Праўнукам подзвіг у спадчыну
Паступова час аддаляе нас ад жахлівых падзей пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але ў памяці тых, хто перажыў ліхалецце, яны застануцца на ўсё жыццё.
У вёсцы Даўгаполічы жыве інвалід вайны Іван Міхайлавіч СКІБА (на здымку). Аб выпрабаваннях, якія выпалі на яго долю ў мінулым стагоддзі, былы франтавік расказвае рэдка і з неахвотай. Не зажылі яшчэ балючыя раны.
– З нашай сям’і праз вайну, акрамя мяне, прайшлі таксама мае старэйшыя браты Міхаіл і Аляксандр, – выціраючы слёзы, пачынае размову Іван Міхайлавіч. – Дзякуй Богу, што вярнуліся жывымі з фронту. З усіх траіх толькі я быў цяжка паранены. Для нас, франтавікоў, самым балючым на вайне было перажыць смерць таварышаў. Нярэдка здаралася так, што ў бой уступала сто чалавек, а заставалася менш за палову.