Полезные рецепты от вредных привычек
На тэрыторыі раёна, як у цэлым па вобласці, праводзіцца шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне распаўсюджвання сярод падлеткаў псіхатропных прэпаратаў. З гэтай мэтай напярэдадні восеньскіх канікул прадстаўнікі зацікаўленых структур – у іх ліку намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Лілія Скіба, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Валерый Сачок, фельчар-валеолаг райЦГЭ Валянціна
Патаповіч – арганізавалі сустрэчы з вучнямі старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ раёна.
У навучальных установах праводзіліся заняткі па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, абмяркоўваліся злабадзённыя пытанні прафілактыкі наркаманіі, курэння, алкагалізацыі ў маладзёжным асяроддзі і адмоўнага ўплыву гэтых працэсаў на арганізм і жыццё чалавека. Школьнікам былі дадзены карысныя парады, як увогуле пазбегнуць ужывання слабаалкагольных напіткаў і псіхасаматычных сродкаў.
Валерый Сачок у час сустрэч з падлеткамі расказваў ім аб праводзімай у раёне прафілактычнай рабоце, а таксама знаёміў са змяненнямі, якія ўнесены ў многія артыкулы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Так, напрыклад, заканадаўствам адрэгуляваны артыкул 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Са жніўня бягучага года акрамя адказнасці за распіццё слабаалкагольных напіткаў, піва, з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане прадугледжана адказнасць і за парушэнні, звязаныя з незаконным абаротам псіхатропных рэчываў. Зараз артыкул дапоўнены словамі “…а таксама за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення або ўжыванне псіхатропных рэчываў у грамадскім месцы праду-гледжана адказнасць…”. Валерый Віктаравіч ад-значыў, што парушальнікі могуць быць пазбаўлены волі на даволі працяглы час. Таму кожнаму падлетку неабходна добра падумаць перад тым, як браць у рукі бутэльку піва ці, яшчэ горш, пайсці на спакусу і паспрабаваць курыльную сумесь “спайс”.
Лілія Скіба ў размове са школьнікамі акцэнтавала ўвагу на тым, што неабходна прытрымлівацца правільнага распарадку дня, рацыянальна арганізоўваць вольны час. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх адзначыла: большасць правапарушэнняў здзяйсняецца менавіта ў позні вячэрні час і ў перыяд канікул, калі дзеці прадастаўлены самыя сабе. На яе думку, немалаважную ролю ў прафілактычнай рабоце адыгрывае і пільны кантроль за непаўналетнімі з боку бацькоў.
Як паведаміла фельчар-валеолаг райЦГЭ Валянціна Патаповіч, статыстычныя даныя сведчаць аб тым, што ў апошні час у нашай краіне ўсё больш і больш маладых асоб становяцца наркаманамі і таксікаманамі. Яна параіла дзейсны “рэцэпт” прафілактыкі шкодных звычак: курэнню, ужыванню алкагольных напіткаў і псіхатропных прэпаратаў супрацьпаставіць заняткі фіз-культурай і спортам, турыстычныя падарожжы, цікавыя пазнавальныя экскурсіі.
Школьнікам было прапанавана абмеркаваць відэафільм “Под грифом “смертельно”, у якім яскрава адлюстраваны цяжкія наступствы ўжывання наркатычных сродкаў. Большасць вучняў былі ўражаны складанымі жыццёвымі гісторыямі падлеткаў-наркаманаў. Дзеці выказалі думку, што кожны чалавек павінен засвоіць для сябе вялікую шкоду наркаманіі і ні ў якім разе не паддавацца спакушэнню.