Спаборнічалі з азартам…
Штогод на Зэльвеншчыне праводзяцца дзясяткі розных спартыўных мерапрыемстваў, мэта якіх – папулярызацыя і развіццё фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, прапаганда здаровага ладу жыцця.
Традыцыйная летняя спартакіяда сярод сельскіх Саветаў і працоўных калектываў сёлета пры-свячалася 70-годдзю вызвалення Беларусі ад немецка-фашысцкіх захопнікаў. Запомнілася гэта спартыўнае свята рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў – у ім прынялі ўдзел 20 каманд і каля 500 спартсменаў.
Спартакіяда распачалася з урачыстага адкрыцця. Пасля пастраення каманд і ўзняцця Дзяржаўнага сцяга з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка.
Спартсменаў чакалі разна-стайныя і цікавыя віды спаборніц-тваў: дартс, армрэслінг, кіданне бервяна, мяча ў баскетбольнае кольца, лёгкаатлетычная эстафета (4 этапы па 100 метраў), скачкі з месца і перацягванне каната. Прыемна было бачыць на спартыўных пляцоўках побач з моладдзю ўжо сталых людзей, якія па-ранейшаму гатовы абараняць гонар сваіх калектываў на раённых спаборніцтвах. Да прыкладу, прадстаўніка цэнтральнай раённай бальніцы Яўгенія Дораша.
– Такія мерапрыемствы, – сцвярджае Яўгеній Уладзіміравіч, – выдатная магчымасць для людзей атрымаць разрадку, адпачыць ад працоўных будняў і, вядома, яшчэ больш з’яднацца.
З першых хвілін спаборніцтваў падзеі на стадыёне развіваліся дынамічна. Праяўлялася актыўнасць усіх удзельнікаў. Удалае выступленне спартсменаў прыносіла пераможныя балы камандам. У скачках з месца на першы прызавы прыступак падняліся спартсмены раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на другі – аддзе-ла адукацыі, спорту і турызму, на трэці – Славаціцкага сельсавета.
Такі від спаборніцтваў, як кіданне бервяна, не так даўно быў уключаны ў праграму спартакіяды і адразу заваяваў папулярнасць. Тут акрамя выдатных фізічных даных патрэбны яшчэ ўменне і навыкі. Пагэтаму перад спаборніцтвамі некаторыя ўдзельнікі палічылі мэтазгодным патрэніравацца. Самы лепшы вынік паказаў прадстаўнік каманды зэльвенскай сельгасхіміі Віктар Пяткевіч. Малады чалавек даўно сябруе з цяжкай атлетыкай і ў мінулым годзе ў гэтым відзе паспяхова выступіў на першых раённых спаборніцтвах асілкаў, якія праводзіліся ў рамках Ганненскага кірмашу. Другое месца заняў Аляксей Баранскі з ПМС, трэцяе – Юрый Кніга з Дабраселецкага сельсавета.
У дартсе спаборнічалі старшыні сельсаветаў, а таксама кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў прадпрыемстваў і арганізацый. Самым трапным аказаўся Генадзій Галаско (аддзел адукацыі, спорту і турызму), сярэбраным прызёрам стаў Яўгеній Дораш (ЦРБ), бронзавым – Сяргей Шостак (РУП ЖКГ).
Закідваць мяч у баскетбольнае кольца лепш за іншых атрымалася ў прадстаўнікоў каманды РУП ЖКГ. Другое месца заняла каманда цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, трэцяе – аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Па выніках лёгкаатлетычнай эстафеты на першы прызавы прыступак падняліся бегуны Галынкаўскага сельсавета, на другі – РАНС і трэці – Крамяніцкага сельсавета.
Як заўсёды даволі цікава праходзілі спаборніцтвы па армрэслінгу. У адной вагавай катэгорыі выступалі як маладыя спартсмены, так і тыя, каму за сорак. Ніхто не хацеў саступаць саперніку, усе да апошняга моманту змагаліся за перамогу. У вагавай катэгорыі да 80 кілаграмаў пераможцам стаў Андрэй Заяц (Тулаўскі сельсавет), да 90 кілаграмаў – Максім Грынцэвіч і звыш 90 кіла-грамаў – Віталій Пяткевіч (прадстаўнікі Дзярэчынскага сельсавета).
Прызавыя месцы ў сваіх групах занялі Аляксандр Канаховіч і Віктар Парфіновіч (ДРБУ-118), Юрый Кніга (Дабраселецкі сельсавет), Дзмітрый Калодка (Сынкавіцкі сельсавет), Уладзімір Супрун і Сяргей Куліч (Дзярэчынскі сельсавет).
Але сапраўдны азарт разы-граўся ў час спаборніцтваў па перацягванні каната. З першай сустрэчы лідэрства захапілі асілкі ДРБУ-118. У гэтым відзе спаборніцтваў ім не было роўных. Яны з лёгкасцю перамагалі ўсіх сваіх сапернікаў. Другое месца занялі мужчыны цэха газавай гаспадаркі, трэцяе – Крамяніцкага сельсавета.
Найбольшую колькасць ба-лаў на ўсіх этапах спартакіяды набрала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму. Другое месца заняла каманда РАНС, трэцяе –Дзярэчынскага сельсавета. Узнагароды пераможцам уручыў намеснік старшыні райвыканкама В.М.Семяняка.
Удзельнікі раённай спартакіяды даказалі, што могуць не толькі добра працаваць, але і сябруюць са спортам, тым самым умацоўваюць сваё здароўе.
Віктар МАКОЎСКІ.