Педагог Алена Шмыгіна адшуквае музычныя здольнасці з першага дня знаходжання вучня ў школе
Кажуць, педагогамі не становяцца, імі нараджаюцца. Напэўна так можна сказаць у адносінах да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Князеўскай сярэдняй школы А.М. Шмыгінай.

Надзеленая ад прыроды музычнымі здольнасцямі, настойлівая, у некаторых момантах нават упартая, Алена Мікалаеўна актыўна адшуквае гэтыя здольнасці і ў школьнікаў. Вы думаеце, што ўсе дзеці, якія выступаюць на сцэне, такія таленавітыя? Скажу вам больш, многія бацькі ўпершыню ўбачыўшы сваю дачку ці сына на сцэне, вельміздзіўляюцца, таму што ўпэўнены, што ніякімі вакальнымі здольнасцямі іх дзіця не валодае. Алена Мікалаеўна адшуквае таленты літаральна з першага дня знаходжання вучня ў школе і выводзіць яго спачатку на малую сцэну, а пасля ўжо і на раённую.
І гэта невыпадкова. Алена Шмыгіна па першай адукацыі кіраўнік акадэмічнага хора, таму яе ўласнае сольнае выкананне, а таксама выступленні вакальнай групы вучняў школы добра знаёмы педагогам Зэльвеншчыны. Алена Мікалаеўна сама апантаны творчасцю чалавек і сваёй любоўю да музыкі захапіла не адзін дзясятак сённяшніх і былых школьнікаў Яна дала пуцёўку ў творчае жыццё Марце Карпей і Вераніцы Каспярэц, Караліне Рачок і Вікторыі Валюк, Кацярыне Саўко Саўко і Марыі-Малгажаце Лудзіч, Настассі Мазец і Анастасіі Атаповіч… А яшчэ настаўніца піша музыку і з’яўляецца аўтарам музыкі школьнага гімна.
Але школе пашанцавала не толькі з музычным кіраўніком. Завочна закончыўшы філалагічнае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Я.Купалы, Алена Шмыгіна прафесійна выкладае яшчэ родную мову і літаратуру. Пераймаючы вопыт старэйшых калег, яна будуе сваю траекторыю настаўніцкага развіцця. Актыўна выкарыстоўвае магчымасці камп’ютарных тэхналогій, прапануе дзецям у час заняткаў разнастайныя па складанасці заданні. Прывучае ўважліва слухаць адказы аднакласнікаў, рабіць удакладненні па ходу паведамленняў. Творчыя заданні накіроўвае на пазнанне малой радзімы, таму для ўспрымання або замацавання вывучаемага матэрыялу прапаноўвае моўны матэрыял мяс
цовасці, дзе пражываюць школьнікі. Акрамя вышэй названых прадметаў, Алена Мікалаеўна выкладае ў школе “Мастацтва”. Вучні, пачынаючы з 5 класа, працуюць над праектамі, рыхтуюць рэфераты-паведамленні пра вядомых людзей свету, больш дэталёва знаёмяцца з культурнай спадчынай Зэльвеншчыны. Алена Шмыгіна, як кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў эстэтычнага цыкла, шчодра дзеліцца ўласнымі напрацоўкамі з калегамі. А сёлета ўвайшла ў склад абласной творчай групы настаўнікаў, якія выкладаюць мастацтва.
Цікаўнасць і дасведчанасць настаўніцы дазволілі рэалізаваць не адну творчую ідэю ў рамках мерапрыемстваў інавацыйнага праекта, над якім група педагогаў школы працавала на працягу 2015-2018 гадоў. Ініцыятывы таленавітага педагога знаходзяць адлюстраванне і ў планах новага праекта.
Гаворачы аб прафесійных дасягненнях Алены Шмыгінай, нельга не сказаць пра яе як пра клапатлівую маці. Калегі бачылі, як яна перажывала за сына Сяргея, калі той здаваў экзамены ў школе, праходзіў цэнтралізаванае тэсціраванне. Радасцю свяціліся яе вочы, калі сын паступіў у адну з прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў краіны. На яе далікатных плячах хатні клопат. Але яна заўсёды добразычлівая, пазітыўная і да таго ж вельмі прыгожая жанчына.
Вольга НАРУШ
Комментарии отключены