Профессию выбрала по душе
Пра Лілію Карповіч, лабаранта бактэрыялагічнага аддзела райветстанцыі, кіраўніцтва і калегі гавораць толькі добрыя словы. Зараз, калі за плячамі тры дзясяткі гадоў практычнага вопыту, Лілія Антонаўна не ўяўляе сябе без гэтай прафесіі.
З настальгіяй жанчына ўспамінае сваё дзяцінства і юнацтва. З ранніх гадоў прызвычаілася да сялянскай працы. Паколькі бацькі былі заняты ў сельскай гаспадарцы, у вольны час спяшалася ім на дапамогу. Калі пасля заканчэння школы неабходна было вызначыцца з далейшай навучальнай установай, бацька, заўважаючы, наколькі прываблівае дачку ветэрынарыя, параіў ёй паступаць у Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Дзяўчына паспяхова вы-трымала ўступныя іспыты.
Пераканацца ў правільнасці свайго рашэння Ліліі паспрыяла і практыка на Дзярэчынскім урачэбным участку, дзе была магчымасць прымяніць веды, атрыманыя падчас вучобы. Будучы ветэрынар адказна адносілася да лячэння хворых жывёл, заўсёды прыслухоўвалася да парад больш вопытных спецыялістаў.
Пасля заканчэння тэхнікума Лілію Антонаўну накіравалі працаваць на Зэльвеншчыну. На абслугоўванні маладога спецыяліста знаходзіліся два калгасы “Зара” і “Галынка”. Кіраўніцтва ўважліва назірала за тым, як ставіцца дзяўчына да работы, разважала, ці надоўга хопіць яе энтузіязму. Але ветфельчар з кожным днём усё больш і больш унікала ў свае прафесійныя абавязкі і старанна іх выконвала.
З часам давялося змяніць месца працы. Атрымаўшы прапанову ўладкавацца ў райветстанцыю, згадзілася. Тым больш, што ў Зэльве з мужам дом будавалі і зручней было сюды дабірацца.
– Найпершая задача ветэрынарнай службы, – адзначае Лілія Карповіч, – не дапусціць узнікнення і далейшага распаўсюджвання на тэрыторыі раёна заразных і іншых хвароб сельскагаспадарчай жывёлы. Праца нашага калектыву, а менавіта бактэрыялагічнага ад-дзела, адказная, патрабуе асаблівай увагі і неабыякавасці. Ад правільна зробленых аналізаў і пастаўленага дыягназу залежыць захаванасць і лячэнне пагалоўя ў сельгасарганізацыях.
Прафесійныя навыкі Ліліі Антонаўны прыйшліся дарэчы і дома: хатняя жывёла заўсёды пад пільным наглядам клапатлівай гаспадыні.