Сакавіны набіраюць сілу

2088 Хоць зэльвенскім Сакавінам хутка будзе 20 гадоў, яны не сталі звыклай падзеяй для аматараў літаратуры і музыкі. Наадварот, іх чакаюць ледзь не з самага заканчэння папярэдніх. У сталіцы Уладзімір Мазго рупіцца аб коле будучых удзельнікаў свята. У Зэльве бібліятэкары і “ПРАЦАўнікі” актыўна рэкламуюць творы гасцей Сакавін, знаёмяць з публікацыямі навінак у рэспубліканскіх СМІ, спрабуючы адшукаць сярод іх тое, што задаволіла б патрэбы чытацкай аўдыторыі. І вось наступае самы адказны момант: дзесьці за месяц да свята ўдакладняецца дата яго правядзення, колькасць удзельнікаў і канкрэтныя імёны. Апошняе – самае складанае. Напрыклад, сёлета далі згоду прыехаць у Зэльву Генадзь Пашкоў і Яўген Хвалей. А ў апошні момант здарыліся непрадбачаныя сямейныя абставіны, і пісьменнікі знялі свае кандыдатуры. Так што інтрыга, хто будзе госцем чарговых Сакавін, існуе да апошняга дня. Хто ж змог вырашыць усе праблемы і рушыць у Зэльву на Сакавіны-2015? Пра гасцей нядаўняга свята і само свята пойдзе гаворка. Ініцыятар свята Здаецца, Уладзіміра Мазго не трэба прадстаўляць зэльвенцам. За амаль дваццацігоддзе сустрэч з землякамі яго добра ведаюць і маладыя, і пажылыя. Але жыццё не стаіць на месцы, заўсёды ёсць што сказаць пра творчага чалавека. Сам Уладзімір Мінавіч лічыць, што ён проста абавязаны рабіць справаздачу перад землякамі ў чарговы прыезд на радзіму. З яго штогадовых выступленняў вынікае наступнае. Калі ён першы раз прыехаў да землякоў на сустрэчу, працаваў рэдактарам у выдавецтве “Юнацтва”. Адрэдагаваў сотні кніг для дзяцей і падлеткаў, выдаў некалькі сваіх. Потым была праца ў “Мастацкай літаратуры”, у часопісах “Вясёлка” і “Полымя”, выхад некалькіх кніг для дзяцей і дарослых. І вось ужо год, як ён на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара рускамоўнага часопіса “Нёман”. Паколькі Зальвянка – прыток Нёмана, то, як жартавалі сябры Уладзіміра Мінавіча, яму сам Бог наканаваў паспрабаваць свае сілы ў водах славутага бацькі-Нёмана. Часопісу “Нёман” сёлета спаўняецца 70 гадоў. Асноўныя юбілейныя падзеі плануюцца на восень. Аднак супрацоўнікі ўжо зараз вядуць немалую работу па рэкламе і распаўсюджванні выдання. Адбылося некалькі сустрэч у бібліятэках і ўстановах Мінска, Ма-гілёва, Віцебска. Наш зямляк спадзяецца, што і яго выступленне на Сакавінах як намес-ніка рэдактара таксама будзе садзейнічаць іміджу юбіляра. І сапраўды. Хіба не цікава было пачуць, што “Нёман” супрацоўнічае з расійскім часопісам “Наш современник” і што раз у год беларускія пісьменнікі становяцца гасцямі расійскага часопіса. А расійскія прадстаўляюцца ў нашым “Нёмане”. Аматары сусветнай літаратуры могуць сачыць за творчасцю лепшых майстроў слова ў раздзеле “Всемирная литература” ў “Нёмане”. А нядаўна гэты раздзел знаёміў чытачоў з кітайскімі творцамі. У раздзелах “Проза” і “Паэзія” друкуюцца як рускамоўныя творы беларускіх пісьменнікаў, так і пераклады з беларускай на рускую. Вось і самога Уладзіміра Мазго не раз перакладаюць. А зборнік для дзяцей “Слоны с Луны” ў перакладзе Генадзя Аўласенкі рэкламаваўся вучнямі сярэдняй школы №2 (і з вялікім поспехам) падчас Сакавін. Удзячны паэт падарыў аматарам сваіх вершаў названую кнігу. 