Пастаянства і вернасць. Асоба Уладзiмiра Агея у гiсторыi Зэльвенскага раёна
Уладзімір Іванавіч Агей прыйшоў у Зэльвенскую “Сельгастэхніку” пасля заканчэння беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі – і на пенсію адсюль пайшоў. Мяняліся толькі яго пасады ды назвы часта рэарганізаванага аб’яднання.

“ВАЙНЫ НЕ ПОМНЮ…”
Паэт Мікола Маляўка, народжаны амаль у адзін дзень з Уладзімірам Іванавічам таго ж суровага года, пісаў:
Вайны не помню –
кадрыкі адны,
Бо нарадзіўся
ў сорак першым годзе…
Ваенныя “кадрыкі” хлапчука Валодзі з мастоўскіх Навасёлак – жахлівыя. Жывапіснейшыя мясціны непадалёку ад зліяння водаў Шчары і Нёмана ў гады вайны былі жорсткай арэнай бітвы паміж захопнікамі і мясцовымі жыхарамі. У адзін з зімовых дзён канца сорак трэцяга ці пачатку сорак чацвёртага года немцы, помсцячы за неспакойнае жыццё ў тыле, сагналі ўсіх жыхароў вёскі на невялікае возера ў ваколіцы сяла, прыказалі ўсім раздзецца і разбуцца і босымі пратрымалі людзей на лёдзе да тых пор, пакуль самі, абутыя і апранутыя, не замерзлі…
Маленькі Валодзя на ўсё жыццё запомніў, як мама і тата па чарзе ціхенька, каб не заўважылі немцы, прыпадымалі яго, ставілі на свае ногі, каб хоць крыху цяпла перадаць двухгадоваму дзіцяняці…
ЖАДАННЕ БЫЦЬ КАРЫСНЫМ
Як і ўсе дзеці-аднагодкі, Валодзя ахвотна дапамагаў бацькам, а падчас канікул працаваў у мясцовым калгасе. Сямігодку закончыў у сваім сяле, сярэднюю адукацыю атрымаў у Мастах. А потым жаданне юнага рамантыка прынесці Радзіме як мага болей карысці прывяло яго на курсы механізатараў у Саратаўскую вобласць, а ўжо адтуль – з правамі трактарыста – у Кустанайскія стэпы, на цалінныя землі. З вялікай цеплынёй успамінае тыя гады, мясцовых жыхароў, якія заўсёды падтрымлівалі маладых хлопцаў і дзяўчат, нязвыклых да суровых кліматычных умоў Казахстана. А стэп без канца і краю з яго міражамі назаўсёды стаў дарагім і блізкім, як родныя Навасёлкі.
Потым былі тры гады арміі, якія яшчэ больш упэўнілі хлопца, што ён правільна вызначыў свой шлях: быць карысным людзям, што працуюць на зямлі. Без прамаруджвання падае дакументы ва ўжо згаданы інстытут і становіцца на 5 гадоў яго старанным студэнтам. Вучыцца было цікава і лёгка: добрай вучобе спрыялі тэарэтычныя і практычныя навыкі трактарыста, гады службы і сялянская «закваска».
З дыпломам інжынера-механіка Уладзімір Іванавіч і прыязджае ў Зэльву ў 1969 годзе, яшчэ не здагадваючыся, што тут будуць не толькі яго любімая работа, але і любімая жанчына, і моцная сям’я з дачушкай і сынам.

ДЗЯСЯЦІГОДДЗІ НАПРУЖАНАЙ ПРАЦЫ
Першая пасада Уладзіміра Іванавіча ў раённым аб’яднанні “Сельгастэхніка” – загадчык гаража. Канец 60-х гадоў быў для Зэльвы перыядам уздыму: не так даўно адрадзіўся раён, расшырыліся межы пасёлка, вырасла колькасць яго жыхароў. У саўгасе імя XVIII партз’езда ўзыходзіць зорка будучага ўпраўляючага “Сельгастэхнікі” І.А.Габрыянчыка. Іх шляхі з Агеем неўзабаве перасякуцца: Уладзімір Іванавіч узначаліць аддзел аўтатранспарту, стане правай рукой Івана Аляксандравіча. А пакуль малады інжынер “набівае шышкі” на першай пасадзе. Нялёгкая гэта задача – выпусціць штодзённа ў розных накірунках дзясяткі гатовых да малых і вялікіх адлегласцей машын. Ці ўсё дагледзеў, ці не ўпусціў чаго, ці хопіць у вадзіцеля кваліфікацыі ў непрадбачанай сітуацыі? Першыя месяцы не мог спаць начамі: усё здавалася, што машына з яго гаража зламалася ў дарозе, а ён ніяк не можа даставіць для яе неабходныя дэталі. Вадзіцелі бачылі яго звышзанепакоенасць, стараліся жартамі падтрымаць маладога кіраўніка.
З часам прывык, ды і работу лепш наладзіў, бо кожную машыну ведаў сам не горш за гаспадара. Мог беспамылкова прагназаваць, не заглядваючы ў тэхпашпарт, калі і якой машыне патрэбен капітальны рамонт, а якая магла б і без бягучага абысціся. Стала добрай традыцыяй не разбягацца пасля працоўнага дня, а сабірацца разам і спакойна абмяркоўваць усе праблемныя сітуацыі, што турбавалі днём, каб сумесна знайсці належнае рашэнне.
Уладзімір Іванавіч лічыць, што спецыялісту вельмі важна доўгі час працаваць у адным калектыве. І людзей добра ведаеш, і праблемы кожнага падраздзялення арганізацыі. Таму і на іншых пасадах – намесніка ўпраўляючага па аўтатранспарту, галоўнага інжынера, намесніка дырэктара і дырэктара “Райаграпрамтэхнікі” – заўсёды граматна вырашаў усе бягучыя праблемы. Доўгі час працуючы разам з В.У.Русаком, І.І.Пяцько, В.А.Храпуновым, В.Я.Рапніцкім, Т.М.Апанасенка, Г.В.Цярэшчанка, М.П.Бяляўскім, І.А.Шэйка і інш., заслужыў ад іх толькі словы падзякі. “Сардэчны, уважлівы, спагадлівы, цудоўны арганізатар, першакласны спецыяліст, чалавек, які заўсёды спяшыць на дапамогу і ніколі не трымае камень за пазухай, – вось толькі частка тых цёплых слоў, якія выказалі ў адрас Уладзіміра Іванавіча тыя, з кім ён працаваў. Не было ў ім хітрасці, двудушнасці. Калі што не так, гаварыў адкрыта. І людзі гэта цанілі, стараліся не падводзіць ні ў чым”.
Гэтыя якасці заставаліся нязменнымі, хоць службовая лесвіца і падымала Уладзіміра Іванавіча на ўсё новыя і новыя прыступкі. Ён проста разумеў: вышэйшая прыступка – не падстава для гонару, а магчымасць яшчэ больш карыснага зрабіць для людзей. У 70–80-я гады “Сельгастэхніка” налічвала ў сваіх радах, напэўна, самую большую колькасць працуючых сярод іншых арганізацый пасёлка. Калектыў удзельнічаў не толькі ў Рэспубліканскіх, але і Усесаюзных спаборніцтвах за першынство ў аднатыпных арганізацыях, меў заўсёды вельмі высокі рэйтынг. У 1983 годзе быў узнагароджаны Пераходным Чырвоным Сцягам Дзяржкамітэта БССР па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі рэспублікі. “Калектыў у Агея быў дружны і высокакваліфікаваны, – успамінае В.У.Русак. – Многія з вадзіцеляў пачыналі працу разам з Уладзімірам Іванавічам у канцы 60-х, вельмі даражылі гэтым. Нашы аўтамабілі адпраўляліся з грузамі і везлі іх да нас з розных куткоў вялікага Саюза. У далёкую дарогу ненадзейнага вадзіцеля не адправіш. Сярод самых вопытных можна згадаць М.М.Кіслага, А.М.Плюту, П.П.Бычака, Ю.К.Ленца, М.І.Скібу. Некаторыя з іх ажно на Каўказе пабывалі. Ды і тут, на месцы, патрэбны былі вопытныя і адказныя людзі. Тады толькі ў “Сельгастэхніцы” былі свае бензавозы, якія курсіравалі па ўсім раёне, дастаўлялі дызельнае паліва і бензін ва ўсе арганізацыі і гаспадаркі.
А колькі неадкладных праблем трэба было вырашаць падчас уборкі зерневых, а восенню – бульбы і буракоў?! Нашы машыны вазілі пшаніцу ў Ліду, ячмень – у Слонім, на хлебапрыёмны пункт у Зэльву дастаўлялі зерне з калгасных зернясховішчаў. Асабліва строга Уладзімір Іванавіч адносіўся да тых вадзіцеляў, калі заўважаў неахайнасць у кузаве іх машын, што рыхтаваліся да вывазу зерня.
Наша арганізацыя, – працягвае Віталій Уладзіміравіч, – прымала самы непасрэдны ўдзел у рамонце сельскагаспадарчых машын і ўсяго неабходнага інвентару. Шмат чаго рамантавалася ў калгасных майстэрнях, але, напрыклад, энерганасычаныя трактары дастаўлялі толькі да нас. А колькі рацыяналізатарскіх прапаноў укаранялі ў жыццё?! Усе ведаюць шматлікія праблемы, якія ўзніклі пасля “падарунка” ледавіка – каменняў. Мы распрацавалі сваю мадыфікацыю ўстойлівых да каменняў плугоў, выпускалі цэлы комплекс машын для апрацоўкі глебы. Нам ёсць чым ганарыцца”.
Толькі так і ўспрымае ўсе нялёгкія гады адказнай працы на адным і тым жа прадпрыемстве Уладзімір Іванавіч Агей: нам ёсць чым ганарыцца! Мы былі верныя свайму галоўнаму прызначэнню на зямлі – быць карыснымі людзям і Радзіме.

СЯМЕЙНЫЯ КЛОПАТЫ
У халасцяках малады сімпатычны хлопец доўга не затрымаўся. Недзе праз год працы ў Зэльве на вяселлі ў сябра пазнаёміўся з дзяўчынай Зінай, закахаўся і ўжо сам восенню 70га года спраўляў вяселле. Моцнай атрымалася сям’я, 51 год жывуць Уладзімір Іванавіч і Зінаіда Мікалаеўна ва ўзаемнай павазе і любові. Жонка разумела праблемы мужа, яго частыя затрымкі на рабоце, выклікі па начах. Ды ён і не любіў перакладваць свае праблемы на жонку. А вось дапамагаў ёй ахвотна. Зінаіда Мікалаеўна працавала дырэктарам камбіната кааператыўнай прамысловасці. Не раз будзілі яе ноччу пекары з трывожнымі: “Печ стала…”. І Уладзімір Іванавіч ніколі не адпускаў жонку адну, сам спяшаўся на дапамогу. І ў гарачую печ лазіў, каб знайсці прычыну паломкі, не дапусціць страты хлеба. (Так што і літаральна ў агні гартавалася трываласць і вернасць сям’і Агей).
Дачка Алена з замілаваннем гаворыць пра бацьку: “Ён нас з братам змалку прывучаў любіць родную зямлю, ведаць яе дары і ахоўваць іх. Як толькі ў таты выхадны, ён будзіць нас раненька – і мы адпраўляліся ў лес ці за ягадамі, ці за грыбамі. Пра кожную ягадку, пра кожны грыб раскажа, згадае свае родныя мясціны. Мы, дарэчы, дагэтуль любім збірацца ў бацькоўскім доме ў Навасёлках. Тата і яго браты захоўваюць у добрым стане бацькоўскую сядзібу, любяць збірацца там летам усім родам. І ўвогуле, дзень свой тата пачынае са званкоў да родных: гэта як свяшчэнны рытуал. Усё добра ў блізкіх – можна і самому дзень пачынаць. Згатаваць каву для любай жонкі, праведаць хворага суседа і абавязкова нешта яму зрабіць, летам – прапалоць градку і г.д.
А яшчэ тата навучыў нас любіць кнігу, – працягвае дачка. – Ён ніколі не ляжа адпачываць, калі не прачытае хоць раздзел з любімага твора. Асабліва любіць апісанні прыроды, якія многія прапускаюць, каб сачыць толькі за дзеяннем. Яго адданасць кнізе перадалася і ўнучцы, якая вучыцца ва Універсітэце культуры”.
Усе, хто дзяліўся з намі ўспамінамі пра Уладзіміра Іванавіча, горача віншуюць яго з юбілеем і жадаюць бадзёрасці, трываласці, моцы і дзякуюць за гады сумеснай працы.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены