Газетным радком. Працоўны летапic Зэльвеншчыны па старонках «Працы»
Працягваем гартаць старонкі газеты «Праца» і ўспамінаць працоўныя здабыткі зэльвенцаў. Як мы і гаварылі ў пачатку адкрыцця праекта, чытаем падшыўкі «раёнкі» юбілейных гадоў.

1972 год:
Новыя АТС
Вядуцца работы па тэлефанізацыі калгасаў. Так, у калгасе “Шлях Леніна” працягнуты тэлефонныя лініі ў вытворчыя ўчасткі, на жывёлагадоўчыя фермы. Зманціравана АТС, устаноўлена 25 тэлефонных апаратаў.
Заканчваюцца мантажныя работы па тэлефанізацыі ўсіх вытворчых аб’ектаў, культурна-бытавых устаноў у калгасах “Прагрэс” і “Кастрычнік”.
У мінулым годзе ў сельскай мясцовасці ўстаноўлена 87 тэлефонных апаратаў.
Слухаюць лекцыі
Актыўна працуе група палітінфарматараў калгаса імя Чарняхоўскага. У яе ўваходзяць настаўнікі мясцовай школы, работнікі праўлення калгаса, партыйныя і камсамольскія актывісты.
Гутаркі праводзяцца на фермах, у клубе, з жыхарамі вёсак Алексічы, Александрыя і Дзярэчын. Калгаснікі, жывёлаводы, пенсіянеры з цікавасцю слухаюць палітінфарматараў, заўсёды ў курсе падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне і за яе межамі.
Звыш плана
Плённым быў мінулы год для работнікаў галаўнога кінатэатра. Пры плане 14559 сеансаў кінамеханікі прадэманстравалі 16258. Шмат новых фільмаў праглядзелі аматары кіно як нашых, так і замежных кінастудый.
– Вялікі ўклад у выкананне плана ўнеслі кінамеханікі Жамойцін, Кішнеўскі і іншыя, – гаворыць дырэктар галаўнога кінатэатра Аляксандр Давідовіч.
Высокі рубеж
Добра справіліся з планам мінулага года працаўнікі торфапрадпрыемства “Вішнеўка”. Нарыхтаваць і рэалізаваць 21 тысячу тон паліва – такі быў рубеж. І вось лічба, з якой закончылі 1971 год – 28800. Валавая вытворчасць склала 121, 9 тысячы рублёў. У грашовым вылічэнні даход ад звышпланавай прадукцыі склаў 30,2 тысячы рублёў.
Лепшых поспехаў дабіліся працаўнікі брыгады, якую ўзначальвае член партыі Іван Шаўчэнка.
Тэхнікі стала больш
З кожным годам расце парк сельгастэхнікі ў гаспадарках раёна. Гэта дазваляе скараціць затраты працы, павысіць яе прадукцыйнасць. Раней усе работы трэба было праводзіць уручную ці з дапамогай коней.
Толькі за 1971 год калгас “Зара” атрымаў два новыя трактары “МТЗ-50”, камбайн “СК-4”, зернеачышчальную машыну “Петкус” і шмат іншай тэхнікі. Цяпер у калгасе маецца ў наяўнасці 23 калёсных і гусенічных трактараў, 16 грузавых аўтамабіляў, 11 камбайнаў.
Прадукцыйны агрэгат
Вялікую карысць для прыгатавання вітаміннага корму ў калгасе “Шлях да камунізму” прыносіць агрэгат АВМ-0,4, які пачаў працаваць у жніўні мінулага года. За гэты непрацяглы час (па падліках на 1 студзеня 1972 г.) на дадзеным агрэгаце прыгатавалі 285 цэнтнераў хвойнай, 50 – травяной, 25 – бульбяной і 71 цэнтнер лубіннай мукі. Дзякуючы такому корму калгасны статак атрымлівае ў неабходнай колькасці карысныя вітаміны.
Па накіраванні калгаса
Праўленне і партыйная арганізацыя калгаса імя Леніна праяўляюць вялікія клопаты аб вучобе кадраў. Па накіраванні гаспадаркі загадчыца малочна-таварнай фермы Вера Табачынская завочна займаецца ў Горацкай сельгасакадэміі, эканаміст Леанід Жук вучыцца ў Гродзенскім сельгасінстытуце, загадчык вытворчага ўчастка Мечыслаў Хвядук і рахункавод Валянціна Яўхута павышаюць свае веды ў Навагрудскім сельгастэхнікуме.
Зорка ў гонар перадавіка
Калі пад’язджаеш вечарам да малочнага комплексу “Дзеркачы” калгаса імя Мічурына, здалёк бачна чырвоная зорка, якая свеціцца над наваколлем. Высокая мачта сваім святлом прыцягвае ўвагу людзей. Зорка штодзённа запальваецца ў гонар перадавой даяркі якая надаіла больш за ўсіх малака за дэкаду, за месяц.
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены