“Прылятай, бліскавiца, i зiмой да мяне”
Выхад у свет новай кнігі паэта-земляка – значная падзея не толькі ў жыцці самога творцы, але і аматараў яго паэзіі на радзіме. Таму работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі ніколі не прапускаюць магчымасці сабраць разам улюбёных у Слова людзей і наладзіць прэм‘еру новай кнігі.
Вось і днямі чытальная зала бібліятэкі ледзь умясціла жадаючых сустрэцца з Аляксеем Галаскокам – аўтарам новага зборніка “Асенняя бліскавіца”. Назва выдання – сімвалічная. Прыгожае беларускае слова “бліска-віца” ў паэтычным радку асацыіруецца з успышкай – успышкай натхнення, радасці, захаплення. Творца спадзяецца заставацца і ў сталым узросце нераўнадушным да ўсіх праяў жыцця, быць чуйным адлюстравальнікам яго ледзь улоўных імпульсаў. І звязвае свае надзеі з малой радзімай. Нездарма прызнаецца: “вельмі часта стаў сніцца мой прынёманскі край”.
Жыве Аляксей Пятровіч Галаскок у Ганцавічах, на радзіме жонкі Ларысы Іванаўны, куды, звольніўшыся з войска ў званні падпалкоўніка, пераехаў у 90-я гады. Вайсковыя дарогі нашага земляка не былі без ухабаў. Служыў ён у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, не раз абараняў іх гонар падчас адказных вучэнняў. Вынік бездакорнай службы Айчыне афіцэра Галаскока – 9 медалёў, ордэн
“За службу Родине в СССР” і … два рубцы на сэрцы. Пад яго кіраўніцтвам былі салдаты з усіх куточкаў вялікага Саюза. І ўлюбёны ў далёкі беларускі край (служыў Галаскок у Сібіры), строгі, але спагадлівы афіцэр-беларус вельмі паважаў тых салдат, якія зберагалі сваю нацыянальную адметнасць. Цікавіўся іх звычаямі, традыцыямі, стараўся хоць павітацца з грузінам па-грузінску, з латышом – па-латышску… І сам саграваў у сэрцы дарагія змалку словы зэльвенскай гаворкі. Пісаць на службе не ставала часу, хіба што кароткія віншаванні сябрам. А вось калі вярнуўся на Радзіму, калі замілаванне да яе някідкай прыгажосці перапоўніла душу, – вершаваныя радкі пачалі непакоіць усё часцей і часцей.
Не шкадуюць мяне мае вершы,
Не даюць мне спакойна заснуць.
Вострым болем праходзяць праз душу,
У палон маё сэрца бяруць.
На сустрэчы гучала многа вершаў паэта пра яго родных – жывых і памерлых – і пра незабыўныя мясціны. З якой любасцю гаворыць ён пра свае маленькія Талалайкі, у якіх і жыў толькі два гады ад нараджэння! Пра Зальвянку і ваколіцы мястэчка згадвае такое, пра што і старажылы маглі забыць: “як пахне мне бэз каля мура вясною”, “куды падзеўся той разліў Зальвянкі, колісь гаманлівай?”, “юнаком прыбягаю да млына, да старой шурпатай вярбы”, “дзе дубы векавыя…, крынічкі жывыя…”.
Дзіцячая і юнацкая памяць мацней за гады разлукі і тысячавёрстыя адлегласці, а родная зямля заўсёды дае сілы чалавеку жыць і тварыць.
Мая краіна, Богам дараваная…
Здаўна тут людзі добрыя жывуць.
І небам васількі пафарбаваныя
На дыванах сваіх дзяўчаты ткуць.
Ведаючы Аляксея Пятровіча як чалавека з прыроджаным пачуццём гумару, творы якога з задавальненнем публікуе часопіс “Вожык”, чакалі арганізатары сустрэчы “гумарынак ад Галаскока”. І яны, вядома, прагучалі, вельмі ажывіўшы атмасферу ў зале. А пасля гумарэскі “Удачлівы рыбак” сам аўтар рэплікай пацвердзіў трапнасць яго гумару (адзін з рыбакоў Ганцаўшчыны палічыў сябе героем гумарэскі і пагражаў аўтару “разабрацца” за знявагу).
Не маглі бібліятэкары прайсці міма і песеннай творчасці Аляксея Пятровіча. На Берасцейшчыне песні на словы Галаскока вядомы даўно. Яны публікуюцца ў розных абласных выданнях, гучалі падчас свята пісьменнасці ў Ганцавічах у 2011 годзе, аздабляюць паэтычныя сустрэчы ў школах і бібліятэках. І вось пачалі пракладваць шлях на радзіме. Карыстаючыся тым, што ў новым выданні паэта ёсць ноты да некалькіх песен, бібліятэкары папрасілі выкладчыка школы мастацтваў Аляксандра Сямёнчыка запісаць фанаграмы дзвюх з іх. А выканаць песні даручылі залатому голасу Зэльвеншчыны – Станіславе Прызван. Аляксей Пятровіч быў вельмі ўзрушаны непаўторным голасам сваёй даўняй знаёмай, можна сказаць, сяброўкі дзяцінства, а любімая зэльвенцамі самадзейная артыстка сказала: “Цяпер песні земляка абавязкова застануцца ў маім рэпертуары”.
Мы яшчэ не адзначылі другой асаблівасці сёлетняй сустрэчы з Галаскокам, а менавіта: 2014 год – юбілейны для паэта. У пачатку лета ганцавіцкія аматары паэзіі рыхтавалі для яго юбілейную імпрэзу, а вось у канцы лета – землякі. Праўда, на радзіму паэт завітаў не для ўшанавання сваёй асобы. Ён ехаў з сям’ёй на міжэрыцкія і зэльвенскія могілкі, дзе спяць дзядулі-бабулі і бацька.
А бібліятэкары, даведаўшыся пра гэта, папрасілі не адмовіць сустрэцца з тымі, каго бяруць у палон яго вершы. Вось так супалі інтарэсы ўсіх удзельнікаў гэтай цёплай сустрэчы. Так што амаль уся сям’я старэйшага Галаскока прысутнічала на ўшанаванні дзеда і бацькі. І прыняла ў гэтым удзел! Вядучыя Валянціна Масюк і Марына Кніга папрасілі падзяліцца сваімі думкамі пра дарагога ім чалавека сына Івана і дачку Алесю. Настаўніца па прафесіі, Алеся Аляксееўна сказала: “Тут гаварылася пра нялёгкае дзяцінства майго таты, а вось мы з братам вельмі ўдзячны бацькам за сваё шчодрае на дабро дзяцінства. У нас была магчымасць і ў тэатрах пабываць, і ў падарожжах, і сустрэцца з цікавымі людзьмі… Кожнае лета мы палову адпачынку бацькоў праводзілі ў Зэльве, палову – у Ганцавічах. І каб не пакрыўдзіць адных і другіх дзядуль-бабуль, і каб бліжэй пазнаёміцца з мясцінамі, дзе гадаваліся нашы тата і мама. Бацька лічыў, што ніякі Крым не заменіць нам яго родных краявідаў. Мы з братам вельмі ўдзячны бацькам за навуку, стараемся і сваіх дзетак выхоўваць так, каб яны мелі ўсё неабходнае для развіцця іх асобы”.
Сын Іван Аляксеевіч (як і мама – урач) выказаў падзяку землякам бацькі, што так шануюць яго на радзіме, а ўнукі Кацярына і Даніла прачыталі любімыя дзядулевы вершы.
Дарэчы, дзіцячыя творы Галаскока, што раней склалі кнігу “Суд над сарокай”, ёсць і ў новым зборніку. З некаторымі ўдзельнікамі сустрэчы знаёмілі бібліятэкары. Яны вельмі павучальныя. Да прыкладу, “Хустачка для бабулі”:
За вячэраю бацькі
Разважалі дома:
“Хутка як бягуць дзянькі,
Будзе шэсць малому.
Што яму падараваць?
Хлопчык дні ўжо лічыць.
Трэба ж у яго спытаць.
Дык давай паклічам!”
На кіёчку прыскакаў
Сын хутчэй за кулю.
На пытанне адказаў:
“Хустачку бабулі”.
Відавочна, расчулены ўвагай землякоў, віноўнік урачыстасці пачаў сваё выступленне з падзякі і арганізатарам сустрэчы, і ўсім прысутным. А потым, як сапраўдны “воін-змагар” за родную мову, не стрымаўся і папрасіў услухацца ў гучанне некаторых беларускіх слоў. Не дзеля зневажання іншай мовы, а каб адчуць і непаўторнасць сваёй:
“Вось калі звярнуся я да жанчыны “журавінка мая”, ёй, думаю, спадабаецца. А скажу “клюквачка мая”, абразіцца, бадай. Або прынясу жонцы ў падарунак завушніцы, напэўна, не толькі сам падарунак, але і назва яго спадабаецца і запомніцца. Усё ў нашай мове вытлумачальна і зразумела. І чаму талеркай назвалі посуд (круглая, як грашовая адзінка талер), сукенкай – жаночы ўбор (сшытая з сукна), прыладу для пісьма – алоўкам (напачатку вырабляўся з волава) і г.д.
Чытаючы свае вершы, узга-дваў Галаскок момант іх нара-джэння. Напрыклад, пра адзін з любімейшых вершаў зяльвян, крэда сапраўднага мужчыны “Запавет”, сказаў: “Неяк пабачыў, як маладая жанчына пераходзіла дарогу з пустым вядром. Падумалася: можа, і недарэчная прыкмета, але ўсё ж старэйшая кабета такога б не зрабіла. І нарадзіліся радкі:
З вядром пустым не пераходзь дарогу,
Чужыя грошы доўга не трымай.
Ніколі не кляніся Богу.
Нялюбых у жыцці не абдымай”.
Паэту шчыра дзякавалі, віншавалі і з юбілеем, і з новым зборнікам. Кіраўнік зэльвенскіх літаратараў Людміла Попка адзначыла, што папярэдні зборнік Аляксея Пятровіча “Беларусь мая, родная, мілая” стаў для яе настольнай кнігай. “Калі горка і цяжка на сэрцы, не магу сабрацца з думкамі і ўзяцца за справу, – прызналася яна, – разгортваю кнігу Галаскока, перачытваю яго гумарэскі, і мне становіцца лягчэй. Калі нешта трэба важнае ў сваім жыцці вырашыць, зноў жа звяртаюся да любімай кнігі. Знаходжу “Запавет”, “Наказ”, “Калі сэрца баліць…” – і думкі бягуць у належным накірунку, маё цяжкае пытанне становіцца зразумелым і вырашальным”. Людміла Міхайлаўна за-клікала чытаць і перачытваць творы земляка.
Былая суседка Аляксея Пятровіча Ала Граздзей не толькі віншавала-дарыла, але і ў госці запрашала. Аднакласніца Ала Вілесава падрыхтавала госцю музычны падарунак. Алена Кароза выказала думкі ўсіх прысутных у цудоўным вершы, апошнія радкі якога гучалі так:
Праз вякі, праз стагоддзі
Пад блакітам аблокаў
Хай прадоўжыцца род,
Слаўны род Галаскокаў!
А ўдзячныя бібліятэкары яшчэ доўга не адпускалі Галаскокаў і прасілі заўсёды паведамляць ім аб чарговым спатканні з радзімай.
Аляксей Пятровіч падарыў новы зборнік чытачам раённай і Мадзейкаўскай бібліятэк.
Яніна Шматко.