Сакрэт высокіх надояў

1436 Вольга Ананька, аператар машыннага даення СВК “Галынка”, па выніках работы з пачатку года ад кожнай каровы сваёй групы надаіла па 5272 кіла-грамы малака (у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі +1790 кг). – Мая работа мне па душы, – гаворыць Вольга. – Нягледзячы на тое, што дзяўчына я гарадская, да кароў прывыкла з дзяцінства – усе канікулы праводзіла на вёсцы ў бабулі. Каля яе і навучылася даіць. Іншы раз нават суседкам дапамагала. Добра вывучыла паводзіны і звычкі гэтай жывёлы. Аднак, каб засвоіць тэхналогію і працэс дойкі на ферме, прыйшлося нейкі час набірацца вопыту ў даярак Аксаны Мароз і Марыі Рыбак. Зараз за Вольгай Ананька замацавана 120 кароў. З дойкамі спраўляецца не толькі хутка, але і якасна. За кастрычнік надаіла 71791 кілаграм малака класам “экстра”. – Яна ў нас на цяжкасці скардзіцца не любіць, – характарызуе даярку загадчыца малочнатаварнай фермы №4 Валянціна Савосік. – А яшчэ энергічная і вясёлая. Нягледзячы на тое, што працоўны дзень пачынаецца рана, а заканчваецца каля адзінаццатай гадзіны вечара, у яе заўсёды добры настрой. Вольга ўпэўнена: жывёла, як і чалавек, любіць ласку. Многім сваім рагулям яна нават дала мянушкі. Так самая па-слухмяная – Графіня. Чарніца адметна вымем у кропінку, бы тыя ягадкі. Карова Метр – самая маленькая з усяго статка, таму і носіць такую мянушку. Умовамі працы на малочнатаварнай ферме жанчына задаволена. У перапынках паміж дойкамі можна папіць чаю, абмеркаваць надзённыя праблемы з калегамі ў пакоі для адпачынку. Пасля работы – прыняць душ. Дбайнай даярцы пашанцавала з мужам, які працуе тут жа, у мясцовай гаспадарцы, трактарыстам. Падрастаюць дачка і сын. А шэсць гадоў таму сельскагаспадарчы кааператыў прадаставіў Ананькам новую кватэру з усімі выгодамі. Дружна яны жывуць з суседзямі – такімі ж маладымі сем’ямі, работнікамі фермы. – Ведаю адно: калі ў сям’і лад і згода, то і работа ідзе спарней, – раскрывае сакрэт свайго майстэрства Вольга Ананька. – Адсюль паказчыкі добрыя, а з імі і заробак нядрэнны. Людміла ПОПКА. Шаноўныя працаўнікі і ветэраны сельгаскааператыва! Сардэчна віншуем вас з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Праца чалавека на зямлі выклікае ўсеагульную павагу і прызнанне. Мы ўдзячны вам за адданасць хлебнай ніве і адказнае стаўленне да справы. Жадаем, каб ваша дзейнасць прыносіла толькі задавальненне, у вашых дамах панавалі шчасце і дабрабыт. Спрыяльнага надвор’я, рэкордных ураджаяў і прафесійных перамог! Праўленне і прафкам СВК “Галынка”. Паважаныя працаўнікі і ветэраны сельгаскааператыва! Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам. Прыміце шчырыя пажаданні моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму. Няхай ваша высакародная праца прыносіць дастатак і дабрабыт у вашыя дамы. Няхай у іх заўсёды пануюць утульнасць і стабільнасць. Калектыў Галынкаўскай СШ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.