Заўсёды захаплялася таленавітымі людзьмі, якія ўмеюць ствараць прыгажосць. Вышывальшчыца з аграгарадка Кашалі Браніслава Войтка – не проста майстар на ўсе рукі, але і прыемная суразмоўца.
Як толькі пераступаеш парог дома сям’і Войтка, адразу вочы разбягаюцца. Здаецца, што трапляеш у музей народнай творчасці. На фіранках і сурвэтках – кветкавыя кампазіцыі, падушкі ўпрыгожваюць аздобленыя вышыўкай навалачкі, на сценах – маляўнічыя карціны… Адразу і слоў не падбярэш, каб выказаць свае ўражанні.
–Вышыўкай цікавілася з дзяцінства, – расказвае жанчына. – Назірала, як ёй займаецца маці, і сама навучылася. Раней кожная дзяўчына павінна была ўмець і шыць, і вязаць, і вышываць – рыхтаваць сабе пасаг.
Слухаю вясковую майстрыху, любуюся яе работамі і адначасова здзіўляюся: колькі часу, цярпення і якога ўмення патрабуе рукадзелле.
– Адразу пасля школы пайшла працаваць даяркай, – успамінае былое Браніслава Віктараўна. – Тры разы на дзень трэба было падаіць уручную 25 кароў. Нягледзячы на стому, старалася хоць некалькі хвілін знайсці для свайго любімага занятку. З іголкай і пяльцамі адпачывала. Калі з’явілася свая сям’я, вольнага часу стала яшчэ менш: трэба было ўдзяляць увагу мужу, дзецям, займацца хатняй гаспадаркай. Бывала, што нават сярод ночы некалькі сцяжкоў-крыжыкаў рабіла. Прыемна было бачыць вынік сваёй працы не толькі ў сябе дома, але і ў суседзяў, знаёмых.
Дарослымі сталі сын Лявонцій і дачка Таццяна. Ручнікі ім на вяселле рыхтавала менавіта матуля. Усе дзівіліся майстэрству ўмеліцы і жывапіснасці адлюстраваных сюжэтаў. У кожным з іх адчуваліся часцінка яе душы і цеплыня рук.
–Трэба было падрыхтаваць сем ручнікоў, – тлумачыць жанчына. – Сватам, на абраз, пад каравай, у загс, на шлюб. Такі ж падарунак зрабіла і сваім унучкам, а іх у мяне чатыры. Няхай будзе памяць аб бабулі.
Некалькі гадоў назад Браніслава Войтка вырашыла па-спрабаваць вышыць ікону. Гатовую работу аблюбаваў святар, калі хадзіў па Калядзе, і даў жанчыне благаславенне развіваць і далей свой талент. Паступова з’явіліся яшчэ тры біблейскія сюжэты. Іконы майстрыха павезла асвяціць у Славаціцкую царкву. Вельмі спадабаліся яны бацюшцы. Ён папрасіў Брані-славу Віктараўну зрабіць абраз для храма.
Зноў узялася жанчына за любімую справу. Працуючы над чарговым сэжэтам, не заўважала і бегу часу. Пэўна, сам Бог кіраваў рукой умеліцы. Ікону Маці Божай усіх мілуючай размясцілі ў святыні за царскімі дзвярамі.
Падчас майго візіту да майстрыхі заўважыла на стале няскончаную выяву Багародзіцы. Цяпер Браніслава Віктараўна захапілася вышыўкай бісерам. Свае новыя работы вырашыла падарыць ужо дваім праўнукам.
Наталля МАЦЮК.
Комментарии отключены