2087 З “Заікі” ў Зэкава Анатоль Зэкаў пачаў сваё выступленне з жартаў: ”Дзякую, што дазволілі ўстаць, а то мне па абавязку належыць сядзець”, абыгрываючы сваё нязвыклае прозвішча. “Калі я толькі пачынаў друкавацца, некаторыя пісьменнікі лічылі, што я ўзяў сабе такі псеўданім знарок, каб прыцягнуць увагу да сваёй асобы”, – усміхаючыся, працягваў госць. Каб і зэльвенцы так не лічылі, раскрыем сакрэт прозвішча Анатоля Мікалаевіча. Лінгвісты лічаць, што прозвішча Зэкаў утварылася ад мянушкі чалавека, які заікаецца. Дзве галосныя літары (а, і) ператварыліся ў размове ў адну (э) і непазнавальна змянілі першапачатковы сэнс прозвішча-мянушкі. Вось такія дзівосы адбываюцца! Але нездарма кажуць: не прозвішча ўпрыгожвае чалавека, а чалавек прозвішча. Анатоль Мікалаевіч сапраўды стаў упрыгожваннем свайго роду. Ён, як і наш Мазго, нядаўна названы Ганаровым грамадзянінам на сваёй радзіме – ў Буда-Кашалёўскім раёне. Аматарам трэцяга канала Беларускага тэлебачання было цікава ўбачыць знаёмага па перадачы “Дыя@блог P.S.” аднаго з вядучых. Знаўцы паэзіі напэўна ж звярнулі ўвагу на нядаўнюю літаратурную старонку ў “Працы”, дзе знайшлося месца для некалькіх мініяцюр Анатоля Зэкава. Адным словам, завочна Анатоль Мікалаевіч быў знаёмы зэльвенцам. Асабістая сустрэча з ім не расчаравала. Доўга не адпускалі празаіка, паэта, парадыста, сатырыка і г.д., прасілі яшчэ і яшчэ чытаць свае новыя творы. Выклікаў цікавасць факт перасячэння біяграфіі нашага земляка і Зэкава. Так, абодва супрацоўнічалі з часопісам “Вясёлка”, абодва выдатна адчуваюць сябе ў ролі рэдактараў. Больш таго, зборнік Уладзіміра Мазго “Завітала ў госці казка”, што пабачыў свет у мінулым годзе, рэдагаваў ніхто іншы, як Анатоль Зэкаў. Так што, як вынікае са сказанага, Анатоль Мікалаевіч проста абавязаны быў стаць удзельнікам зэльвенскіх Сакавін. А калі ў яго атрымаецца прыехаць і ў будучым годзе, – зэльвенцы будуць у захапленні! 2089 Прафесар, які сам напрасіўся ў Зэльву Іван Васільевіч Саверчанка прызнаўся, што даўно хацеў наведаць Зэльву. У сталіцы ён мае нямала знаёмых зяльвян, якія даўно заманвалі яго аповедамі пра вадасховішча, Сынкавіцкую царкву, Крамяніцкі касцёл ды іншыя славутасці краю. Сустрэўшыся з Мазго, папрасіў уключыць яго ў спіс прэтэндэнтаў на чарговыя Сакавіны. Кандыдат філалагічных навук, адзін з вядучых навуковых супрацоўнікаў інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аўтар сямі манаграфій, безлічы публікацый па праблемах філалогіі і гісторыі, падзякаваў бібліятэкарам за шырокае прадстаўленне яго навуковай і мастацкай творчасці на медыяэкране. Прафесара радуе, што ў 2012 годзе, Годзе кнігі, удалося многае зрабіць для ўзняцця ролі літаратуры ў жыцці нацыі. Але, лічыць навуковец, перад намі вялікі пласт работы. Не ўсе, на жаль, разумеюць, якую важную ролю ў станаўленні чалавека адыгрывае літаратура. І