Праект газеты “Праца” да Дня беларускага пісьменства “Малюся Слову”: у вянок Слоніму і яго славутым мясцінам

З гісторыі сталіцы свята – суседняга Слоніма

Першае згадванне пра Слонім (Услонім) у Іпацьеўскім летапісе – год 1252-гі. З 1345 года Слонімшчына належала князю Кейстуту, брату вялікага князя Альгерда. Пасля забойства Кейстута Ягайлам у 1382 г. тэрыторыяй стаў валодаць сын Кейстута – Вітаўт. У бітве пад Грунвальдам (1410 г.) прымала ўдзел і слонімская харугва. У 1506 г. крымскія татары разбурылі стары замак на правым беразе Шчары, які ўжо не аднаўляўся. Новы (Верхні) замак быў узведзены ў 1520 г. на левым беразе Шчары пры старасце Яну Радзівілу.

У 1532 г. горад атрымаў Магдэбургскае права. З 1586 г. старостам слонімскім быў легендарны Леў Сапега. У 1605 г. Сапега заснаваў у горадзе першы ткацкі цэх.

У друголй палове XVIII ст. пры двары старосты слонімскага Міхала Казіміра Агінскага існавала знакамітая ў Еўропе Опера (тэатр) і музычная капэла; працавалі друкарня, галерэя, мастацкая школа. Агінскім былі пабудаваны Малы і Вялікі (цяпер Агінскі) каналы. Пры двары знакамітага дзядзькі развіваўся талент будучага кампазітара, дыпламата і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, паланэз якога “Развітанне з Радзімай” да гэтай пары хвалюе нават неадукаваных у музыцы людзей.

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Слонімшчына была далучана да Расійскай імперыі.

У 1880-х гадах ішло будаўніцтва чыгункі Баранавічы – Слонім – Ваўкавыск.

Падчас Першай сусветнай вайны горад на тры гады быў акупаваны немцамі, а па Рыжскім дагаворы 1921 г. Слонімшчына адышла пад Польшчу.

Далучэнне рэгіёна да БССР адбылося 18 верасня 1939 г. Слонімскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г.

Акупацыя Слонімшчыны ў гады Другой сусветнай вайны працягвалася з 24 чэрвеня 1941 г. па 10 ліпеня 1944 г.

19 студзеня 1965 г. да Слоніма быў далучаны Альбярцін, які стаў называцца пасёлкам Фабрычным.

У 1977 г. была здадзена ў эксплуатацыю камвольна-прадзільная фабрыка на 2 тыс. рабочых.

У 1991 г. быў узведзены новы мікрараён горада – Косаўскі тракт (Энка).

Уладзімір Мазго
ДАРОГА НА СЛОНІМ
Бяжыць машына па шашы
І набліжае Слонім,
Дзе трапятаць тваёй душы
У радасным палоне.
Спяшаюць далі паказаць,
Як хораша ў абшары
Вузлы ўспамінаў завязаць
Шаўковай стужкай Шчары.
Жаданні лепшыя твае
Туды накіраваны,
Дзе вечнасць голас падае
Святы і ўсхваляваны.
Спявае там званамі храм
На споведнай сустрэчы,
Што нам, нібыта званарам,
Пашчасціла засведчыць.

Анатоль Іверс
НАД ШЧАРАЙ
Заігралі ветры ў полі,
Заігралі пераліўна.
I калышуцца таполі
У небе ласкавым і дзіўным.
I ўразаецца ў прасторы
Вузкі човен вострым клінам.
А на ўзмежку, нібы мора,
Шумам пеніцца каліна.
I кацілася з аддалля
Песня – сонца пазалота –
I злівалася на хвалях
3 гібкім гоманам чаротаў.
Дзесь на зрэбных каляінах
Распаўзліся дні і ночы,
Іх збярэ мая краіна
У вясёлкавы вяночак.
Дзе ні глянь – ўсё сэрцу блізка:
Вёска, лес, вузкі палетак.
Пэўна, маці над калыскай
Напяяла мне пра гэта.

Алег Лойка
РОДНЫ ГОРАД
У зелені – бель камяніц, касцёлаў.
Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.
Спыніўшыся на ўзгорках, навакола
Лясы стаяць, падпёршы купал неба.
Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам, Шчары ціхім звонам,
Агністым сонцам, лесам задумёным,
Mypaмі і людзей жыццём
штодзённым,
I сэрцам палюбіў я гэты кут –
Цябе, мой старадаўні родны Слонім.
Люблю paўніва, зачарованы табой,
I мне дасюль баліць,
што з гэтых горак,
Дзе я цяпер стаю,
ракой, красой тваёй
Мог любавацца хоць на момант
вораг!..

