Счастье одно на двоих

Счастье одно на двоих

Кожная жанчына марыць пра шчасце.І пераважная большасць звязвае яго з сямейным жыццём. Каханы і любячы муж, разумныя і паслухмяныя дзеці, удзячныя ўнукі – вось тое, чаго прагне жаночае сэрца.

Раіса Мікалаеўна Дзерачэннік з Міжэрыч дзякуе Богу, што ён даў ёй усе галоўныя складальнікі жаночага шчасця. У далёкія 50-я сустрэла  адзінага каханага мужчыну, нарадзіла і выгадавала з ім  цудоўных дачку і сына, а сёння цешыцца з таленавітых пяцярых унукаў.

Родам Раіса Мікалаеўна (у дзявоцтве Генюш) з Лаўрыновіч, а ў Міжэрычы трапіла пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута. 40 год жыцця аддала міжэрыцкім школьнікам. Не згадаць, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак навучаліся ў яе асновам хіміі. Многім потым спатрэбіліся гэтыя веды, калі \»пакаралі\» медыцынскія ўстановы.

Пасля заканчэння фізмата Гродзенскага педінстытута вярнуўся ў родную вёску Станіслаў Дзерачэннік. Так і сустрэліся двое блізкіх па духу людзей, каб крочыць разам праз усе выпрабаванні лёсу. З удзячнасцю ўспамінаюць усе гады працы: радавалі поспехамі ў школе і на алімпіядах вучні, РАНА адзначала настаўнікаў граматамі і дыпломамі. Аднавяскоўцы і зараз з вялікай павагай ставяцца да сваіх педагогаў.

Ладзіліся ў Дзерачэннікаў і сямейныя справы. \»Такога надзейнага памочніка, як мой Станіслававіч, – гаворыць  Раіса Мікалаеўна, – цяжка знайсці. Як у маладосці, так і ў старасці ён і галава сям\’і, і рукі, і ногі\». (Раіса Мікалаеўна перанесла цяжкую хваробу і зараз рухаецца з вялікай цяжкасцю, таму без мужа яна літаральна без рук і ног).

Дзерачэннікі былі салідарнымі ў метадах выхавання як школьнікаў, так і сваіх дзяцей. Спуску не давалі. Хоць і вучыліся дзеці выдатна самі, без прынукі, але кантроль бацькоў адчувалі заўсёды. Выпадкаў, каб сын ці дачка пайшлі ў школу непадрыхтаванымі, не было ні разу. Дачка Ганна перавагі нейкаму аднаму прадмету не аддавала, старалася ўсе дысцыпліны ведаць як след. А вось сын, як і бацька Стані-слаў, больш часу ўдзяляў тэхнічным навукам. Праўда, 

удзельнічаў (і як паспяхова!) у алімпіядах практычна па ўсіх прадметах, не раз быў прызёрам раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Па выніках рэспубліканскіх алімпіяд па фізіцы быў уключаны ў рэзервовую каманду для ўдзелу ва Усесаюзных алімпіядах. Некалькі гадоў паралельна з вучобай у школе завочна вучыўся ў Ленін-градскім палітэхнічным універсітэце.

Дапамагалі дзеці і дома, асабліва ў час канікул. Лічыліся з думкай бацькоў, раіліся ў складаных момантах. Бацькі штодзённым прыкладам неназойліва вучылі, як адносіцца да разумовай і фізічнай працы, як жыць згодна з сумленнем, як клапаціцца пра сям\’ю і блізкіх.

