Равеснікі Гродзенскай вобласці. Марыя Жук – выхавальніца з 33-гадовым стажам
Равесніца вобласці Марыя Міхайлаўна Жук усё працоўнае жыццё прысвяціла рабоце з дзецьмі. Яе лёс неаддзельны ад гісторыі ўсёй пасляваеннай Гродзеншчыны, ад лёсу яе равеснікаў, народжаных у год вызвалення Беларусі ад ворага.

Дзіцячыя і юнацкія гады
Нарадзілася і расла Марыйка ў вёсцы Збляны ў сям’і Міхаіла Міхайлавіча і Ганны Васільеўны Рудых. Была яна другой у сям’і дзяўчынкай, малодшай за сястру Ніну на чатыры гады. Дзяўчаткі моцна любілі адна адну, Марыйка ва ўсім старалася быць падобнай да сястры. У выбары прафе-
сіі – таксама: Ніна марыла стаць настаўніцай. Значыць, да гэтага інтуітыўна пачала імкнуцца і Марыйка.
– Бачыш, – казала старэйшая малодшай, – колькі дзяцей у нашай і суседніх вёсках. Усіх трэба вучыць. Таму трэба і настаўнікаў многа.
Пачатковую адукацыю зблянская дзетвара атрымлівала ў недалёкіх Лаўрыновічах. Прозвішчы першых настаўнікаў ужо не згадаць, а імёны і імёны па бацьку назаўсёды ў памяці. У першым і другім класах выкладалі Еўдакія Ягораўна і Аркадзь Мікалаевіч, у трэцім і чацвёртым – Міхаіл Васільевіч і Роза Георгіеўна. Настаўнікаў любілі не толькі дзеці – бацькі з вялікай павагай ставіліся да вясковых педагогаў. Прафарыентацыяй тады ў школах не займаліся: гэта важная справа выконвалася матулямі і татамі. Дзеці і гульні свае звязвалі найчасцей з навучаннем і выхаваннем. Старэйшыя збіралі вакол сябе малодшых, вучылі іх дэкламаваць вершы і байкі, танцаваць і спяваць. Марыя Міхайлаўна з усмешкай успамінае, як яна з сястрой і сяброўкамі ў іх хаце майстравалі нешта падобнае да сцэны, надзявалі на сябе маміны блузкі, спадніцы, вядома ж, адзіныя туфлі на невысокім абцасе – і пачыналі канцэрт. Старэйшыя чакалі ад малодшых падзякі, і тыя з ахвотай выклікалі “артыстаў” на “біс”.
Летам усе дзеці былі памочнікамі бацькоў у полі і на лузе: жалі жыта і пшаніцу (тады яшчэ сярпамі), рвалі і абівалі лён, сушылі і граблі сена, грузілі яго на вазы, а потым ставілі стагі… Работа была нялёгкай, але дружная каманда дзетвары яе не баялася, а ахвотна дабаўляла праца-
дні да бацькоўскіх. Праўда, на працадні грошай не давалі, у асноўным плацілі зернем. Таму дзеці часта наведваліся ў бліжэйшы лес, збіралі грыбы, ягады, арэхі.
Ніна з Марыяй вельмі добра ведалі грыбныя і ягадныя мясціны: іх тата пэўны час працаваў лесніком, вучыў дачушак арыентавацца ў лесе ды адрозніваць ядомае ад неядомага. Калі мама прадавала сабраныя дзяўчаткамі дары лесу, то абавязкова прыносіла ў падарунак цукеркі “падушачкі”. Іх смак адчуваецца і зараз, калі згадваецца той час…

У тыя гады ўжо дзейнічаў Закон аб абавязковым базавым навучанні, але жорсткага кантролю за яго выкананнем не было. Таму неахвотныя да навукі дзеці абмяжоўваліся пачатковай адукацыяй. Яны ішлі працаваць, і іх ахвотна прымалі ў лік калгаснікаў, асабліва на фермы.
Марыйка з сястрой вучыліся добра, і яны прадоўжылі навучанне ў Зэльвенскай сярэдняй школе. Шлях ад Зблян да Зэльвы не такі кароткі, але ён не палохаў: дзяцей з Лаўрыновіч і Зблян набіралася шмат. Нават сустрэчы з ваўкамі зімой здараліся. Дарослыя навучылі дзяцей карыстацца факеламі, так што дарога ў нейкай ступені нават вабіла маладых рамантыкаў. Калі дарогу замятала снегам, выручаў тата Марыйкі: ён браў каня, сані і падвозіў дзетвару да школы. Ніне і Марыі пашанцавала: іх бацька не раздзяліў лёс расстраляных у першыя дні вайны мужчын.
Сем гадоў хадзіла Марыя з сяброўкамі ў Зэльвенскую школу – з пятага па адзінаццаты класы. Настаўнікі былі высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Трывалыя веды давалі філолагі Мальвіна Іоська, Канстанцін Церах, Вера Міхельсон, гісторыкі і географы Ніна Калеснікава, Іван Палякоў, Ганна Сідаровіч, Аляксандр Калеснікаў, матэматыкі Галіна Флярова, Марыя Каралёва, хімік Кацярына Папова…
Яны яшчэ больш умацавалі і без таго моцнае жаданне звязаць свой лёс з педагогікай. І калі летам 1962 года ў райкаме камсамола прапанавалі Марыі паехаць у Гродна на курсы па падрыхтоўцы старшых піянерважатых, яна адразу згадзілася.
Першыя крокі ў прафесію
Пасля курсаў Марыя была накіравана на працу ў Падбалоцкую сямігадовую школу. Прынялі дзяўчыну добра. Калектыў узначальваў вопытны педагог Ігар Гаўрон. Наведаўшы некалькі пад-
рыхтаваных старшай піянерважатай мерапрыемстваў, пачуўшы, як умела яна кіравала хорам, прапанаваў дзяўчыне выкладанне спеваў.
–У Зэльве цябе добра вучылі, так што згаджайся, – казаў пры назначэнні дырэктар.
І сапраўды, усё атрымлівалася: піянерскія сходы, кастры, паходы. Лагічным было думаць аб педагагічнай адукацыі. Дзяўчына выбрала Бераставіцкае педагагічнае вучылішча.
– Чаму не Ваўкавыскае?– пытаюся.
– Дык гэта ж у Ваўкавыск перанеслі Бераставіцкае вучылішча якраз у год майго заканчэння вучобы, – тлумачыць суразмоўца.
Адбылося гэта ў 1966-м годзе. Маладая настаўніца з заміраннем у сэрцы чакала рашэння
РАНА: куды накіруюць працаваць. А прапанова была нечаканай – выхавальніцай у дзіцячыя яслі-сад. Нават спачатку крыху разгубілася…
Выхавальніца з 33-гадовым стажам
У 1966-м годзе ў Зэльве была толькі адна ўстанова дашкольнага выхавання. Старэйшыя зэльвенцы добра памятаюць яе месцазнаходжанне на вуліцы Чапаева, тым болей што і будынак захаваўся.
Дэкрэтны адпачынак у жанчын тады быў кароткім: дзяцей у сад прыносілі… трохмесячнымі. Сёння цяжка ўявіць, як такую драбнату аддаць на цэлы дзень у чужыя рукі. А даводзілася. Вось у такую групу і накіравалі выпускніцу педвучылішча.

– Маім першым настаўнікам была Ніна Кісцянёва, – з удзячнасцю ўспамінае Марыя Міхайлаўна.– Я першыя дні проста гублялася ад немагчымасці ўсё паспець зрабіць. Дзяцей у групе – 38. І ўсіх некалькі разоў на дзень трэба было спавіць, закалыхаць, супакоіць, ды і проста запомніць кожнага, навучыцца разумець, чаго каму не стае. Не адразу прыйшоў вопыт. Але паступова ўцягнулася, прыслухоўвалася да бацькоў, якія характарызавалі сваіх дзетак. Можна сказаць, “расла” разам з малымі.
Трэба яшчэ сказаць, што і ўмовы той парой былі не такімі камфортнымі, як цяпер. Пячное ацяп-
ленне, вадаправода і каналізацыі не было, а дзецям так часта трэба мяняць бялізну (пра памперсы тады яшчэ і размовы не было). Так што толькі тыя, хто па-сапраўднаму любіў сваю справу, вытрымлівалі такія нагрузкі. Трывалі, але і не раз падымалі перад раённым кіраўніцтвам пытанне аб узвядзенні новага будынка – тыповага, з усімі выгодамі.
