Прафесійная дзейнасць нашага земляка Паўла Сцяцко

Сакавік багаты на прыемныя падзеі і значныя даты. Сярод іх – юбілей нашага земляка, ураджэнца вёскі Грабава П.У. Сцяцко.

Нам, былым студэнтам  Паўла Уладзіміравіча, вельмі адказна і пачэсна пісаць аб чалавеку, які ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы праяўляў вялікі клопат аб беларускай мове, самай прыгожай і мілагучнай, прывучаў нас ганарыцца тым, што  мы з’яўляемся яе носьбітамі.

Без любові да роднай зямлі – не толькі ў шырокім сэнсе, але і да таго месца, дзе чалавек з’явіўся на свет, – немагчыма праца на яе карысць. Павел Уладзіміравіч расказваў, што цікавасць да вывучэння моваў узнікла яшчэ ў дзяцінстве, калі ў школе вучылі па-польску, дома размаўлялі па-

беларуску, а маці, якая ў маладосці падчас Першай сусветнай вайны жыла ў Расіі, расказвала гісторыі па-руску. Гэта паспрыяла ўсведамленню таго, што чалавеку неабходна ведаць не адну, а некалькі моў. Так жыццёвы шлях павёў Паўла Уладзіміравіча ад роднай хаты да Гродна.

Спачатку П.У. Сцяцко паступіў на матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, але праз два месяцы зрабіў свой выбар на карысць мовазнаўства: перавёўся на філалагічны факультэт. Ужо ў той час займаўся навуковай дзейнасцю: студэнцкая навуковая праца атрымала першую катэгорыю на Рэспубліканскім конкурсе. Удзельнічаў у зборы матэрыялаў для «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы».

У 1953 годзе П.У. Сцяцко скончыў вучобу з дыпломам выдатніка і застаўся працаваць у навучальнай установе выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Потым быў абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай мовы. Кандыдацкія экзамены здаў экстэрнам пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі і ў 1961 годзе быў залічаны ў аспірантуру гэтай установы. Кандыдацкая дысертацыя, прысвечаная народнай лексіцы Зэльвеншчыны, была абаронена датэрмінова ў 1962 годзе. Першым апанентам па дысертацыі Паўла Уладзіміравіча быў Народны пісьменнік Беларусі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, акадэмік К. Крапіва. У 1980 годзе Павел Уладзіміравіч  абараніў доктарскую дысертацыю па словаўтварэнні ў беларускай народнай мове і стаў першым у гісторыі доктарам навук у галіне беларускай дэрываталогіі.

Прафесійная дзейнасць нашага земляка моцна звязана з Мінскім педагагічным інстытутам імя Горкага, дзе ён працаваў з 1962 да 1981 года, а таксама з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны, дзе з ліпеня 1981 года па ліпень 1990 года П.У. Сцяцко ўзначальваў кафедру рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства.

У 1990 г. П.У. Сцяцко быў запрошаны на пасаду рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён стаў ініцыятарам стварэння факультэта беларускай філалогіі і культуры, а таксама кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, якой кіраваў на працягу сямнаццаці гадоў.

Заснаваў навуковую школу па дэрываталогіі «Словаўтварэнне ў славянскіх і германскіх мовах».

Як вучоны прымаў удзел у многіх навуковых форумах, з’ездах, кангрэсах: ІХ Міжнародным з’ездзе славістаў (Кіеў), Усяпольскім моўным кангрэсе (Варшава), Міжнародным кангрэсе беларусаў свету (Мінск). Геаграфія міжнародных канферэнцый ахоплівае шматлікія гарады і краіны: Мінск, Гомель, Гродна, Ужгарад, Самарканд, Львоў, Валгаград, Волагда, Ташкент, Кіеў, Беласток, Люблін.

Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі была адным з пытанняў, якое цікавіла і пільна вывучалася Паўлам Уладзіміравічам падчас гэтых навуковых кантактаў. У час працы загадчыкам кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны пад кіраўніцтвам П.У. Сцяцко было падрыхтавана пяць кандыдатаў філалагічных навук. Далейшая падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ажыццяўлялася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы. З асаблівай адказнасцю ставіўся прафесар да адбору ў аспірантуру таленавітых і здольных студэнтаў. Магутны навуковы патэнцыял і выключнае педагагічнае майстэрства Паўла Уладзіміравіча, памножаныя на прыроджаную працавітасць і працаздольнасць, былі арыенцірамі для аспірантаў і спрыялі актыўнай рабоце над напісаннем дысертацый. У Гродне трынаццаць былых аспірантаў Паўла Сцяцко сталі кандыдатамі філалагічных навук.

Навуковая школа прафесара па праблемах дэрываталогіі ў беларускай, славянскіх і германскіх мовах мае ў сваім складзе 20 вучоных, падрыхтаваных пад кіраўніцтвам П.У. Сцяцко. Яна таксама прадвызначыла адкрыццё ва ўніверсітэце магістратуры і аспірантуры па спецыяльнасці “Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства”. Пазней быў створаны Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па гэтай спецыяльнасці, які ўзначальваў Павел Уладзіміравіч з 2008 па 2014 гады.

Цяжка пераацаніць навуковую дзейнасць П.У. Сцяцко. Яна прысвечана розным раздзелам мова-

знаўства: беларускай навуковай тэрміналогіі, словаўтварэнню ў беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове, яе стасункам з іншымі славянскімі мовамі

(рускай, украінскай, польскай, балгарскай). Ён з’яўляецца аўтарам 36 кніг, а ўсяго ім апублікавана больш за 500 навуковых прац у беларускіх і замежных выданнях. Вынікам даследавання структурна-семантычных асаблівасцяў народных гаворак і літаратурнай мовы сталі такія працы, як

«Дыялектны слоўнік (з гаворак Зэльвеншчыны)», «Народная лексіка», «Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны», «Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны», напісаны ў суаўтарстве «Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны».

Праца П.У. Сцяцко вядомая і высока ацэненая як у Беларусі, так і за межамі нашай краіны. Варта ўзгадаць шматлікія ўзнагароды, сярод якіх Ганаровая грамата Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і многія іншыя. У 2004 годзе ён быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Кандыдат філалагічных навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Святлана ЛЯСКЕВІЧ.
Намеснік дырэктара Князеўскай СШ Вольга НАРУШ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены