Праз аграгарадок Елка зноў курсіруе рэйсавы аўтобус
У яго слова не разыходзіцца са справай. Так гавораць жыхары Сынкавіцкага сельсавета пра дэпутата па Ярнеўскай выбарчай акрузе Пятра Талая. На бягучым тыдні нават патэлефанавалі ў рэдакцыю, каб праз газету выказаць яму падзяку за неабыякавасць да праблем вяскоўцаў. І, каб не быць галасноўнымі, прывялі такі прыклад.
Яшчэ у мінулым годзе праз аграгарадок перастаў курсіраваць аўтобус Слонім – Елка. Звыклыя да транспартных зносін з суседнім райцэнтрам вяскоўцы адразу адчулі нязручнасць. Са сваёй праблемай людзі звярнуліся да дэпутата.
Некалькі месяцаў Пётр Талай вёў перапіску з аператарам пасажырскіх перавозак. Спачатку прыходзілі фармальныя адпіскі, маўляў, немэтазгодна, няма магчымасці аднавіць маршрут. Але настойлівасць дэпутата ўзяла сваё – у сакавіку ў Елку зноў пусцілі аўтобус.

Пётр Аляксандравіч лічыць, што сельскі дэпутат не можа быць раўнадушным да праблем сваіх выбаршчыкаў. Тым больш, калі займае, як ён, такую адказную пасаду – старшыні сельвыканкама.
Са старшынёй салідарны і ўвесь дэпутацкі корпус.
– А як жа іначай, – адзначае Пётр Талай. – Месца дэпутата там, дзе яго выбаршчыкі. Што датычыцца нашых дэпутатаў, то ў іх не замылілася вока адносна праблем вяскоўцаў і магчымасці іх вырашэння. Больш таго, у кожнага сфарміраваўся свой стыль грамадскай работы. Такіх, хто займае пазіцыю “мая хата з краю”, у нас няма.
Тэрэза КАВАЛЕВІЧ
Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.