вось менавіта такія сустрэчы пісьменнікаў і маладых людзей (а сярод прысутных у зале якраз і было больш за ўсіх моладзі) могуць садзей-нічаць разуменню гэтага складанага працэсу, згуртаванню творчых людзей і карыстальнікаў іх працы. Іван Васільевіч згадаў і пра Год літаратуры ў суседняй Расіі, спадзеючыся, што і беларускія чытачы зацікавяцца мерапрыемствамі, якія ладзяцца на канале “Культура”. Іван Васільевіч – не паэт. І вельмі шкада, што ён не зачытаў ніводнага ўрыўка са сваіх празаічных твораў, не расказаў аб працы над вобразамі вядомых гістарычных асоб. Відаць, вырашыў, што пасля двух паэтаў празаік не будзе цікавы. А хіба не цікава, якім бачыць прафесар Усяслава Чарадзея, Вітаўта Вялікага, Астафія Валовіча, Льва Сапегу, Сымона Буднага ды іншых постацей беларускай гісторыі? І хто з гэтых герояў асабліва дарагі даследчыку і пісьменніку? У зале было нямала людзей, якім гэта было важна. Саліст знакамітага аркестра Яшчэ ў мінулым годзе Дзмітрый Качароўскі быў у спісе прэтэндэнтаў на паездку ў Зэльву. Але напружаны графік рэпетыцый і выступленняў у аркестры Фінберга не дазволілі яму выканаць просьбу Уладзіміра Мазго. Сёлета ўсе перашкоды былі пера-адолены і Дзмітрый стаў госцем нашых Сакавін. У яго рэпертуары ёсць некалькі песен на словы нашага паэта-песенніка. З іх і пачаў сваё вы-ступленне. Але моладзь у зале не дала спеваку магчымасці спыніцца на гэтым. Давялося згадваць многае са свайго рэпертуару як апошніх, так і папярэдніх гадоў. Вельмі хацелася пачуць у яго выкананні песню на словы У.Мазго “Дзяўчына з Ваўкавыска”. Раней яе выконваў светлай памяці Якаў Навуменка, таксама госць зэльвенскіх Сакавін, а песня проста просіцца ў вусны ўраджэнца Ваўкавыскага раёна. Так што свой заказ зэльвенцы агучваюць. Слова, правільней песня, – за Дзмітрыем. Пра арганізатараў і саўдзельнікаў свята Мы ўжо крыху гаварылі пра арганізатараў свята. Менавіта работнікі раённай бібліятэкі сабралі звесткі пра ўдзельнікаў Сакавін, рэкламавалі іх кнігі чытачам, падрыхтавалі вельмі змястоўную прэзентацыю. Здымкі на медыяэкране і выступленні гасцей дапаўнялі адзін аднаго, дазвалялі глыбей адчуць сутнасць творчасці кожнага. Песні ў выкананні работнікаў Дома культуры сталі сардэчным падарункам для запрошаных. Хочацца падзякаваць і ім, і тым, без каго свята не атрымалася б такім цёплым: гледачам – саўдзельнікам свята. Гэта яны сваімі гарачымі апладысментамі падтрымлівалі сталічных творцаў на сцэне, сваімі пытаннямі і падзякай за сустрэчу даказалі: нездарма пераадолелі мінчане немалую адлегласць ад сталіцы рэспублікі да “раённай сталіцы” У.Мазго. Крок да яднання інтарэсаў творцаў і чытачоў быў значным. Тое, аб чым гаварыў Іван Саверчанка, выбудоўваецца. Вельмі марудна, асцярожна, але выбудоўваецца. І як адзначыла галоўны рэдактар “Працы” Клаўдзія Крэчка ў прывітанні гасцям, асабістае знаёмства з творцамі дае добры стымул для знаёмства і з іх творамі, для ўваходжання ў складаны і таямнічы свет літаратуры. Яніна Шматко.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.