Праз малітву і споведзь – да святкавання Божага Нараджэння. У каталікоў апошнія дні посту
Апошні тыдзень посту перажываюць хрысціяне каталіцкага веравызнання. Кожны веруючы чалавек да ўрачыстасці Божага Нараджэння рыхтуецца перш-наперш духоўна – праз малітву, споведзь, прыняцце Святой Камуніі.

На працягу чатырох тыднях – часу Адвэнту – зэльвенскія парафіяне мелі магчымасць наведваць касцёл, па серадах і пятніцах прымаць удзел у раратняй імшы.

І вось засталіся апошнія дні прыгатавання да вігілійнай вячэры і найвялікшага гадавога свята. Як яны павінны прайсці? Молячыся разам у святыні, захоўваючы пост, асабліва ў дзень, перад вігіліяй. Вялікае значэнне мае ўнутраная, духоўная падрыхтоўка, калі неабходна падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з немаўляткам Панам Езусам. Варта зразумець: разам з Хрыстом у нас нараджаецца надзея, гэта значыць, мы адраджаемся самі духоўна. Гэтаму канешне ж паспрыяе шчырая споведзь і прыняцце Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У бліжэйшую сераду адбудзецца апошняя раратняя імша, калі дзеці з запаленымі свечкамі на чале са святаром пройдуць праз касцёл і разам вымавяць малітоўныя словы. Калі ў каго з вернікаў не атрымалася раней папрысутнічаць на падобнай імшы, знайдзіце для гэтага магчымасць – вельмі ўзрушана і прыгожа! Дарэчы, на гэтым тыдні засталася і апошняя магчымасць паспавядацца.

У суботу пасля вігілійнай сямейнай вячэры вернікі збяруцца ў касцёле на ўрачыстае набажэнства, пачатак якога ў 21:00.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены