«Прымаў удзел у вызваленні Румыніі і Чэхаславакіі». Гісторыя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны – Івана Саўчыка

Як шкада, што мы, дзеці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, не былі настойлівымі ў сваіх просьбах, не дабіваліся ад бацькоў расказаў аб ваеннай пары, і таму вельмі мала ведаем, дзе і ў якіх аперацыях прымалі яны ўдзел. Спытаеш пра вайну, а ў адказ – слёзы бацькі, вось і спыняеш роспыты… Добра, калі да радавых воінаў паспелі прыехаць карэспандэнты, тады ўжо былы салдат вымушаны быў нешта прыгадаць. А калі не паспелі журналісты і мы, дзеці, “не выудили” нічога, што тады? – Застаецца пісаць гісторыю па тых скупых рэчах, што захоўваюцца ў сем’ях. Бацька маіх стрыечных сясцёр Чаславы Багдановіч і Яніны Цяслоўскай Іван Людвікавіч Саўчык памёр у 1987 годзе. Жонка і дзеці пахавалі разам з ім і яго ўзнагароды. Захавалася нямногае: ордэнская кніжка ўганараванага ордэнам Айчыннай вайны II ступені, пасведчанне аб узнагароджанні юбілейным медалём “60 лет Вооруженных Сил СССР”, талон на права атрымання праязнога білета з 50-працэнтнай скідкай. Ёсць некалькі фотаздымкаў з сям’ёй і адзін – з узнагародамі ўжо ў сталым веку (незадоўга да смерці).
А сярод старых сямейных здымкаў, што, як звычайна, захоўваліся ў рамках на сцяне пакоя, прыцягнуў увагу адзін вельмі цікавы, які і падштурхнуў на пошук месца, дзе быў ён зроблены. Магчыма, на яго адвароце і быў нейкі надпіс карандашом з датай, але даўно сцёрся пад клеем. А вось у вугалку здымка добра відаць, што двое маладых прыгожых хлопцаў завіталі ў фотаатэлье “Ідэал” чэшскага горада Будзеёвіцэ.
Малады Іван Саўчык, ураджэнец вёскі Падбалоцце, стаіць і з усмешкай глядзіць у фотааб’ектыў. Побач з ім сядзіць, відаць, таварыш па службе. Магчыма, гэта першая ў іх жыцці фатаграфія. І як добра, што яна захавалася хоць і ў такім выглядзе. Хоць нешта, ды яна нам раскажа…

Са скупых звестак, што захавалі дочкі Івана Людвікавіча, вядома, што ён прымаў удзел у вызваленні Румыніі і Чэхаславакіі. Паколькі ніякіх доказаў наконт удзелу ў баях за Румынію ў сям’і не захавалася, мы не будзем фантазіраваць і шукаць там след радавога Саўчыка. А вось пра чэхаславацкія падзеі можам крыху расказаць.
Групоўка ворага, што дзейнічала на тэрыторыі Чэхаславакіі, як сведчыць энцыклапедыя пра падзеі Другой сусветнай вайны, была ахоплена савецкімі войскамі з поўначы, усходу і паўднёвага ўсходу. У любы момант былі гатовы знішчыць немцаў арміі 1-га, 2-га і 4-га Украінскіх франтоў, у складзе якіх дзейнічалі 20 агульнавайсковых, 3 танкавых, 3 паветраных арміі. Савецкія войскі мелі перавагу над ворагам і ў людзях, і ў тэхніцы: у воінах – у 2 разы, у артылерыі і авіяцыі – у 3. Колькасць танкаў была прыкладна аднолькавай. Сярод гэтых баявых адзінак была і ваенная часць Івана Саўчыка. Бо як інакш мог ён трапіць у Будзеёвіцэ, вызвалены Чырвонай Арміяй у маі 1945 года?!
Не дзіва, што так радаваліся салдаты пасля перамогі над ворагам і хацелі хоць неяк адзначыць гэты знамянальны дзень. А чаму зняліся ў цывільным? – Відаць, Іван гэтым хацеў даць надзею родным на блізкую сустрэчу. Вось, глядзіце, тата і мама, глядзіце, сёстры, вайна закончана – я ўжо не салдат і хутка прыеду вам на дапамогу.

А яго дома вельмі чакалі: ён быў адзіным сынам у вялікай сям’і Людвіка і Браніславы Саўчыкаў (сясцёр у Івана было ні многа ні мала – ажно шасцёра). Вельмі шкада, што не захавалася салдацкая кніжка Івана Людвікавіча: яна бы многае магла дадаць да біяграфіі радавога. Падзякуем хоць за гэты захаваны жонкай і дзецьмі здымак.
Ажаніўся Іван Людвікавіч у сталым узросце з Сарафінай, маладзейшай за яго на цэлых дзевяць гадоў. Сям’я ў іх была таксама вялікая: двое сыноў і чацвёра дачок. Выраслі ўсе працавітымі і паважанымі, змалку дапамагалі бацькам і дома, і ў калгасе. Сарафіна Людвікаўна была паляводам, а Іван Людвікавіч – жывёлаводам: вясной і летам пасвіў цялят, а зімой даглядаў іх на ферме. Дзеці часта бегалі на падмогу бацькам. І зараз з удзячнасцю ўспамінаюць іх навуку.
…Вось аб чым нагадала адна старая фатаграфія.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены