Радасць сэрца – кветкавы рай

Радасць сэрца – кветкавы рай

На вуліцы Пушкіна ёсць адметны дом, а дакладней, падворак, які патанае ў кветках. Маляўнічую карціну дапаўняюць разнастайныя кампазіцыі з падручных матэрыялаў. Гледзячы на цікавыя сюжэты, задумваешся: трэба ж так любіць зямлю і быць настолькі творчым чалавекам, каб ствараць такую незвычайную прыгажосць! Роздумы перапыняе голас гаспадыні, якая гасцінна запрашае зайсці ў двор.

Знаёмімся: Валянціна Міхайлаўна Вярстак. Вырасла ў вёсцы, дзе бацькі мелі сваю гаспадарку, вялікі агарод. Адсюль любоў да зямлі, акружаючай прыроды. Колькі памятае жанчына, у бацькоўскай хаце на вокнах заўсёды ярка палымнелі пеларгоніі. А вось часу на кветнік не хапала. Калі Валянціна Міхайлаўна падрасла, прапанавала маці разбіць клумбу, сама пасадзіла кветкі, разам з сястрой іх даглядала, кожны год дапаўняючы новымі відамі. Дом стаў адметным у Лаўрыновічах, а любоў да кветак у абедзвюх дзяўчынак прыжылася і не пакідае цяпер. 

Радасць сэрца – кветкавы рай

Пасля замужжа Валянціна Міхайлаўна доўга жыла ў кватэры з усімі выгодамі. Асалоду атрымлівала ад развядзення і догляду за пакаёвымі кветкамі. Ім адводзіла месца не толькі на падаконніках, але і размяшчала на сценах, падлозе, розных паліцах. Жыла адной марай – мець уласны дом. Так здарылася, што лёс паслаў ёй нялёгкія выпрабаванні – шлюбная лодка дала трэшчыну. Сямейнае жыццё неабходна было наладжваць па-новаму. На шчасце, трапіў мужчына, які разумеў і падтрымліваў Валянціну ва ўсім. Ідэя перабрацца на зямлю яму таксама спадабалася. Пасля доўгіх пошукаў знаёмыя параілі звярнуць увагу на хату, якой практычна не было відаць з-за высокага зарасніку кустоў і дрэў. Навядзенне парадку пачалося з выкарчоўвання старога саду, добраўпарадкавання тэрыторыі, правядзення рамонту ўнутры будынка. Паступова ўчастак набываў новае аблічча. Праз пэўны час гаспадыня ўжо мела магчымасць пасадзіць агародніну. На месцы старых дрэў з’явіліся маладыя яблыні, грушы, вішні, вінаград. А вось да развядзення кветак Валянціна Міхайлаўна падыходзіла вельмі скрупулёзна – садзіла самыя простыя і ў невялікай колькасці, каб пераканацца, ці спадабаюцца ім глеба і клімат. Аднак расліны адчулі незвычайны клопат і ўвагу гаспадыні: ужо ў першы сезон аддзячылі яркай квеценню. Гэта надало рашучасці і свабоды для фантазіі. Жаданнем стварыць штосьці арыгінальнае і незвычайнае заразіліся ўсе дамачадцы. Гаспадар па просьбе жонкі разбіў клумбы розных форм. Жанчына так размеркавала насенне, каб кветкі палыхалі з вясны да позняй восені. Як толькі сыдзе снег, з’яўляюцца белыя, потым блакітныя падснежнікі, іх змяняюць жоўтыя нарцысы, пурпурныя гіяцынты, сінія ірысы, чырвоныя цюльпаны, пунсовыя клематысы, жоўтыя рамонкі, малінавыя флоксы, рознакаляровыя аксаміткі, гладыёлусы, ружы і гонар гаспадыні – ліліі. Пра апошнія можна стварыць цэлую энцыклапедыю для кветкавода. Першае, што адразу прываблівае позірк, афарбоўка (пры-знацца, некаторую я ўбачыла ўпершыню) ад белага да цёмна-бардовага. Далей – розная вышыня (некаторыя дасягаюць больш за паўтара метра), колькасць суквеццяў – на адной галінцы можна налічыць да 16 – 20 бутонаў. Знайшліся памочнікі для праполкі і паліву раслін – унучкі Кацярына і Вольга. 

Радасць сэрца – кветкавы рай

 

Каб кветкі не раслі ў адзіноце, гаспадыні прыйшла ідэя надаць непатрэбным  рэчам новае жыццё. У ход пайшло ўсё, што знайшлося ў хляве  – старыя вёдры, чыгункі, колы, металічныя дэталі, бабулін калаўрот, арэлі. Замыславатыя карэнні і карчы дрэў, якія засталіся пасля выкарчоўвання старога саду, былі пачышчаны і пафарбаваны. Кожны прадмет набыў новае прызначэнне. Зараз пад яблыняй гушкаюцца ўнукі, а за імі “назірае бабуля”, якая прадзе кудзелю. Тут жа можна пасядзець на лаўцы з кубкам духмянага чаю. Знайшлося месца і для штучнага буслінага гнязда. На лузе пасецца кароўка, непадалёку – парсючок “смакуе” сёлетні ўраджай яблыкаў. Прывабна выглядае і блакітнае возера з лотасам, лебедзямі, гусямі, жабкамі. Водарам кветак насычаюцца пчолы, матылькі і божыя кароўкі, зробленыя з пластыкавых бутэлек і старых спартыўных мячоў. За парадкам з буды “назірае” сабака. Адным словам, ёсць уся “жыўнасць”, неабходная сапраўдным гаспадарам. Як толькі пачынае змяркацца, на падворку загараюцца яркія ліхтарыкі, устаноўленыя ўздоўж газонаў, асвятляючы ўсю прыгажосць навакольнай тэрыторыі.

Радасць сэрца – кветкавы рай

 

Яшчэ адна асаблівасць кветніка – дэкаратыўныя расліны прыжыліся разам з лекавымі, сярод якіх – ружовая эхінацэя, блакітная меліса. А далей кампазіцыю прадаўжае гародніна – суквецці кропу, лапушыстая салата, высокі сланечнік, рознакаляровая капуста, зорачкі бульбы. Зусім нядаўна паміж кветнікам і агародам пачалі ўстанаўліваць пляцень, на які вынаходлівыя ўнучкі павесілі гліняныя гаршкі і збаны.

Па словах Валянціны Вярстак – гэта толькі пачатак пераўтварэнняў. Няма таго вечара, каб яна не прайшлася паміж радамі кветак, не паразмаўляла з імі,  не праверыла іх стан. Прааналізаваўшы сёлетнія свае памылкі, будуе планы на наступны год. “Хачу шмат чаго змяніць, – гаворыць Валянціна Міхайлаўна, – каб толькі хапіла часу і сіл іх увасобіць у жыццё”. 

Радасць сэрца – кветкавы рай

 

Аб сваім дэндрарыі гаспадыня можа расказваць гадзінамі, бо цікавіцца гэтай тэмай, шмат чытае спецыяльнай літаратуры, глядзіць тэлеперадачы. Лічыць, што кветкі надаюць ёй здароўе і добры настрой. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.