Пасля заканчэння школы з залатымі медалямі дзеці – кожны ў свой час – паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ганна выбрала Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, Станіслаў – Мінскі радыётэхнічны інстытут. І ў ВНУ дзеці Дзерачэннікаў вылучаліся сваімі прыкладнымі паводзінамі, выдатнай вучобай. Узнагародай за гады карпатлівай навукі былі дыпломы з адзнакай і добрае размеркаванне. Ганне так спадабалася яе першае месца працы, што яна, як і бацькі, усё працоўнае жыццё аддала аднаму калектыву – сельгаспрадпрыемству \»Астрамечава\» пад Брэстам. У Станіслава атрымалася крыху інакш. Кіраўніцтва завода \»Цветотрон\» у Брэсце, убачыўшы ў маладым інжынеры-тэхнолагу схільнасці да навуковай работы, прапанавала яму працягваць вучобу. Умова была адна: не заставацца ў сталіцы. І Станіслаў Станіслававіч вяртаецца пасля аспірантуры ў Брэст, пачынае працаваць у будаўнічым інстытуце. Інстытут вырас да тэхнічнага ўніверсітэта, а Дзерачэннік стаў за гэты час кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры электронных вылічальных машын і сістэм. Студэнты вучацца і па яго кнігах, якія прысвячае бацькам. У падрыхтоўцы апошняй па часе выдання кнігі \»Обработка сигналов радиоэлектронных систем. Лабораторный практикум\» прымаў удзел і сын вучонага, па сямейнай традыцыі таксама Станіслаў. (Таму ў прысвячэнні кнігі бацькам Дзерачэннік-навукоўца агаворвае: \»Дзерачэннікам Станіславу Станіслававічу (самаму старэйшаму) і Раісе Мікалаеўне\»).

У працяг размовы пра ўнукаў трэба дадаць наступнае. Дочкі дацэнта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта таксама знайшлі сябе ў дакладных навуках. Старэйшая – выкладчык універсітэта Віталія Станіславаўна Разумейчык – ужо кандыдат тэхнічных навук. Малодшая – Ганна Станіславаўна (пакуль Дзерачэннік) – праграміст. Чытае лекцыі ва ўніверсітэце для англамоўных студэнтаў. Заслужыла гэта права як пераможца адбору-конкурсу на стажыроўку выкладчыкаў ва ўніверсітэты замежных краін. Была адной з лепшых падчас здачы экзаменаў як па матэматыцы, так і па англійскай мове. Шэсць месяцаў стажыравалася ў Індыі. Ну, а пра сына, наймалодшага Станіслава Станіслававіча Дзерачэнніка, мы ўжо згадвалі. Ён пасля ўніверсітэта прайшоў магістратуру і зараз з\’яўляецца надзейным памочнікам бацькі.

Дачка Ганны Станіславаўны Дзерачэннік-Карсюк прыняла эстафету, напэўна, ад Раісы Мікалаеўны. Вельмі любіла ў школе біялогію і хімію. Яна працуе кардыёлагам у Кобрынскай раённай бальніцы. Спецыяліст I-й катэгорыі, паважаны ў горадзе чалавек.

Маючы адказныя пасады, мноства абавязкаў у доме і на працы, дзеці і ўнукі Дзерачэннікаў не часта прыязджаюць у Міжэрычы. Але пра радзімы куточак не забываюць. Сын і дачка выхавалі і ў сваіх дзяцей беражлівыя адносіны да дзядулі і бабулі. Таму на пытанні \»Як адносяцца да вас вашы ўнукі? Ці не кажуць, што вы \»устарели\» са сваімі поглядамі?\» Раіса Мікалаеўна без роздуму адказала: \»Ніколі не кажуць! Адносяцца да нас з вялікай пашанай. Мы для іх, як і для дзяцей, – аўтарытэт. Сын з бацькам нават у навуковыя дыспуты ўступаюць\».

Так, Раісе Мікалаеўне і Станіславу Станіслававічу ёсць што параіць дзецям і ўнукам. Ніхто з жыхароў Міжэрыч (а гэта і іх былыя вучні) не па-пракае Дзерачэннікаў у непавазе да людзей, сквапнасці, хцівасці, карыслівасці, зайздрасці і многіх іншых заганах. І, вядома, яны – прыклад любячых і разумеючых адзін аднаго мужа і жонкі. Трэба бачыць, як з аднаго позірку яны разумеюць свайго суджанага, як тактоўна дапаўняюць успаміны пра былое (\»Скажы ты, у цябе лепш атрымаецца!\»), як беражліва ставяцца да фі-зічных недахопаў сваёй другой палавінкі.

Немагчыма ўявіць іх па-асобку. 57 вёснаў іх сумеснага жыцця ніяк не раздзеліш, колькі ні старайся. Напэўна, і сам Станіслаў Станіслававіч, што начамі спрабуе знайсці закон вызначэння наяўнасці ў прыродзе простых лікаў, не можа вызначыць, дзе \»я\» – жончына, а дзе – яго. Так, лічу, і павінна быць у кожнай сям\’і. І гэта – самая галоўная прыкмета шчасця. Любога – жаночага, мужчынскага, дзіцячага, дарослага.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.