Праца, якая заўсёды ў пашане
У раённым Доме культуры сабраліся лепшыя з лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна. Са словамі віншаванняў з нагоды свята і падзякі за добрасумленную працу да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуліся старшыня райвыканкама Ян Пальчыс, прадстаўнік Гродзенскага аблвыканкама – начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Прэдка. Яны ўручылі лепшым работнікам граматы і грашовыя прэміі. Шэраг перадавікоў і ветэранаў сельгасвытворчасці атрымалі каштоўныя падарункі ад прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Прафесійнае свята – гэта яшчэ і добрая нагода падвесці вынікі работы. Як адзначыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Грэцкі, земляробы ўжо завяршылі свой сельскагаспадарчы год і могуць з поўным правам рапартаваць аб дасягнутым. Сёлета атрыманы рэкордны ўраджай. Валавая вытворчасць збожжа (без кукурузы) склала 98,5 тыс. т у бункернай вазе (прыбаўка –
26 тыс. т). З кожнага гектара сабрана па 54,6 ц (+ 12,9 ц). Найбольшая ўраджайнасць у філіяле «Князева» – 77 ц/га. У вытворчым участку № 1, які ўзначальвае Аляксандр Чура, кожны гектар даў па 80,7 ц/га, у вытворчым участку №2 (загадчык Генадзій Яскевіч) – па 78,9, у вытворчым участку № 3 (загадчык Часлаў Мілюк) – па 77,1 ц/га. Старанна папрацавалі князеўскія земляробы і на вырошчванні цукровых буракоў: ураджайнасць салодкіх каранёў самая высокая ў раёне – 520 ц/га, а ў вытворчым участку №2 яна склала 540 ц/га.
Высокую культуру земляробства з года ў год забяспечваюць хлебаробы СВК “Сынкавічы”: сёлета кожны гектар зерневых даў па
62 ц/га. А ў вытворчым участку №3, якім загадвае Часлаў Кароль, вырасцілі самы высокі ў раёне ўраджай цукровых буракоў – 562 ц/га.
Умеюць вырошчваць зерневыя культуры і ў іншых сельгаскааператывах. Так, у вытворчым участку №2 СВК “Галынка” (загадчык Генадзій Гарадок) атрымалі з кожнага гектара па 73 ц.
Ёсць поспехі і ў жывёлагадоўлі. Нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці мяса і малака. За 10 месяцаў бягучага года вытворчасць малака павялічылася на 6,1% і склала 43,1 тыс. т. Лепшых вынікаў дабіліся жывёлаводы СВК “Сынкавічы”, “Галынка”, філіяла “Князева”, дзе прадукцыйнасць дойнага статка за 10 месяцаў перавысіла 4 тыс. кг малака.
Для далейшага ўстойлівага развіцця жывёлагадоўлі ёсць трывалы запас кармоў: нарыхтавана 8 тыс. т сена, 95 – сенажу і 154 – сіласу. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы прыходзіц-ца па 26,6 ц к. адз. Найбольшую прыбаўку па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву забяспечылі СВК “Караліно” і “Галынка”.
Яўгеній Грэцкі назваў прозвішчы работнікаў сельскай гаспадаркі, дзякуючы самаадданай працы якіх забяспечаны высокія паказчыкі. Аб многіх з іх “Праца” неаднаразова расказвала на сваіх старонках і будзе далей праслаўляць іх дзейнасць.
На свяце словы ўдзячнасці за важкі ўклад у развіццё сельгасвытворчасці былі сказаны ў адрас работнікаў Зэльвенскай сельгасхіміі, ПМС, Зэльвенскага буракапрыёмнага пункта, а таксама ўсіх абслугоўваючых прадпрыемстваў.
Яўгеній Васільевіч павіншаваў усіх са святам і пажадаў моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, далейшых працоўных поспехаў.
Віктар МАКОЎСКІ.