Почтальон с хорошими новостями
Шчаслівы той чалавек, які знайшоў у жыцці сваё прызванне і атрымлівае ад работы задавальненне.
Да такіх людзей адносіцца паштальён аддзялення паштовай сувязі “Зэльва-2” Ева Куль. Больш трыццаці гадоў дастаўляе яна жыхарам райцэнтра газеты, часопісы, пісьмы, бандэролі, пенсіі… Жанчына ведае гаспадароў кожнага дома, кожнай кватэры. З асаблівым нецярпеннем чакаюць паштальёна пенсіянеры, якіх жанчына заўсёды выслухае, дасць слушную параду, падзеліцца навінамі.
– Вельмі задаволена работай Евы Куль. Яна пастаянна выконвае план па падпісцы, у тым ліку і на раённую газету “Праца”, карыстаецца аўтарытэтам і павагай у калектыве,– так гаворыць пра паштальёна начальнік РУПС Тамара Лях. – За шматгадовую плённую працу Ева Віктараўна сёлета ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага РУП “Белпошта”.
Рабочы дзень у паштальёна ненарміраваны. Пачынаецца ён каля сямі гадзін раніцы і заканчваецца тады, калі ўся карэспандэнцыя дастаўлена па адрасах.
На пытанне, чаму выбрала прафесію паштальёна, Ева Віктараўна на хвілінку задумаўшыся, адказала:
– Некалі была папулярнай песня, у якой ёсць такія словы: “Отворите скорей, почтальон у дверей. Он вам письма принес от родных и друзей…”. Мне вельмі хацелася прыносіць у дамы людзей радасць. Раней адзін аднаму пісалі пісьмы, віншавалі са святамі прыгожымі паштоўкамі. Гэта зараз такая форма зносін стала ўжо незапатрабаванай. Аднак на газеты і часопісы зэльвенцы па-ранейшаму падпісваюцца актыўна. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца “Советская Белоруссия” і “Праца”.
Калектыў рэдакцыі раённай газеты выказвае Еве Віктараўне, а таксама ўсім паштальёнам аддзяленняў сувязі вылікую ўдзячнасць за супрацоўніцтва. Няхай ваша праца прыносіць вам задавальненне, а людзям – прыемныя навіны.