Пра патэфон, вініл і радыёлу
Вам раскажуць у музеі музычных інструментаў у Зэльвенскай санаторнай школе-інтэрнаце
Настальгіраваць па рэчах, якія былі папулярнымі і выкарыстоўваліся ў
савецкія часы, цяпер модна. Гармонік, радыёпрыёмнік, магнітафон – час не стаяў на месцы… І калі гаворка заходзіць пра музычныя інструменты, апаратуру для праслухоўвання музыкі, адны ўзгадваюць сваё дзяцінства, другія – вясёлую маладосць. Так ці інакш рэчы, якія ўжываліся 30 –50 гадоў таму, – частка нашай культурнай гіс-торыі.
У санаторнай школе-інтэрнаце створаны і працуе музей, дзе сабраны старыя музычныя рэчы. Ён з’яўляецца адным з прыпынкаў зялёнага маршруту, распрацаванага на тэрыторыі ўстановы адукацыі.
Экспанаты дапамагалі збіраць не толькі работнікі школы, але і іншыя людзі, якія пачулі пра стварэнне экспазіцыі. У выніку на сённяшні дзень у
кабінеце музычнай асветы знаходзяцца 423 прадметы, якія аб’яднаны ў тры раздзелы: “Музычная тэхніка савецкіх часоў”, “Дзіцячыя музычныя інструменты” і “Вакальна-інструментальны куток”.
Кожную чвэрць у рамках рэалізацыі школьнай праграмы “Адаптацыя” ў музеі праводзяцца экскурсіі, у час якіх вучні знаёмяцца з гісторыяй яго стварэння, экспанатамі. Апошнія, дарэчы, актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках музыкі. Так, пры вывучэнні тэмы “Беларускія музычныя інструменты” дзеці могуць не толькі ўбачыць дуду, гармонік і бубен, але і пачуць іх, патрымаць у руках і нават па-спрабаваць на іх сыграць. Праслухаўшы “Кадрылю”, вучні распазнаюць у творы знаёмыя ім музычныя інструменты. Пры развучванні песні “Зай-грай жа мне, дударочку” выкарыстоўваюцца блок-флейта, бубен і барабан.
Неацэнную ролю ў патрыятычным выхаванні падлеткаў пры раскрыцці тэмы “Музыка расказвае пра мінулае нашай Радзімы” адыгрывае наяўнасць у музеі патэфона. З яго дапамогай можна вярнуцца ў 40-я гады ХХ стагоддзя. Патэфон знаходзіцца ў рабочым стане. Як адзначаюць вучні школы, падчас праслухоўвання песні “Кацюша”, запісанай на старэнькай вінілавай пласцінцы, яны атрымліваюць
незабыўныя ўражанні.
Вялікі інтарэс у дзяцей выклікае ўрок “Музыка народаў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь”. Школьнікі рыхтуюць паведамленні пра нацыянальную культуру, звычаі і традыцыі беларусаў.
Магнітола “ВЭФ-Сігма”, стэрэа-прайгравальнік “Радыётэхніка” і магнітафон-прыстаўка “Радыётэхніка” дазваляюць зрабіць завочны экскурс у краіны Прыбалтыкі: гэтыя экспанаты музея былі выпушчаны на рыжскім заводзе ў 60-70-х гадах. Прайгравальнік “Школьны” і радыёла “Серэнада”, радыёпрыёмнік “Кіеў” даюць наведвальнікам музея ўяўленне пра вытворчасць музычнай апаратуры ў РСФСР і на Украіне. А назва двухкасетнага магнітафона “Інтэрнацыянал” гаворыць пра шматнацыянальнасць Савецкага Саюза, у склад якога ўваходзіла і Беларусь.
Наяўнасць поўнай ударнай устаноўкі і электрабарабанаў дапамагае пазнаёміцца, напрыклад, з афрыканскімі рытмамі. Вучні нават могуць паспрабаваць пайграць на тамтамах.
У музейнай выставе знайшлося месца і цацкам. Сярод іх – гармонік, дудка, баян “Малыш”, бубен, блок-флейта, саксафоны, арфа, труба, балалайка і іншыя дзіцячыя музычныя інструменты.
Як бачым, школьны музей музычных інструментаў можа быць цікавым для любой аўдыторыі. Спадзяёмся, яго наведвальнікамі стануць не толькі вучні нашай установы, але і ўсе жадаючыя. Запрашаем!
Іван СТРУГ,
настаўнік музыкі санаторнай школы-інтэрната.