Рэха памяці. Успаміны пра настаўніка з в.Бародзічы Аляксандра Голуба

У рэдакцыю звярнулася ўнучка былога настаўніка Зэльвенскай СШ А.М.Голуба Таццяна. Яна прынесла ўспаміны пра дзядулю, якому 25 студзеня споўнілася б 100 гадоў. Аляксандр Міхайлавіч быў настаўнікам вядомых пісьменнікаў Уладзіміра Ягоўдзіка і Уладзіміра Мазго. А яшчэ –  знакамітага філосафа, культуролага, педагога, журналіста, выкладчыка БДУ М.І.Іоські, пра што мы даведаліся з успамінаў. І Голуб, і Іоська – ураджэнцы вёскі Бародзічы. Прытым абодва – юбіляры 2019 года. Успаміны М.І.Іоські пра А.М.Голуба – толькі частка яго дзённікавых запісаў пра дарагіх яму людзей. Цалкам ўспаміны выйдуць асобнай кнігай у адным з выдавецтваў Мінска.

А.М.ГОЛУБ. 1970-я гг.

Як настаўнік Аляксандр Голуб вучыў дзяцей пад акупацыяй

Прыгадваючы сваё школьнае юнацтва ў вёсцы Барадзічы пад Зэльвай, хачу расказачь пра Аляксандра Міхайлавіча Голуба. Настаўнікам ён пачаў працаваць у перыяд нямецкай акупацыі. I вось гэты факт, на жаль, прынёс яму нямала непрыемнасцяў. Пачнуць пра яго дзе-небудзь гаварыць як пра добрага педагога, і раптам хто-небудзь абавязкова ўставіць: “Але ён жа настаўнічаў пры немцах…”.

I гэта пры тым, што афіцыйнымі органамі Аляксандр Міхайлавіч ніколі ні ў чым не абвінавачваўся. Яму не прад’яўлялі ніякіх прэтэнзій. I ўсё ж тое “але” працягвала гучаць на педагагічных нарадах, з вуснаў калег і раённых начальнікаў.

Нельга сказаць, што Голуба не баранілі, не зняпраўджвалі тыя незаслужаныя папрокі. Неаднойчы і мне даводзілася быць сведкам падобных сцэн. Але, як гаворыцца, на чужыя вусны не накінеш хусты. Верагодна, жывучасці таго “але” спрыяла і прыродная сціпласць Аляксандра Міхайлавіча. Сціпласць сама па сабе безабаронная.

Праўда, у Барадзічах, дзе і адбываліся памятныя для мяне падзеі, ніхто ніколі не сумняваўся ў прыстойнасці, сумленнасці і высокай грамадзянскай адказнасці А.М.Голуба. Калі вяскоўцы пры сустрэчы кланяліся яму ніжэй, чым любому другому настаўніку, то тлумачэнне гэтаму трэба шукаць у падзеях саракагадовай даўніны.

Аляксандр ГОЛУБ з жонкай Верай і сынам Аляксандрам. 1966 г.

Вядома, што ў перыяд акупацыі Беларусь была падзелена на тры часткі. Адна з іх была далучана да Германіі. Дык вось, кажучы юрыдычнай мовай, у 1942-1943 гадах у нямецкім Райху працавала беларуская школа. Яе стварыў у вёсцы Барадзічы Аляксандр Міхайлавіч Голуб.

Ён не быў звязаны ні з падполлем, ні з партызанамі і не атрымліваў ні ад каго заданняў. Малады, амаль без жыццёвага досведу, ён, аднак, глядзеў далей за многіх. Інтэлігентнага (у вышэйшым і найлепшым значэнні гэтага слова) чалавека Голуба насцярожыла, што ці не ўся вясковая моладзь цягам адной зімы 1941 года падалася ў падмайстры-памочнікі да краўцоў, сталяроў, гандляроў і г.д.

I Аляксандр Міхайлавіч пайшоў па хатах агітаваць дзяцей вучыцца. Са сваімі парадамі і думкамі, са сваімі планамі ён выглядаў вясковым Дон Кіхотам.

– Вучыцца? А навошта? Дзеля чаго? А хто будзе араць і сеяць?

– А хіба фашыстам патрэбны адукаваныя рабы?

Аляксандра Міхайлавіча не спынілі падобныя пытанні, адмовы, насмешкі. Высокі, худы, ён не толькі знешне нагадваў рыцара з Ламанчы. Ён ім быў па сваёй сутнасці – ішоў наперад, нягледзячы на перашкоды, стараўся дапамагчы ўсім, хто меў патрэбу ў дапамозе. Ён ішоў наперад, бо нехта ж павінен ісці першым, нават сабе на гора, бо іначай жыццё спыніцца. Паболей было б у свеце донкіхотаў!

Спачатку ў яго было толькі трое вучняў. Настаўнік даваў урокі ў сябе дома. Платныя ўрокі. Праўда, плата была чыста сімвалічнай – 5 марак за месяц. Яна патрабавалася хутчэй як маскіроўка.

Калі маці адпусціла мяне вучыцца (да гэтага я цэлую зіму спрабаваў шыць боты), Аляксандр Міхайлавіч ужо праводзіў заняткі па хатах у вучняў. Але ў 1942 го-дзе гаспадар Мароз аддаў у наша распараджэнне (не ведаю, на якіх умовах) клас у будынку былой польскай школы. А неўзабаве з дапамогай бацькоў мы адрамантавалі занядбаную хату паблізу чыгуначнай станцыі. Помніцца, ацяплялі яе пачаргова сваімі дровамі. Замест шыбаў паставілі ў вокны фанеру. I ўсё ж гэта была школа! Свая школа! У ёй мы былі вучнямі і гаспадарамі.

Аляксандр ГОЛУБ.

Веру, што мясцовыя краязнаўцы зацікавяцца гэтай старонкай гісторыі свайго раёна. Я ж бяру на сябе смеласць паўтарыць, што дзейнасць Барадзіцкай школы ў 1942-1943 гадах – цікавая і каштоўная старонка гісторыі Зэльвеншчыны.

Што нам даваў настаўнік, апрача асветы? Любоў да Радзімы, да свабоды. Мы вывучалі ўсе неабходныя па школьнай праграме прадметы, прычым па ранейшых (савецкіх) падручніках на беларускай мове. Кожны раз, калі ў вёску прыязджалі немцы, мы па сігнале трывогі збіралі свае падручнікі і хавалі ў бяспечным месцы. Такое здаралася часта, часам ледзьве паспявалі да прыходу нязваных гасцей. Аднойчы прыйшлося нават развітацца з цэлым стосам падручнікаў.

Лёнік Лойка схаваў іх у суседнім са школай двары. Кнігі знайшла гаспадыня і, баючыся, што яны трапяцца на вочы немцам, выкінула іх у надрэчны чарот. Знайшлі мы свае падручнікі толькі праз тыдзень. Уратаваць іх не ўдалося.

Над намі заўсёды вісеў страх. Самае цікавае, што Аляксандр Міхайлавіч не быў настаўнікам і да Барадзіцкай школы зусім не меў досведу педагагічнай працы. Ён рос разам з намі. У ім было нешта ад народнага настаўніка: шырыня светагляду, сапраўдная энцыклапедычнасць, любоў да класічнай літаратуры, павага да народнай мудрасці, традыцый, патрабавальнасць да сябе і вучняў.

Адкуль гэта было ў яго? Не ведаю. Як не ведаю і таго, якім чынам Аляксандру Міхайлавічу ў 1943 годзе ўдалося атрымаць ад акупацыйнай улады права на афіцыйнае існаванне нашай школы (яна занадта разраслася, каб застацца непрыкметнай). Увогуле, мы, дзеці, многага не ведалі і не павінны былі ведаць.

У Аляксандра Міхайлавіча Голуба была вялікая, як для таго часу, бібліятэка, якой карысталіся ўсе вучні. Нават абавязаны былі карыстацца. Настаўнік адкрыў для нас выдатных беларускіх паэтаў, рускую і замежную класіку. Менавіта тады я ўпершыню трапіў у свет творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, Льва Талстога і Аляксандра Блока, Фенімора Купера і Генрыка Сянкевіча, Тараса Шаўчэнкі і Адама Міцкевіча. Паэмы Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, падрабязна і глыбока разбіраныя на ўроках, я ведаў на памяць! А краявіды і апісанні прыроды з тых паэм запомніліся настолькі дакладна, што калі праз дзесяцігоддзі я трапіў на Стаўбцоўшчыну, то пазнаваў іх, быццам сам жыў там і хадзіў разам з дзядзькам Якубам.

Аляксандр Міхайлавіч каля школы ў в.Бародзічы. 1961 г.

Мала таго, А.М. Голуб праз школу ўплываў на нашых бацькоў. Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам настаўніка мы ў 1942 годзе падрыхтавалі для іх першы канцэрт. У той вечар з самадзейнай сцэны гучалі купалаўскія “А хто там ідзе?” і “Мужык”, коласаўскі “Мой родны кут”. Памятаю, паставілі мы і драматычны абразок па паэме “Бандароўна”.

Хутка нашы канцэрты сталі грамадскай патрэбай для ўсёй вёскі. Відаць, яны выконвалі не толькі забаўляльную ролю, давалі людзям нешта яшчэ, вельмі для іх важнае.

Кожны раз, праходзячы па сталічнай плошчы Якуба Коласа міма бронзавых фігур Сымона-музыкі і яго сяброўкі, я прыгадваю Надзю Конік. Нашу маленькую актрысу, якой былі пад сілу і камедыйныя, і драматычныя ролі. Яна “выцягнула” і Паўлінку. Так-так! Аляксандр Міхайлавіч змог з намі паставіць і купалаўскую “Паўлінку” з яе жывым народным гумарам і глыбокім ідэйным зместам.

Прыгадваю і Лёніка Лойку – прыроджанага коміка, без якога не абыходзіўся ніводзін канцэрт. А як кружыліся ў віхуры народнага танца Ніна і Лена Лойкі, Іра Іоська і Жэня Дубовы!

Напэўна, тыя канцэрты бачацца мне ў прыхарошаным выглядзе. Мы ж не былі прафесійнымі акцёрамі, нам было толькі па 10-15 гадоў. Але, за гэта ручаюся, мы ўпэўнена звярталіся да пачуццяў і памкненняў дарослых, гаварылі ва ўнісон з іх растрывожанымі душамі. Упэўнены таксама, што нашы даволі частыя выступленні, у якія Аляксандр Міхайлавіч укладваў сваю душу і сэрца, дапамагалі людзям захоўваць вернасць сваім жыццёвым прынцыпам і Бацькаўшчыне.

Наш настаўнік быў і рэжысёрам, і пастаноўшчыкам, і харэографам, і кіраў-ніком хору, і аўтарам інсцэніровак, сам напісаў дзве п’есы, пастаўленыя на школьнай сцэне. Там расказвалася, як беларусы выстаялі ў барацьбе са стыхіямі. Алегорыя была даволі празрыстай.

Думаецца, Аляксандр Міхайлавіч мог з гонарам успамінаць той час – гады актыўнай і напружанай творчасці, высакароднага служэння свайму народу. I гэта – ходзячы над прорвай, куды можна было зваліцца ў любы момант. Ён заслужыў і памяць, і ўдзячнасць народную. А гэта многа, вельмі многа для не генія, не барацьбіта-героя, а для звычайнага чалавека. Дай бог кожнаму настаўніку пакінуць такі глыбокі след у сэрцах столькіх людзей.

Варта сказаць, што наш настаўнік ніколі не афішаваў сваей дзейнасці. А я расцэньваю яе як подзвіг, адзначаны не медалём ці ордэнам, а толькі беспадстаўным падазрэннем. I пасля перамогі Аляксандр Міхайлавіч застаўся настаўнікам, працаваў у Зэльвенскай СШ. Калі б не цяжкая зацяжная хвароба, калі б не тое насцярожанае “але”…

Збяры нас Аляксандр Міхайлавіч хоць сёння разам у той старэнькай, урослай у зямлю прыстанцыйнай хаце з яе маленькімі пакойчыкамі, застаўленымі кніжнымі шафамі, і кожны з нас пачаў бы свой аповед аб пражытым аднолькава – са слоў: “Я абавязаны(а) Вам…”.

Ці патрэбна большая падзяка? Добры настаўнік працягвае жыць у сваіх вучнях.

1982

Вам может быть интересно

Комментарии отключены