Спас – шчодры час. Плёны новага ўраджаю асвяцілі каталіцкія вернікі (+ВІДЭА)
Каталіцкія вернікі адзначылі свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыстае Богаслужэнне ў зэльвенскім касцёле ўзначаліў ксёндз Яцэк Маркель.

– Згодна з Бібліяй, на трэці дзень да месца пахавання Марыі прыйшоў апостал Тамаш, – расказвае святар. – Пасля раскрыцця грабніцы выявілася, што рэшткі Маці Божай адсутнічаюць. Замест іх ляжалі ружы. А Багародзіца была ўзята на неба. Адсюль і назва свята.
Па даўняй традыцыі 15 жніўня прынята благаслаўляць і асвячаць плёны новага ўраджаю. Таму і называюць у народзе гэты дзень Яблычным Спасам.



– Сёння адно з нашых любімых каталіцкіх святаў, – прызналіся юныя прыхаджане Яўгеній Сонец і Ягор Іскра. – За яблыкамі і грушамі ездзілі да бабулі ў Дзергілі. Прыйдзем дадому, абавязкова пачастуем родных і сяброў.
А вось сям’я Ламака, напрыклад, апроч садавіны і агародніны ў кошык для асвячэння паклала лекавыя расліны. Па словах гаспадыні, на сваім прысядзібным участку яны вырошчваюць мелісу, эхінацэю і календулу. Зёлкі выкарыстоўваюць пры лячэнні прастудных захворванняў і для ўмацавання імунітэту.







Выходзячы з касцёла, старэйшыя людзі казалі, што пасля Спаса ночы становяцца халаднейшымі, а буслы адлятаюць у цёплыя краіны.
Наталля МАЦЮК