Якімі асноўнымі якасцямі павінен валодаць настаўнік? Быць праўдзівым і шчырым, сумленным і адкрытым, мець талент артыста і задаткі аратара, быць псіхолагам-практыкам і суддзёй-міратворцам. А яшчэ, што таксама немалаважна, не спыняцца на дасягнутым і не паддавацца самазадаволенасці. Удала спалучае ў сабе гэтыя якасці настаўніца пачатковых класаў Нэлі Цавель (на здымку), якая працуе больш за 30 гадоў у сярэдняй школе №3 г. п. Зэльва.
Нэлі Антонаўна – настаўнік, які імкнецца ператварыць веды ў перакананні, каб уключыць у працэс пазнання сэрцы дзяцей, каб развіць іх лепшыя якасці, пераадолець іх няўпэўненасць у сваіх сілах. Яе ўрокі прахо-дзяць жыва і эмацыянальна, павышаюць пазнавальную актыўнасць вучняў.
Добрая і патрабавальная адначасова, настаўніца стараецца знайсці падыход да кожнага вучня, дапамагчы яму паверыць у сябе, раскрыць таленты. Галоўным у сваёй дзейнасці лічыць прывіваць любоў да вучобы праз павагу да бацькоў, сям’і, роднага краю.
Нэлі Антонаўна заўсёды знаходзіцца ў стане творчага пошуку, гарма-нічна спалучаючы традыцыйныя і сучасныя падыходы ў выкладанні прадметаў. Шырока выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйныя тэхналогіі. Але лічыць, што яны не павінны цалкам замяняць настаўніка. Ніякая, нават самая сучасная, тэхніка не заменіць жывых зносін. Толькі праз узаемадзеянне з настаўнікам вучні атрымліваюць самыя трывалыя веды, лічыць Нэлі Антонаўна.
Асаблівае месца ў педагагічнай дзейнасці настаўніцы займае работа з адоранымі дзецьмі. Яе вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых алімпіяд сярод вучняў пачатковых класаў.
Любоў да дзяцей і прафесіі, эрудыцыя, педагагічны вопыт, уважлівасць да калег і бацькоў вучняў – гэтыя і многія іншыя важныя якасці дазваляюць Нэлі Антонаўне карыстацца павагай і аўтарытэтам у калектыве, сярод вучняў і іх бацькоў.
Нэлі Антонаўна ўдала рэалізоўвае сябе не толькі ў педагогіцы, але і заваявала прызнанне ў сям’і. Мы ведаем яе як пяшчотную маці і бабулю, добрую гаспадыню і жонку. А яшчэ яна абаяльная жанчына са шчодрым сэрцам.
Марыя Рында, калега па працы.