Под патронажем доктора Зыбко
Каб не проста лячыць, а лячыць добра, па-трэбны адпаведныя ўмовы. Бо нават самы высокапрафесійны доктар не можа аказаць належнай дапамогі хвораму чалавеку, не маючы пад рукой неабходнага. Адзін з прыкладаў якаснай медыцыны на вёсцы – Дзярэчынская ўрачэбная амбулаторыя. У раённых конкурсах сярод устаноў аховы здароўя яна неаднаразова прызнавалася адной з лепшых.
НА ВЁСЦЫ, ЯК У ГОРАДЗЕ
Дзярэчынская амбулаторыя для сваіх пацыентаў адкрыта штодзённа, акрамя нядзелі. У такім рэжыме калектыў працуе ўжо не адзін год.
У будынку, дзе цяпер размяшчаецца медыцынская ўстанова, пры абуладкаванні аграгарадка быў праведзены капітальны рамонт. Зроблена ўсё неабходнае, каб кожны наведвальнік адчуваў сябе камфортна. Зручныя ўмовы для работы створаны ў рэгістратуры, кабінеце ўрача, працэдурным і фізіятэрапеўтычным кабінетах. Па-сучаснаму абсталяваны кабінеты акушэркі, лабараторыя.
Амбулаторыя можа пахваліцца новай стаматалагічнай устаноўкай. Кожны дзень прыём вядзе зубны ўрач Таццяна Белякала. Працэс лячэння зубоў дзярэчынцы праходзяць без болю.
Не выязджаючы ў райцэнтр, тут можна зрабіць электракардыяграму, здаць аналізы. У практыцы таксама і кансультацыйныя прыёмы ўрачоў з раённай паліклінікі.
Курс кропельніц і неабходныя працэдуры хворыя праходзяць у дзённым стацыянары. Электра-света-цеплалячэнне праводзіцца ў фізіятэрапеўтычным кабінеце. Каб пазбавіць боляў у суставах, вяскоўцам прапаноўваюць лячэнне цеплавой лямпай солюкс. Сасуды ўмацоўваюць з дапамогай дарсэнвалю і электрафарэзу. Кварц выкарыстоўваюць пры захворваннях органаў дыхання, бранхіяльнай астме, інгалятарам лечаць прастуду. Апараты хоць і не новыя, але працуюць спраўна. Фізіятэрапеўтычным кабінетам загадвае медсястра Ірына Шалесная.
Дзякуючы цэнтральнаму водаправоду ў амбулаторыі ёсць цеплавое ацяпленне і гарачая вада. У будынку размясцілася і аптэка, рэжым работы якой супадае з графікам амбулаторыі. Гэта вельмі зручна для наведвальнікаў.
ЗАСЛУГА КАЛЕКТЫВУ
Усе клопаты па паляпшэнні медыцынскага аб-слугоўвання вяскоўцаў на плячах загадчыка амбулаторыі, урача агульнай практыкі Андрэя Зыбко. Пад яго кіраўніцтвам працуе дружны калектыў з дзесяці чалавек – медыцынскія сёстры, акушэрка, фельчар-лабарант, санітаркі і іншы персанал.
Як сцвярджаюць самі дзярэчынцы, мясцовы доктар – лепшая “хуткая дапамога” для кожнага жыхара. Ён і хірург, і тэрапеўт, і, наогул, валодае ўсёй неабходнай інфармацыяй пра кожнага свайго пацыента.
– За столькі гадоў працы мясцовыя жыхары сталі для мяне не толькі аднавяскоўцамі, але і вельмі блізкімі людзьмі, добра ведаю іх праблемы і характары, – расказвае Андрэй Рышардавіч. – Спецы-фіка сельскай амбулаторыі ў тым, што ёсць магчымасць больш увагі ўдзяліць пацыентам. Для тых, хто звяртаецца за дапамогай, гэта вельмі важна. У дзень на прыём іншы раз прыходзіць больш за дваццаць чалавек. А яшчэ даводзіцца выязджаць на 10–15 выклікаў.
Радыусзоны абслугоўвання амбулаторыі – каля 20 кіламетраў – гэта: 17 населеных пунктаў Дзярэчынскага і Крамяніцкага сельсаветаў. Медыцынская ўстанова аказвае дапамогу 1542 жыхарам, з іх дзяцей – 250.
– Людзі сельскай глыбінкі, якія жывуць за дзясяткі кіламетраў ад раённага цэнтра, маюць права на лячэнне ў зручных і камфортных умовах. Для гэтага робім усё магчымае, – адзначае Андрэй Рышардавіч. – Пастаянна ўдасканальваем медыцынскае абслугоўванне, выкарыстоўваем у рабоце сучаснае абсталяванне, адначасова ўкараняем новыя метады лячэння пацыентаў.