Салодкія шэдэўры ад Святланы

1438 Непасрэднае дачыненне да прафесійнага свята работнікаў сельскагаспадарчай галіны мае і калектыў участка прамысловай вытворчасці Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, у прыватнасці, работнікі кандытарскага цэха і цэха хлебабулачных вырабаў. Шыкоўныя ружы, сціплыя рамонкі, стракатыя валошкі і шмат іншых прыгожых кветак выхо-дзяць з-пад рук таленавітага кандытара Святланы Касперчык. Усе яны з’яўляюцца ўпрыгажэннем смачных тортаў, якія выпякае сама жанчына. Сапраўдныя шэдэўры кандытарскага майстэрства спрыяюць цудоўнаму настрою і заслугоўваюць толькі станоўчых водгукаў пакупнікоў. Акрамя таго, на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2014” торт “Рагнеда” зэльвенскага кандытара быў адзначаны залатым медалём. Кандытарскі цэх філіяла – сапраўдная лабараторыя па прыгатаванні салодкай прадукцыі. Выпускаюць яе тут каля ста найменняў. Спецыяліст-кандытар павінен умець не толькі мясіць цеста, выпякаць кексы, пірожныя з рознай начынкай, торты, але і аздабляць усю гэтую прадукцыю. Святлане больш за ўсё падабаецца мастацкая частка кулінарнага працэсу. “Крэмам, як і фарбамі, можна намаляваць любы малюнак”, – гаворыць жанчына. Калі кандытар толькі ўладкавалася на працу, і падумаць не магла, якой творчай яна можа быць. Але паступова звычайная штодзённая справа стала для яе захапленнем, а кожны новы кандытарскі выраб – аўтарскім творам. Кожная яе выпечка – ары-гінальная і непаўторная. Нават адну і тую ж фігурку, вырабленую з бісквіту, жанчына ўмее ўпрыгожыць па-рознаму. Яе “салодкія” кветкі з танюсенькімі лісточкамі не адрозніш ад жывых. Як і любая творчая справа, кандытарскае майстэрства не абыходзіцца без няўдач. “Бывае, затраціўшы на ўпрыгожванне торта нямала часу і крэму, – расказвае Святлана, – даводзіцца “пера-крэсліваць” свой малюнак і зноў брацца за падбор фарбаў і кандытарскі мяшок, каб па-новаму ствараць салодкі шэдэўр. А калі ўсё ладзіцца, дастатко-ва і гадзіны”. Вось такі ён – кандытарскі талент, які выбірае людзей творчых, цярплівых і, што не менш важна, здольных заўважаць прыгожае. Хоць сёння ў цэху большасць працэсаў механізавана, усё ж такі шмат работы даводзіцца выконваць уручную. Асабліва, калі справа датычыцца конкурсных вырабаў ці індывідуальных заказаў. – Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ў кандытара “салодкае” жыццё, – прызнаецца Святлана Мікалаеўна. – Работа наша не з лёгкіх. Вельмі напружана даводзіцца працаваць напярэдадні святаў, бо заўсёды хочацца парадаваць зэльвенцаў свежай выпечкай. А яшчэ, што стымулюе з радасцю ісці на працу, – гэта дружны калектыў. Нягледзячы на тое, што Святлана Касперчык дыпламаваны спецыяліст, заўсёды з ахвотай прымае ўдзел у розных практычных семінарах, майстар-класах, вывучае спецыяльную літаратуру. Сцвярджае, што ніводны прафесіянал не можа ведаць сваю справу дасканала. Аднак у кожнага майстра ёсць чаму павучыцца. Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.

Паважаныя работнікі і ветэраны аграпрамысловага комплексу раёна! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам. Жадаем вам плёну ў працы, пачуцця задавальнення ад кожнага дня, моцнага здароўя,шчасця і дабрабыту. Няхай любоў і адданасць сваёй справе прывядуць вас да дасягнення пастаўленых мэт і новых вяршынь у прафесійнай дзейнасці. Адміністрацыя і прафкам Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.