Школа святочная: што ні паверх, то казка
Новы год – самае прыгожае і вясёлае свята – надоўга застаецца ў памяці як дарослых, так і дзяцей. А калі яшчэ і загадзя стварыць святочную атмасферу, напрыклад, упрыгожыць ад-міністрацыйны будынак, фае, рабочы і вучэбны пакоі, дык наогул уражанні будуць незабыўнымі.
У агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне, які зараз праходзіць на Зэльвеншчыне, уключыліся ўсе навучальныя ўстановы раёна. Сняжынкі і гірлянды, зоркі і шары, галінкі са штучным снегам, выявы і фігуркі казачных герояў, багатая фантазія і ўмелыя рукі настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў ператварылі строгія школьныя калідоры ў чароўную навагоднюю казку.
Будынак СШ №2, а зараз і гімназіі №1 г.п.Зэльва, выдзяляецца здалёк арыгінальна ўпрыгожанымі вокнамі. А вечарам зіхаціць рознакаляровымі гірляндамі. Ці не сам Дзядуля Мароз шчыраваў тут?!
Як толькі адкрываеш дзверы ва ўстанову, адразу адчуваеш атмасферу святочнасці. Паўсюдна ўпрыгажэнні з мішуры, фольгі, цацак. У вестыбюлі сустракаюць гасцей прыгажуня-ёлка і снегавікі. Над стварэннем зімовых персанажаў удала папрацавалі школьныя фантазёры. Казачныя героі атрымаліся белыя і пушыстыя. Адразу і не зразумееш, з якога матэрыялу яны зроблены.
Цікавая сюжэтная кампазіцыя з удзелам сімвала надыходзячага года – казы – аформлена на другім паверсе. Малодшыя вучні на перапынках прыходзяць сюды, каб загадаць запаветнае жаданне.
У пачатку снежня ў школе быў аб’яўлены конкурс на самую арыгінальную ёлку, зробленую сваімі рукамі. У ход пайшлі драўніна, папера, тканіна, сурвэткі, музычныя дыскі, шышкі і шмат чаго іншага. Зараз усе, непадобныя адзін на другі вырабы, дэманструюцца на ёлачным базары “Навагоднія фантазіі”.
Зачароўваюць экспазіцыі “У чаканні Дзеда Мароза”, “Калядныя цуды” і “Навагодні рамантызм”, якія аформлены ў гімназіі №1. Ім адвялі цэнтральныя месцы. Па ўсім бачна, што кемлівасці і фантазіі хлопчыкам і дзяўчынкам не займаць. Вырабы з фаціну, атласных стужак, паштовак, штучнага і прыроднага матэрыялу выглядаюць крэатыўна.
Гімназісты актыўна ўключыліся ў конкурс на лепшае навагодняе афармленне вучэбных кабінетаў. Тут не адышлі ад добрых традыцый: дзверы ўпрыгожваюць калядныя вянкі, разнастайныя сюжэтныя кампазіцыі. Сцены зіхацяць ад гірляндаў, мішуры і сняжынак. Дзеці прызнаюцца, што, дзякуючы такой дасканалай падрыхтоўцы да конкурсу, адчуваюць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі святочнай імпрэзы, а гэта, вядома, надае аптымізму і добрага настрою.
А яшчэ вучні пішуць віншаванні сябрам і настаўнікам, пісьмы-пажаданні Дзеду Марозу і апускаюць канверты ў казачную паштовую скрынку, якая ўстаноўлена ў фае школы на першым паверсе. Шчаслівыя адрасаты атрымаюць навагоднія па-cланні падчас калядных ранішнікаў і маскарадаў.
Людміла ПОПКА.