Самобытность и местный колорит

Самобытность и местный колорит

Не з’яўляючыся экспертам у вобласці традыцыйных рамёстваў і прайшоўшы толькі базавы курс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў агульнаадукацыйнай школе, вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што самабытнасць зэльвенскага краю ўражвае і здзіўляе. Упэўніцца ў гэтым можна было ў час Ганненскага кірмашу. 

Ад душы пагуляць – з каравая пачынаць 

Што можа быць смачней за хлеб, спечаны сваімі рукамі?! Пацвердзіць ці абвергнуць гэта можа толькі той, хто хоць раз паспрабаваў сапраўдны румяны хлебны каравай. Мне пашчасціла зрабіць гэта ў час падарожжа па Гора-дзе майстроў.  

Візітнай карткай кірмашу-2013 стала конкурсная выстава-продаж караваяў. 

На адной з вуліц рамеснай пляцоўкі размясціліся сталы з караваямі самай рознай формы і памераў. Мясцовыя гаспадыні ў пятніцу з ранку да вечара стаялі ля печы, каб здзівіць народ. Зэльвенскія майстрыхі выпякаюць асабліва пышныя караваі, якія славяцца за межамі раёна. 

Брацца за выпечку каравая трэба толькі з добрым настроем, тады ён абавязкова атрымаецца, агучыла сакрэт свайго майстэрства Алена Суша з Чырвонага Сяла. Дарэчы, рукатворны цуд жанчыны атрымаў высокую ацэнку журы і быў прызнаны самым арыгінальным.  

Самобытность и местный колорит

Фантазіі каравайніц Марыі Данік, Алены Шалястовіч, Марыі Кароза, Алы Ададуравай і іншых пазайздросціў бы нават самы таленавіты мастак. Гіганцкіх памераў пірагі, трох’ярусныя піраміды, эксклюзіўныя плеценыя кашы з грыбамі здзіўлялі і формамі, і аздабленнем. Элементы аздаблення – вылепленыя з цеста фігуркі людзей і жывёл, кветкі, каласкі, лісточкі – не проста кулінарныя хітрыкі, а асаблівы від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Стварыць такую прыгажосць можа толькі майстар вышэйшай пробы. 

“Каравай – гэта вясельны атрыбут і павінен быць вельмі прыгожым, – па-дзялілася сваім пазнаннем каравайніца Валянціна Фралова з Падбалоцця. – Яшчэ мая маці казала, што яго правобразам стала яснае сонейка: яно ў выглядзе каравая сыходзіла на зямлю, каб узяць пад сваю апеку новую сям’ю – “красну дзевіцу і добра моладца”. Хлеб – своеасаблівы абярог. Ні адзін абрад нашы продкі не праводзілі без яго”. 

Пагадзіцеся, што разважаць так можа толькі чалавек, які глыбока ведае народныя традыцыі. Не дзіўна, што ў конкурсе  жанчыне было прысуджана 

2 месца. 

Пачаставаўшыся караваем уладальніцы 3 месца Вольгі Кулажынай,  пацікавілася інгрэдыентамі. “Ніякіх эмульгатараў і кансервантаў, – запэўніла жанчына. – Усе прадукты толькі натуральныя. Таму нашы караваі смачныя і пышныя”. 

Самобытность и местный колорит

Не дзіўна, што свежавыпечаная здоба вылучала такі прыемны водар, – народу тут сабралася больш, чым на іншай якой пляцоўцы. Утрымацца ад дэгустацыі  было немагчыма. Да таго ж, чаго толькі не было побач з караваямі на сталах, якія накрылі гасцінныя гаспадыні! Здобныя грыбочкі, арэхі, зайцы, вафельныя трубачкі і ражкі з начынкай… Усё гэта можна было набыць за сімвалічную цану. 

Творчасць не ведае межаў

Навукова-тэхнічны прагрэс падарыў нам мноства выгод (тое, што сёння называецца ёмістым словазлучэннем “узровень жыцця”), пазбавіў ад некаторых штодзённых клопатаў. Але ў выніку чалавек жыве сярод рэчаў, зробленых машынамі, – бездакорных, але бяздушных. Таму не выклікае здзіўлення той факт, што ў многіх з нас абудзілася цікавасць да непаўторных і своеасаблівых твораў традыцыйнага народнага мастацтва, што памятаюць цеплыню рук майстра і ўносяць частку гэтай цеплыні ў наш быт. Асабліва яскрава гэта праяўлялася на Кірмашы рамёстваў. Каб абысці ўсе падворкі, спатрэбілася нямала часу – кожны прыцягваў незвычайнымі рэчамі, змайстраванымі са звычайных матэрыялаў.

Рамеснікі і майстры не толькі дэманстравалі, але і гандлявалі сваімі работамі. Была прадстаўлена ўся палітра народных рамёстваў і промыслаў. Вырабы з дрэва і лазы, вязаныя лялькі і традыцыйныя лялькі-мотанкі, рэчы з гліны і шкла,  кампазіцыі з бісеру – усё гэта і многае іншае можна было не толькі разгледзець, але і набыць у якасці сувеніра. А то i проста атрымаць у падарунак ад аўтара ў знак прыемнага знаёмства.

Работы майстроў-умельцаў прыцягвалі ўвагу, так што ад спакусы раскашэліцца было цяжка ўтрымацца. Традыцыйна на кірмашы было шмат біжутэрыі: пластыкавыя завушніцы, пярсцёнкі, рознакаляровыя каралі… Зэльвенскія модніцы засталіся задаволенымі. Побач бойка ішоў гандаль суве-нірамі са шкла, плеценымі з лазы кар-зінамі. Аматары арыгінальнай касметыкі маглі набыць мыла ручной работы. Прычым рознага колеру і формы. Прыцягнулі ўвагу пакупнікоў майстры, якія гандлявалі прыгожымі блакнотамі ручной работы. Яшчэ адной адметнасцю сёлетняга Кірмашу рамёстваў стала прысутнасць на ім мастакоў-партрэтыстаў. Літаральна за некалькі хвілін кожны жадаючы мог стаць уладальнікам уласнага партрэта.   

Самобытность и местный колорит

Разнастайныя кухонныя прылады з дрэва прывезлі майстры са Слоніма.  Бераставіцкія рамеснікі прадстаўлялі вырабы з саломкі, бісерапляценне, пано з гліны. Прыгожыя карціны, напісаныя маслам, можна было набыць зноў жа ў слонімскіх майстроў. Шыкоўныя букеты з тканіны і паперы ад ваўкавыскіх дызайнераў зацікавілі як зэльвенцаў, так і гасцей. Сярод дзетвары і падлеткаў знайшлося шмат жадаючых зрабіць арыгінальныя малюнкі на твары. Гэта вельмі лоўка атрымлівалася ў майстрыхі з Пружан. 

 Самай прадстаўнічай была дэлегацыя аб’яднання рамеснікаў “Гара-дзенскі каларыт”. Прыехалі майстры па лозапляценні, мастацкай апрацоўцы скуры, разьбяры, вышывальшчыцы. Адных толькі бранзалеткаў было такое мноства, што вочы разбягаліся, а яшчэ цудоўныя дамскія сумачкі, вокладкі для дакументаў, футляры для акуляраў, кашалькі… Вельмі прыгожыя вырабы з дрэва, лазы, вышыўка – гэта няпоўны пералік таго, што прывезлі ўмельцы аматарскага аб’яднання. 

Прыехалі на кірмаш і майстры са Шчучынскага і Роскага Дамоў рамёстваў, рамеснікі з  Брэсцкай вобласці, Мінска, Гомеля, Бабруйска. Заставалася толькі здзіўляцца творчай выдумцы людзей з залатымі рукамі.

Чаго тут толькі ні было!

Нямала ў нас і сваіх майстроў. Так, нічым не саступаюць нашым славутым каравайніцам і вышывальшчыцы. Гэты старажытны від рамяства на кірмашы быў прадстаўлены найбольш рознабакова. Чаго тут толькі ні было! 

Заварожваў карагод ручнікоў майстрыхі Веры Жылко з в.Снежная. Большасць яе работ упрыгожана беларускім нацыянальным арнаментам. Кожная рэч непаўторная, мае сваю асаблівую адметнасць. Некаторыя ручнікі аздоблены далікатнымі карункамі. Тоненькімі, нібыта з павуціны сатканымі. Жанчына ўжо ні адзін год дэманструе свае вырабы. І кожны раз знаходзіць, чым здзівіць. 

Самобытность и местный колорит

Толькі словы захапленняў можна было пачуць каля выставы, арганізаванай жыхаркай г.п.Зэльва Ліліяй Шлык. Лілія Яўгеньеўна прызналася, што рукадзеллем захапляецца з дзяцінства. Зараз у яе доме безліч вышытых абрусаў, сурвэтак, ручнікоў. Па словах майстрыхі, некаторыя рэчы зроблены  да тых ці іншых свят. Таму і нанесеныя на іх узоры маюць адпаведную тэматыку, напрыклад, навагоднюю, калядную, велікодную і інш. Прыдумвае іх майстрыха сама. Гэта прыносіць ёй асаблівае задавальненне. 

Вырабы з саломкі Ліліі Амельянчык – сапраўдныя творы мастацтва, ад якіх цяжка адарваць погляд. Аб’ёмныя кветкі, саламяныя кампазіцыі, пано – знайшлося шмат жадаючых набыць работы народнай умеліцы. Больш за тое, жанчына вучыць свайму майстэрству мясцовых дзяцей. Дзякуючы ёй многія авалодалі навыкамі пляцення з саломкі, далучыліся да цудоўнага свету мастацтва. 

Дарэчы, у ролі рамесніка на кірмашы мог пабыць кожны. На працягу дня на пляцоўцы праходзілі майстар-класы.  

Дзеці з задавальненнем выкарысталі магчымасць сесці за кросны ткацкага станка, на якім пад кіраўніцтвам дырэктара Дома рамёстваў працавалі народныя ўмеліцы Вольга Сакалоўская, Антаніна Пянцяк і Зінаіда Максімік. Жанчыны знаёмілі з тэхнікай ткацтва.  

Цікавыя былі на свяце майстры, цікавыя і наведвальнікі. Так, Ганна Грынько з Мінска вандравала па Гора-дзе рамёстваў у сукенцы, пашытай РУП бытавога абслугоўвання для гэтай нагоды. “Вырашыла, што на кірмаш трэба абавязкова апрануць народны строй, каб яскравей адчуць тую эпоху, калі ён зараджаўся, – сказала жанчына. – Кожны год прыязджаю на гэты фэст. Прыемна сустрэцца з майстрамі, пагля-дзець на іх вырабы і прыкупіць што-небудзь для сябе”. 

Каб выбраць сувенір, мы разам накіраваліся да пляцоўкі, дзе майстар-клас разьбы па дрэве праводзіў Міхаіл Грынцэвіч. Дапамагалі яму Валерый Фіцінскі, Аляксандр Карповіч. Без памочнікаў майстар не мог абысціся – шмат хто хацеў сам паспрабаваць з дапамогай нагрэтай струны выпілаваць з дрэва тую ці іншую фігурку, а потым аздобіць яе разьбой. 

 Цікавы майстар-клас па ганчарнай справе далі народныя ўмельцы Марыя і Сяргей Худзяевы. Многія пасля кансультацыі з імі ішлі дамоў не з пустымі рукамі. Таксама знайшлося шмат аматараў уласнаручна папрацаваць за ганчарным колам. 

Дарослыя і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класах, разглядалі, куплялі на памяць сувеніры, фатаграфаваліся. І выдатнае надвор’е, і прыветлівыя ўсмешкі стваралі добры настрой. Кірмаш рамёстваў падарыў прыемныя ўражанні ўсім, хто зазірнуў на яго. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.