Пяшчота і любоў – дзецям
Многія зэльвенскія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо ведаюць, што ў перыяд калядных і навагодніх святаў адбываюцца сапраўдныя цуды. А здараецца такое дзякуючы чулым і спагадлівым людзям, для якіх прыносіць радасць дзецям – не місія, а сэнс жыцця.
Напярэдадні снежаньскіх святаў члены пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і актывісты прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі рэдакцыі газеты “Праца” наведалі выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (на здымку). Разам з асаблівымі дзеткамі па-асабліваму пяшчотна вадзілі карагоды вакол ёлкі, накрылі салодкі стол. Размова выдалася шчырай і цёплай. Госці цікавіліся станам здароўя выхаванцаў цэнтра, а тыя расказвалі аб сваім жыцці, радаваліся прынесеным падарункам і не хацелі развітвацца.
Але дзетвары не прыйдзецца доўга сумаваць – хутка эстафету прымуць іншыя арганізацыі і ўстановы раёна, якія, акрамя паўсядзённых спраў, сваім абавязкам лічаць удзяляць як мага больш увагі дзецям. Не толькі сваім, але і тым, хто абдзелены цяплом дамашняга ачага або ў сілу розных абставін абмежаваны ў магчымасцях. Урэшце няма чужых і сваіх, усе дзеці – нашы.
Алеся ШУМОВІЧ.