Мікола Арочка
***
Цябе, мой край,
я толькі распачаў.
Я столькі год цябе ў душы насіў!
Прасіўся ў слова край –
мой абычай,
зялёны неагледжаны масіў.
Я толькі развязаў дзівосны схоў,
крануў смялей
мной не абжыты кут,
дзе кожная сцяблінка ніў, лугоў,
дзе кожная душа людская – цуд!
Гняздоўе неадступных дум, трывог,
паселішча радзінных душ і дрэў,
нібы цяпельца, я ў сабе збярог,
каб хтось са мной
тут сэрца адагрэў.

Ірына Войтка
***
Мілы мой, родны Слонім,
горад майго жыцця.
Тут на тваix далонях
майго радаводу працяг.
Новых будоўляў кварталы.
Веліч тваёй даўніны.
Сэрца ўзрушаюць нямала
ранкам з Сабору званы.
Будзе стагоддзямі крочыць,
нібы па прасторах прагрэс,
велічны, вечны, прарочы
слонімскі гімн «Паланез».
Будзе адвечная Шчара
між паясамі мастоў
песняй жывою і марай
плыць у бясконцасць вякоў.
Любы мой, мілы Слонім,
родны мой дом другі.
Тут на тваіх далонях
жыцця майго берагі.

Алена Руцкая
АЛЬБЯРЦІНСКІ ПАРК
Ціха ў парку; крадуцца цені
Нерухомым, бязгучным крокам.
Серабра старога адценні –
На таполях і на аблоках.
Па алеях брыдзе маўкліва
Ад бяссоння змучаны вецер.
Выспявае ночка, як сліва,
У прыціхлым і сонным вецці.
Нібы прывід, узнікшы ў паданні,
Старадаўнім, загадкавым,
вечным,
Над азёрнай гладдзю ў тумане
Спіць палац і мроіць аб нечым.
Па яго калонах і сходах
Месяц промні свае струменіць,
Міражамі ў гэтых водах
Львоў старожых грозныя цені.
Спіць адзін на сваім п’едэстале,
Сном каменнае цела скавана,
А другі – у грозным аскале –
Цішыню вартуе аддана.
I здаецца яму, што здалёку
Чутна колы бягуць фаэтона,
I маршалак Пуслоўскі лёгка
Да дзвярэй ідзе між калонаў.
Генералы, паўстанцы, магнаты…
Іх сляды захавалі алеі.
Успамінаў прывід крылаты
Кружыць тут пакуль не разднее.
Колькі ў пільных вачах каменных
Незвычайных адбілася лёсаў…
Раскажы, вартаўнік нязменны,
Пакуль зоркі дрэмлюць на плёсах.

Мар’ян Дукса
МУЗЫКА АГІНСКАГА
Смычкі і струны, спавясціце хутка
пра радасць, што пануе як ніколі.
О, музыка ты сонечнага смутку
о, музыка такой жаданай волі!
Ты будзь бравурнай
ці жывой гарэзай
з глыбінь душы на белы свет
пазванай.
Усе былыя маршы й паланезы –
вы галасы Айчыны зацуглянай.
I варты жалю шэрыя турботы,
недасягальна ззяе вызваленне.
Як сэрца ўзносіць музыкі журботы,
што ўсім дае святло і наталенне.
Яна людскія размывае болі,
яна ж у сонца акунае скруху.
О, музыка, – ты сімвал нашай волі,
ты наш узлёт знявечанага духу…
Над рэчкамі й дарогамі плывеш,
сатканая з усіх пявучых рытмаў.
О, музыка, не прызнаеш ты меж,
дзяржаўных меж і ўсіх
шматлікіх мытняў.
Цябе ніякай вышыні заслон
не спыніць і на месцы не ўтрымае.
Ніхто цябе не схопіць у палон –
табой душа палоніцца людская.
Заўжды ў цябе такая сіла ёсць,
што ты адразу нас вядзеш да згоды.
Вось ты гучыш – і адступае злосць,
і расцвітае на вачах лагода.
I дорацца букеты свежых руж,
і множацца сябры i аднаверцы…
О, музыка, – ты набліжэнне душ,
ты – поціск рук
і паяднанне сэрцаў.

Матэрыялы падрыхтавала 
Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены