Первый шаг во взрослую жизнь
Учора ў раённым Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі. Яно праводзіцца штогод у рамках патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”. Дваццаць пяць 14-гадовых юнакоў і дзяўчат атрымалі пашпарты грамадзян Беларусі.
У гэты дзень у зале сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, школьнікі і іх настаўнікі.
Да прысутных звярнулася памочнік пракурора Ганна Саук, якая ў сваім выступленні напомніла аб значнасці Асноўнага Закона нашай рэспублікі.
Галоўны дакумент юным зэльвенцам уручыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка. Ён павіншаваў іх, падкрэсліўшы , што па-сапраўднаму дарослым чалавек адчувае сябе тады, калі атрымлівае пашпарт. А калі ён прымае дакумент яшчэ і ва ўрачыстай абстаноўцы, дык гэта ганарова ўдвайне. Да віншаванняў Валянціна Міхайлавіча далучыўся старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Віктар Васіліцкі.
– Для маладых людзей гэта важная падзея. Бо атрыманне пашпарта – першая прыступка ў дарослае жыццё. Цяпер яны не проста дзеці сваіх бацькоў, а грамадзяне, якія могуць у большай ступені, чым раней, прымаць рашэнні і несці адказнасць за іх, – адзначыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Іна Шаўцова.
Пасля ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт, які падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.