Первый бой. Он трудный самый
быў для пачынаючых каратыстаў у час XIV адкрытага першынства Гродзенскай вобласці па шатакан каратэ-до “Восень-2013”, якое прайшло ў спартыўнай зале СШ №3.
Тым не менш, у агульнакамандным заліку зэльвенцы атрымалі найбольшую колькасць узнагарод і сталі пераможцамі.
На спаборніцтвах можна было ўбачыць шмат спартсменаў-першагодкаў, якія толькі робяць пачатковыя крокі ў каратэ. І для іх абласное першынство стала даволі адказным экзаменам на шляху далейшага спартыўнага развіцця і станаўлення. Па традыцыі спаборніцтвы распачаліся з выканання індывідуальнага ката. На татамі выйшлі малодшыя каратысты, некаторыя з якіх – дашкольнікі. У гэтай групе першае месца заняла Анастасія Таварэвіч, другое паміж сабой па-дзялілі Сафія Патока і Іван Таварэвіч, трэцяе – Паліна Лізунова і Максім Скіба. Затым спаборнічалі каратысты, якія маюць вучнёўскія ступені. Яны выконвалі больш складаныя практыкаванні, ды і патрабаванні да гэтых спартсменаў былі ўжо больш высокія. Некаторыя з каратыстаў паспяхова выступілі спачатку ў сваёй узроставай групе, а затым і ў старэйшай. Два залатых медалі ў індывідуальным ката заваявалі Уладзіслаў Ганчарэнка і Вадзім Чура, два сярэбраных – Іван Семяняка. Першае месца ў сваіх узроставых групах занялі Анастасія Мацюк, Кірыл Шышко, Максім Макей, другое – Антоній і Дар’я Бялоцкія, Алег Копач, трэцяе – Уладзіслаў Мацкевіч, Андрэй Урбановіч, Кірыл Малімонаў, Андрэй Касперчык, Андрэй Жыліч, чацвёртае месца ў Аляксандра Лазоўскага.
Пасля выступлення ў раздзеле ката зэльвенскія каратысты занялі лідзіруючую пазіцыю сярод каманд. Аднак, каб лічыцца лепшымі, дасягнутыя станоўчыя вынікі ім неабходна было падмацаваць яшчэ і ў кумітэ. Тут самымі захапляючымі былі паядынкі паміж вопытнымі спартсменамі. Кожная перамога давалася вялікімі намаганнямі, патрабавала ад спартсмена акрамя выдатнай тэхнікі яшчэ і праяўлення вытрымкі, байцоўскага характару. Перамаглі сапернікаў і сталі лепшымі ў сваіх раздзелах Дар’я Бялоцкая, Анастасія Мацюк, Аляксандр Лазоўскі, Данііл Лозка, Уладзіслаў Ганчарэнка, Максім Макей. Сярэбранымі прызёрамі ў кумітэ сталі Антоній Бялоцкі, Аляксандр Лазоўскі, Кі-рыл Шышко, бронзавымі –Данііл Лозка, Кірыл Шышлоўскі, Уладзіслаў Мацкевіч, Лізавета Копач, Данііл Тарыма, Кірыл Гогаль. Чацвёртыя месцы ў гэтым раздзеле занялі Максім Панасік, Андрэй Урбановіч і Кірыл Малімонаў.
У агульнакамандным заліку зэльвенская каманда заваявала 36 узнагарод і стала пераможцай. Другое месца і 11 медалёў у каратыстаў клуба “Канку” (г.п.Свіслач і г.п.Рось), трэцяе месца і 10 медалёў – у клуба “Кэнкэй” (г.Мінск). Спецыяльнага прыза і звання “Лепшая спартсменка” ўдастоена Дар’я Бялоцкая, “Лепшы спартсмен” – Уладзіслаў Ганчарэнка, “За прыгожыя перамогі” – Максім Макей.
–Для кожнага юнага спартсмена, – адзначае дырэктар СКК “Фудасін” Уладзімір Ламека, – спаборніцтвы такога ўзроўню з’яўляюцца вельмі важнымі. На іх каратысты атрымліваюць каштоўны вопыт, удасканальваюць сваё спартыўнае майстэрства. Падчас свайго першага выступлення многія юныя спартсмены, хвалюючыся, забываюцца пра элементы тэхнікі выканання практыкаванняў ці правядзення паядынкаў, не думаюць пра саму перамогу. Здараецца, бацькі мяркуюць, што калі ў дзіцяці няма вынікаў на спаборніцтвах, то не варта ўвогуле прымаць у іх удзел. Гэта вельмі памылковае меркаванне. На спаборніцтвах у кожнага дзіцяці ёсць магчымасць паназіраць, як выступаюць яго аднагодкі, убачыць і зразумець свае памылкі, прыняць рашэнне аддаваць трэніроўкам больш часу. Спаборніцтвы вельмі аб’ядноўваюць дзяцей: у іх ёсць агульная мэта, а гэта не толькі заваяваныя медалі, але і праверка фізічных магчымасцей, маральных якасцей. Акрамя чэмпіёнаў і прызёраў, свой уклад у поспех каманды “Фудасін” унеслі навічкі Паліна Бабрукевіч, Давід Сарачынскі, Валерыя Світа, Кірыл Валюк, Іван Кузьма, Аляксандр Мысліцкі, Арцём Доста, а таксама больш вопытныя вучні Аляксандр Янушчанка, Арцём Маляўскі, Мацвей Канановіч.
Вялікі дзякуй за дапамогу ў арганізацыі спаборніцтваў фізкультурна-аздараўленчаму спартыўнаму цэнтру г.п.Зэльва і асабіста яго кіраўніку Івану Мацюку, а таксама ўсім бацькам спартсменаў.