Кіраўнікі становішча ведалі. Самі дзетак вадзілі ў садок, таму як маглі стараліся паскорыць рашэнне такой важнай справы.
Нарэшце ў 1975 годзе адбылося адкрыццё новага садка на вуліцы Пушкіна! Колькі радасці было ва ўсіх! І ўмовы выдатныя, і дзеці ўжо не такімі маленькімі ўпершыню станавіліся выхаванцамі, і групы не па 35-40 чалавек фарміраваліся, а напалову меншыя. Неўзабаве яшчэ адзін сад быў пабудаваны – “Залаты ключык”. Першапачаткова ён прызначаўся для дзяцей работнікаў ПМК, бо яго і будавалі “пээмкоўцы”. Але потым пачалі набіраць усіх, каму было бліжэй па месцы жыхарства. І ў выхавальнікаў быў выбар: заставацца на Пушкіна ці пераходзіць у новы сад. Марыя Жук перайшла ў “Залаты ключык” і працавала ў ім да выхаду на пенсію.
Адказваючы на пытанне, з кім давялося працаваць, Марыя Міхайлаўна з вялікай цеплынёй згадвае калег: загадчыкаў садка Ніну Шыпікаву, Леакадзію Чарнецкую, выхавальнікаў Марыю Ляўчук, Алену Канюшэўскую, Ніну Сідорка, маму і дачку Сарокіных, Ірыну Кавалевіч, Чаславу Багатырка, Марыю Ілючак і многіх іншых.
– Нам давяралі сваіх дзетак такія вядомыя ў Зэльве людзі, як Давідзені, Баганы, Куліковы, Кабіцкія, Месячыкі, Дзеркачы, Шчамялёвы, – дзеліцца ўспамінамі суразмоўца. – Мы стараліся
быць у самым цесным кантакце з бацькамі, каб як найлепей ведаць асаблівасці і захапленні іх дзетак. Зараз, гледзячы на фотаздымкі, прыпамінаеш, як ішло развіццё кожнага з 3-х гадоў і да моманту выпуску з садка. Мы і з будучымі настаўнікамі сваіх выхаванцаў знаёміліся задоўга да выпуску.
– Ці пазнаеце сваіх выпускнікоў, калі спаткаеце на вуліцы?
Марыя Міхайлаўна смяецца:
– Не заўсёды. Тых, хто ў Зэльве жыве і працуе, вядома, пазнаю, бо часта бачу. А калі не бачыш гадоў 20, то вельмі цяжка пазнаць у рэспектабельным мужчыне чатырох-пяцігадовага хлапчука…
За 33 гады працы ў садках пасёлка Марыю Жук не раз узнагароджвалі ганаровымі граматамі, грашовымі прэміямі, падзячнымі лістамі. Але самай вялікай узнагародай яна лічыць імгненні, калі былы выхаванец або пазвоніць, або падыдзе на вуліцы і скажа такое кароткае, але жаданае “дзякуй”.
Сямейныя клопаты
Марыя Міхайлаўна рана выйшла замуж, таму зараз у яе не толькі дзеці і ўнукі дарослыя, але і праўнукі ўжо выбіраюць свае шляхі ў прафесію. Дачка і двое сыноў падарылі матулі пяць унукаў і сем праўнукаў. Пры гэтым бабуля нярэдка прымала самы актыўны ўдзел у выхаванні нашчадкаў.
Яшчэ ў канцы 60-х гадоў перавезлі ў Зэльву драўляны дом свекрыві, якая заставалася ў вёсцы адна. Матуля мужа і дзяцей гадаваць дапамагала. Работы хапала ўсім. Марыя Міхайлаўна вельмі любіла агароднічаць. У яе і памідоры заўсёды раней, чым у іншых паспявалі, і агуркамі дзеці ласаваліся ці не першымі на вуліцы. А захапленне жанчыны лесам спрыяла шматлікім нарыхтоўкам на зіму грыбоў, джэмаў ды кампотаў.
Яе ўмелыя рукі твораць цуды і сёння. Разам з малодшым сынам Аляксандрам яны стварылі куток прыгажосці ў агародзе, дзе любяць адпачываць унукі і праўнукі. Не пакідаюць у занядбанні і бацькоўскі дом у Зблянах.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке
Комментарии отключены