Поделились счастьем
У аддзяленні кругласутачнага знаходжання лю-дзей пажылога ўзросту і інвалідаў в. Мадзейкі пачалі рыхтавацца да калядных і навагодніх свят загадзя: устанавілі і прыбралі ёлку, упрыгожылі гірляндамі пакоі. Створаная перадсвяточная атмасфера прыўнесла радасць і ў гэты дом, які стаў для многіх яго наведвальнікаў родным.
Старыя не менш чым дзеці любяць гасцей. А іх у аддзяленне наведваецца вельмі шмат. Асабліва ў час свят. Яны дзеляцца з пажылымі людзьмі цяплом сваіх сэрцаў і абавязкова прыносяць падарункі. У час нядаўняга візіту намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка падкрэсліў: “Гэта не проста салодкія калядныя падарункі – гэта даніна павагі вашаму жыццёваму працоўнаму подзвігу, даніна ўзросту і ўсяму таму, што вы зрабілі дзеля дабрабыту нашай краіны”.
Сустрэча праходзіла надзвычай весела і радасна. Дзед Мароз са Снягуркай умела “завялі” ўсіх, хто сабраўся ў зале, падарылі кожнаму святочны настрой і ўсялілі бадзёрасць духу. Разам з удзельнікамі народнага ансамбля “Весялуха” віноўнікі ўрачыстасці выканалі любімыя песні. Занятак гэты настолькі захапіў наведвальнікаў аддзялення, што яны яшчэ доўга не адпускалі баяніста, дзякавалі за канцэрт.
Прыемна было бачыць расчуленыя і шчаслівыя твары бабуляў і дзядуляў. Іх радасць – шчырая, яны вельмі любяць і цэняць такія хвіліны.
Да тых, хто па стане здароўя не змог прысутнічаць на святочным прадстаўленні, Дзед Мароз і Снягурка прыйшлі ў пакой і ўручылі падарунак. Без увагі не застаўся ніхто.
– Новы год для кожнага чалавека, незалежна ад узросту, – гэта чаканне цуда, – дзеліцца думкамі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук. – У чыёй сіле яго здзейсніць, павінны абавязкова гэта зрабіць. Той, хто дорыць шчасце іншым, становіцца сам шчаслівейшым удвайне.