць на ваду пантоны. Булак пачакаў, пакуль дойдуць да сярэдзіны ракі, і даў каманду знішчыць плывучы мост. У гэтым месцы ворагам пераправіцца не ўдалося. Тады знайшлі другое, прыдатнае да пераправы. Суткі вёўся няроўны бой, і на другія немцы ўсё ж перабраліся праз Шчару. Партызаны адыйшлі. Узвод Галавача залёг на могілках. У гарачцы бою не заўважылі, як апынуліся ў акружэнні. Мала каму ўдалося прарвацца да сваіх…

Пачаліся непамерныя мучэнні. Мароз, а вогнішча распаліць нельга, зямлянак няма, ежы так-сама. З цяжкасцю адарваліся ад праследавання. Толькі праз два тыдні знялі фашысты блакаду, упэўненыя, што расправіліся з партызанамі. Пасля гэтых выпрабаванняў атрад “3649” вырашылі перайменаваць у “Перамогу”.

… Прымаў Галавач удзел і ў “рэйкавай вайне”. Асабліва памятным быў жнівень 1943 года, калі па ўсёй Беларусі партызаны адначасова мініравалі чыгунку, каб сарваць рух тэхнікі ворага на Курскую дугу. Прабрацца да рэек было не так проста. Немцы высякалі дрэвы
ўздоўж палатна. Нашы ў абход бралі з сабой мясцовых людзей, каб паспець схавацца пасля закладкі шашак пад рэйкі. І вопытныя сапёры з ліку былых вайскоўцаў бралі з сабой мясцовых хлопцаў.

… Не адну блакаду давялося перажыць партызанам атрада, а потым брыгады “Перамога”, перш чым прыйшло вызваленне. Большасць партызан улілася ў рады Чырвонай Арміі. Некаторых пакінлі для арганізацыі мірнага жыцця ў раёне. Аляксандру Галавачу прапанавалі вярнуцца на даваенную працу – у органы міліцыі.

МІЛІЦЭЙСКІЯ БУДНІ

Неспакойны быў пасляваенны час. Не ўсе згадзіліся з устанаўленнем савецкай улады – “другімі Саветамі”, як казалі тады. Зброі хапала, таму тут і там узнікалі невялікія атрады маладых людзей, якія сачылі за актывістамі і іх сем’ямі, нярэдка забівалі, наводзячы жах на мірных жыхароў.

Работнікам міліцыі паступалі сігналы з розных вёсак раёна. Транспартных сродкаў было мала, рэдка калі ўдавалася дабрацца да аддаленай мясцовасці коньмі: у асноўным хадзілі пешшу. Па некалькі сутак ляжалі ў засадзе радавыя міліцыі, падпільноўваючы “змагароў за волю”. Жыхарка пасёлка Алена Кароза ўспамінае выпадак, які адбыўся з яе бацькам, Станіславам Жамойціным. Ён працаваў рахункаводам у каралінскім калгасе. У яго абавязкі ўваходзіла і выплата зарплаты калгаснікам. У адзін з дзён Станіслаў Уладзіслававіч пайшоў з грашыма на хутар Лешна. Вечарам у хату пастукалі і спыталі гаспадара. На пытанне гаспадыні: “Хто там?” – не адказалі. Пераканаўшыся, што Жамойціна няма дома, адыйшлі, прымусіўшы жонку з дачушкай усю ноч недарэмна хвалявацца за жыццё мужа і бацькі. Як расказаў назаўтра Станіслаў Уладзіслававіч, ён застаўся жывым толькі дзякуючы некалькім міліцыянерам, якія ў засадзе пільнавалі тых, хто хацеў забіць рахункавода і забраць у яго сумку з грашыма.

Дачка Аляксандра Ігнатавіча Галавача – Ала Аляксандраўна Граздзей – лічыць, што адным з міліцыянераў мог быць яе бацька, бо ён расказваў ёй і брату аб засадзе ў Лешна. Удзельнічаў А.І. Галавач і ў канфіскацыі зброі, якую захоўвалі ў тайніках барацьбіты з савецкай уладай. Па словах дачкі, такія схованкі былі ліквідаваны з удзелам яе бацькі ў вёсках Самаравічы і Падбалоцце. Барацьба з бандамі доўжылася некалькі гадаў. Ліквідавалі буйныя атрады ў 1947-48 г.г., а на іх месцы арганізоўваліся дробныя, з 4-6 чалавек, з якімі змагацца было складаней. І ўсё ж да сярэдзіны 50-х з бандамі было скончана.

У сувязі з рэарганізацыяй раёна Аляксандру Ігнатавічу давялося служыць і ў райаддзелах суседніх раёнаў: Ваўкавыскага, Мастоўскага і нават Шчучынскага. У 1962 годзе А.І. Галавачу прысвоілі званне міліцыянера 1-га разрада. Член КПСС (з 1948-га) выйшаў на пенсію ў званні старшага сяржанта ў 1965 годзе.

Аляксандр Ігнатавіч меў шмат узнагарод: ордэн Айчыннай вайны, медаль “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, юбілейныя медалі. За ўдзел у польска-нямецкай вайне 1939 г. адзначыла яго медалём і польская дзяржава. Неаднаразова адзначаўся за бездакорную службу ў міліцыі.

Быў Галавач цудоўным сем’янінам. Сын Аляксандр і дачка Ала ганарацца сваім бацькам, берагуць у сваёй памяці яго ўспаміны аб перажытым і перадаюць іх унукам Аляксандра Ігнатавіча.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены