Чатырнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак прыступілі да Першай Камуніі ў касцёле Святой Тройцы г.п.Зэльва

Да прыняцця гэтага сакраманту дзеці плённа рыхтаваліся. На працягу трох гадоў яны рэгулярна наведвалі святыню, вучылі малітвы і на ўроках рэлігіі разважалі аб Божым слове. Урачыстасці папярэднічала першая шчырая споведзь юных прыхаджан. Яны атрымалі ачышчэнне ад грахоў, каб у выглядзе белай аплаткі прыняць Езуса Хрыста ў сваё сэрца. Да сакраманту пакаяння разам з дзецьмі прыступілі і іх бацькі. Раніцай у нядзелю яшчэ задоўга да пачатку богаслужэння каля святыні пачалі збірацца дзеці, апранутыя ў беласнежныя адзенні, нібыта анёлачкі, што спусціліся з нябёс на зямлю. Кожны з нецярпеннем чакаў асноўнага моманту свята.    У пачатку імшы маленькіх вернікаў вітаў ксёндз Яцэк Маркель, які акрапіў іх святой вадой.   Затым падлеткі атрымалі благаславенне бацькоў і хросных. Пасля накіраваліся ў касцёл, які быў па-святочнаму ўбраны прыгожымі кветкамі і рознакаляровымі стужкамі. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі самыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны шчыра ўзносілі да Бога свае малітвы, чыталі ўрыўкі са Святога Пісьма, спявалі псальмы, неслі падрыхтаваныя дары…   Пры запаленых свечках дзеці паабяцалі хадзіць на ўрокі рэлігіі, працягваць далейшае вывучэнне Божага Слова, рабіць добрыя ўчынкі, рэгулярна ўдзельнічаць у богаслужэннях.   Нарэшце наступілі такія радасныя і доўгачаканыя хвіліны урачыстай дзеі. Юныя прыхаджане выказалі моцнае жаданне прыняць сакрамант Эўхарыстыі. З асаблівым хваляваннем дзеці атрымалі Першую Камунію з рук ксяндза Яцка. Напрыканцы літургіі ад імя бацькоў прагучалі словы шчырай удзячнасці айцу Яцку і катэхетцы Таццяне Карозе за духоўную і інтэлектуальную падрыхтоўку дзяцей.   Кожны дзень бягучага тыдня, які называюць Белым, маленькія парафіяне ў святочным белым адзенні будуць хадзіць у касцёл. Такім чынам яны дзякуюць Богу за атрыманы сакрамант Першай Камуніі. Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.