Сэнс жыцця і радасць працы Браніславы Таракан

Нядаўна жыхарка аграгарадка Каралін Браніслава Таракан адзначыла 80-гадовы юбілей. Прымаючы віншаванні работнікаў культуры, жанчына ўзгадала аб працы ў жывёлагадоўлі, за час якой змагла дабіцца значных вытворчых поспехаў. Аб тым, як складваліся працоўныя будні, вынікам якіх стала прысваенне ганаровага звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”, наша размова з былой перадавой даяркай Зэльвеншчыны.

ПАЧАТАК ПРАЦОЎНАЙ БІЯГРАФІІ

Глыбокі след у душы Браніславы пакінула дзяцінства. Ураджэнка вёскі Косцевічы выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і. Галоўнае правіла, якога прытрымліваліся ўсе дзевяць дзяцей, – беспярэчна слухаць бацьку. Старэйшыя дапамагалі па гаспадарцы і ў полі, малодшыя глядзелі малых. Браніслава не зводзіла вачэй з брата Казіміра і сястры Ірыны. Прыкладна ў адзіннаццацігадовым узросце дзяўчынка стала сапраўднай памочніцай бацькам. Разам з маці хадзіла жаць аж у Зэльву (у калгасе “Путь коммунизма” плацілі больш, чым у мясцовым “Имени Ворошилова”) і зарабляла першыя “палачкі”-працадні.

– За адзін дзень выдавалі па 500 грамаў зерня, – успамінае жанчына. – Стомы не адчувалі, бо найперш думалі, колькі ж хлеба можна напякчы для вялікай сям’і.

Афіцыйны працоўны шлях нашай гераіні пачаўся, калі ёй споўнілася 14 гадоў. Пасля заканчэння Аляксандраўшчынскай сямігодкі засталася дома, пайшла працаваць даяркай. Навыкі даення ўжо былі (бацькі ўвесь час трымалі па дзве каровы), заставалася толькі налаўчыцца шпаркасці.

– Да фермы, якая размяшчалася на ўзбярэжжы Зяльвянкі ў «мурах» ці «фальварку», як мы па-вясковаму называлі тыя мясціны, дабіралася пешшу, – успамінае Браніслава Іосіфаўна. – Ранняй вясной і позняй восенню было небяспечна хадзіць па балоце, але маладыя не разумелі наступстваў і рызыкавалі. Спачатку ў маім статку было 12 кароў, потым – 16, праз пэўны час – стала 18. Цяжкасцей не баялася, была спрытная і загартаваная. Увосень дойку праводзілі двойчы, таму паспявала яшчэ пакапаць бульбу ў калгасе.

«ЯКАЯ Ж З МЯНЕ ДАЯРКА?» – ПЕРАДАВАЯ!

У памяці Браніславы Іосіфаўны засталіся яе малочныя каровы бурай латвійскай пароды. Яны давалі па вядру малака і сваёй гаспадыні “дапамагалі” выконваць планавыя паказчыкі. Ёй, зусім маладой, здавалася, што працуе нараўне з усімі. Але лічбы сведчылі аб іншым. І з кожным годам яе руплівыя адносіны да абавязкаў дазвалялі дасягаць значных вынікаў.

– Уручную надаіць некалькі саракалітровых бідонаў малака – няпростая справа, – гаворыць Браніслава Таракан. – Але іншага выйсця тады не было. І нават праз час, калі з’явіліся даільныя апараты, я не адразу давярала тэхніцы. Паміж даяркамі калгаса, а пазней і раёна арганізоўвалі спаборніцтвы. Сынкавіцкая зямля, на мой погляд, заўсёды была шчодрая на ўраджайныя палеткі і працавітых людзей. Спаборнічаць з імі не мела сэнсу. Таму, калі старшыня калгаса ўжо “Караліно” прапанаваў мне паўдзельнічаць у раённым конкурсе майстроў машыннага даення, я толькі пажала плячыма: “Якая ж з мяне даярка?”. На што кіраўнік адказаў: “Час пакажа. Можа, і перадавая”. І што вы думаеце? У конкурсе я ўзяла 2-е месца.

Браніслава Таракан добра памятае, як яе ўзнагарожвалі за высокія надоі. У лісце было так і напісана: “… надой склаў 35 532 кг”.

Спрыт, майстэрства і жаданне працаваць – вось сакрэт трапіць у лік правафланговых, стаць настаўнікам моладзі і ўтрымліваць лідарства на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Аб поспехах даяркі часта расказвала на сваіх старонках раённая газета «Праца». Жанчыну запрашалі на калгасныя, раённыя, абласныя сходы. Яна не раз паднімалася на сцэну, каб атрымаць чарговую ўзнагароду. І па сённяшні час ветэран з гонарам захоўвае граматы і падзячныя лісты ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ЦК УЛКСМ, абласнога і раённага выканкамаў і Саветаў народных дэпутатаў і іншыя:

– Найбольш хвалявалася, калі першы сакратар Гродзенскага абкама КП Беларусі Л.Г. Кляцкоў уручаў мне ордэн Дружбы народаў. Адна за адной плылі думкі: як я, простая даярка, заслужыла такую высокую ўзнагароду? Тады і ўспомніла выпадак з уласнага жыцця, калі сын папрасіў растлумачыць, як напісаць сачыненне на тэму: “У чым радасць працы?”. Я ўзяла яго на ферму і прапанавала пасачыць за працэсам маёй работы. “Бачыш, гавару сыну, ад таго, што каровы добра паелі і сытыя, яны даюць поўныя вёдры малака, якім напаўняюцца бідоны. А значыць, каралінскім малачком мы напоім многіх людзей. Хіба ж з гэтай нагоды не можна радавацца?”. На што сын адказаў: “Мама, ты з такой любоўю працуеш! Тваімі спрытнымі рукамі, шпаркай хадой і ззяючым позіркам я не толькі захапляўся, але і зразумеў, што праца для цябе – сапраўдная радасць”. Дарэчы, і адзнаку за тое сачыненне хлопец атрымаў выдатную.

ШЧАСЛІВАЯ ЖОНКА, МАЦІ, БАБУЛЯ

Браніслава Іосіфаўна адносіць сябе да ліку шчаслівых жанчын. Знаёмства з земляком хутка перарасло ў сямейнае жыццё:

– Каралінскім хлопцам чамусьці даспадобы былі дзяўчаты з Косцевіч. Многія працавалі ў жывёлагадоўлі, таму сустракацца маглі позна вечарам. Тады на ўсё сілы хапала: і жывёлу даглядаць, і з дойкай спраўляцца, і на танцы бегаць. Пасябравалі з Уладзімірам, праз час ён прызнаўся, што хоча ўсё жыццё быць разам. Без ваганняў адказала ўзаемнасцю. У жніўні зладзілі вяселле. У Караліно пабудавалі, праўда, з вялікімі цяжкасцямі, хату. Дзядзька дапамог зладкаваць печ, радня падшыць столь. Адышлі ад бацькоў і пачалі жыць асобна.

Ферма размяшчалася адразу за вёскай. Мужчына працаваў там загадчыкам, жанчына прадаўжала даіць кароў. Сям’я пачала папаўняцца дзецьмі, якія былі добрымі памочнікамі бацькам. Акрамя таго, вельмі здольнымі да вучобы, актывістамі школьнага жыцця. Падзячныя лісты ад дырэкцыі школы, потым – кіраўніцтва навучальных устаноў, камандавання вайсковых часцей за годнае выхаванне двух сыноў і дзвюх дачок ішлі і ішлі на адрас сям’і Таракан.

– Заўсёды паўтарала дзецям: галоўнае – здароўе, а з малога будзе і большае, – дзеліцца прынцыпамі выхавання Браніслава Іосіфаўна. – Усё, аб чым вы марыце, неабходна дасягнуць сваёй працавітасцю, настойлівасцю, прыстойнасцю. Вучыла нікога не крыўдзіць, сябраваць і выручаць адзін аднаго. А яшчэ – не ставіць у прыярытэты грошы, дастатак, матэрыяльны дабрабыт. Можа таму ў нашай сям’і пануе згода, дружба і ўзаемаразуменне.

Як маці, Браніслава Іосіфаўна ганарыцца дзецьмі, якія сталі годнымі людзьмі. Як бабуля і прабабуля, цешыцца 5 унучкамі, 3 унукамі, 8 праўнукамі і адной праўнучкай, жадае ім шчаслівага лёсу.

ДБАЙНАЯ ГАСПАДЫНЯ, ТАЛЕНАВІТАЯ МАЙСТРЫХА

Аб тым, што Браніслава Таракан адмысловая гаспадыня, можна вызначыць з першага погляду: усюду, куды ні глянь, узорны парадак. У хаце так чыста прыбрана, быццам штодня яна чакае гасцей:

– З дзяцінства люблю прыгажосць. Ва ўсім: у прыродзе, у чалавеку, вакол сябе. Захапляюся светлымі колерамі, таму і ў маім доме пераважаюць сонечныя, радасныя адценні. Прынцыпова стаўлюся да парадку – ён надае мне настрой. Праца, нягледзячы што пайшоў дзявяты дзясятак, заспакойвае.

Жанчына без стомы працуе ў агародзе, самастойна прыбіраецца ў хаце і на падворку. З задавальненнем пераадольвае не адзін кіламетр, каб палюбавацца лесам, а разам з тым назбіраць ягадаў ці грыбоў. Да нядаўняга часу на ровары ездзіла на набажэнствы ў міжэрыцкі або зэльвенскі храмы.

Галоўнае захапленне каралінкі – рукадзелле. На вышыванне не шкадуе вечароў, хапае ёй цярпення і вытрымкі. Яна старанна падбірае каляровыя ніткі, вывярае кожны міліметр малюнка. У яе таленавітых руках атрымліваюцца такія цудоўныя вырабы, што цяжка адвесці вочы. Карцінамі з яркімі кветкамі, рознымі пейзажамі, як жывымі жывёламі і птушкамі, упрыгожаны сцены пакояў не толькі самой гаспадыні, але і яе родзічаў ды землякоў. Беражліва захоўвае вышытыя раней ручнікі, навалачкі, абрусы і сурвэткі.

– Простае можа кожны зрабіць, за складанае бярэцца не кожны, – разважае суразмоўца. – Лёс прыпадносіў шмат праблем – спраўлялася, вырашала. Праца была не з лёгкіх – сумела заслужыць павагу. Ну, а ў рукадзеллі заўсёды імкнулася да дасканаласці.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены