СПК «Голынка» – лидер районного соревнования за достижение лучших результатов по производству зерна

IMG_5067 У аграгарадку Галынка ідуць апошнія прыгатаванні да раённага свята “Дажынкі”: тут адбудзецца цырымонія ўзнагароджання перадавікоў жніва-2015. Тым больш прыемным з’яўляецца факт, што СВК “Галынка”, які прымае ўрачыстасць, сёлета стаў пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых. Гаспадарка забяспечыла найбольшы прырост валавой вытворчасці зерня: сабрана 15,2 тыс. тон зерня, што на 1,3 тыс. тон больш, чым летась. У кабінет старшыні сельгаскааператыва Дзяніса Тамкевіча ўвесь час заходзяць людзі, не змаўкаючы звоніць тэлефон. Малады старшыня выслухоўвае кожнага, дае даручэнні і распараджэнні. Адно з апошніх – бухгалтарскай службе: “Яшчэ раз прагледзьце спісы тых, каго прэміруем па выніках жніва. Атрымаць заслужанае павінен кожны”. І сапраўды, як жа інакш, калі зладжаная работа калектыву на агульны вынік і стала ўмовай дасягнення поспеху. Сёлетняя ўборачная кампанія для Дзяніса Тамкевіча ў ролі старшыні СВК “Галынка” – трэцяя па ліку. Але навічком у сельскай гаспадарцы яго не назавеш: за плячамі вопыт работы ў якасці галоўнага агранома ў філіяле “Князева”. У асаблівасцях раслінаводства ён разбіраецца на выдатна, дакладна ведае, як арганізаваць вытворчасць, выкарыстаць земляробчы вопыт падначаленых спецыялістаў, механізатараў. Якую культуру і дзе пасадзіць, як забяспечыць выкананне агратэхналогій, вытрымаць аптымальныя тэрміны – усё гэта знаходзіцца спачатку ў планах у старшыні, а затым увасабляецца на справе. “Галоўнае, каб была вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі, тады бу-дзе і прыбытак, і ўсё астатняе для стабільнага функцыянавання і развіцця гаспадаркі”, – перакананы старшыня. Прагматычны падыход да арганізацыі дзейнасці – у наш час па-іншаму і немагчыма. Кіраўнік СВК павінен быць дальнабачным, разбірацца не толькі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, але яшчэ і быць у адной асобе эканамістам, бухгалтарам, маркетолагам, юрыстам, і нават псіхолагам, бо да кожнага з падначаленых патрэбен свой падыход. Пад пасяўныя плошчы ў СВК “Галынка” ў гэтым годзе было адведзена 2165 га. З іх 750 га занялі пад пшаніцу, 815 – трыцікале, 500 – рапс, 380 – ячмень, 50 – жыта, 40 – авёс. Яшчэ на 138 га вырошчваліся зернебабовыя культуры. Сярэдняя ўраджайнасць склала 69,6 ц/га, што вышэй за раённы паказчык. Калі разглядаць у разрэзе, то ўраджайнасць ячменю склала 84,9 ц/га, трыцікале – 73,2, жыта – 65,6, пшаніцы – 61,2, аўса – 58,7, рапсу – 34,5, зернебабовых – 31,1. Прырост вытворчасці зерня да сярэдняга ўзроўню апошніх трох гадоў склаў 24,6%. Паказчыкі па вытворчасці зерня ў 2015 годзе дазволілі гаспадарцы стаць пераможцай раённага спаборніцтва. Высокія вынікі – гэта што-дзённая праца на працягу ўсяго года. Свой уклад у агульны каравай зрабілі агранамічная і інжынерная службы, механізатары, вадзіцелі і іншыя работнікі сельгаскааператыва. Галоўны аграном Мікалай Бяляўскі, намеснік старшыні па раслінаводстве Аляксандр Мацкевіч строга сачылі за выкананнем агратэхналогіі, галоўны інжынер Міхаіл Мацкевіч адказваў за тэхнічнае суправаджэнне працэсаў. Уборачная кампанія ў гаспадарцы стартавала 16 ліпеня: найперш камбайны выйшлі на рапсавыя палеткі. Затым, па меры паспявання, сталі ўбірацца ячмень, трыцікале, пшаніца… Камбайнавыя экіпажы фарміраваліся з ліку работнікаў гаспадаркі, а таксама тых, хто жыве на галынкаўскай зямлі. Усе яны ва ўборачнай кампаніі людзі не новыя, маюць вопыт работы, таму складанасцей з арганізацыяй працэсу не ўзнікла. Так, для братоў Івана і Віктара Марчукоў сёлетняе жніво – 26-е па ліку. Да гэтага яны станавіліся пераможцамі ва ўнутрыгаспадарчых спаборніцтвах, адзначаліся ў ліку прызёраў раённых. А вось сёлета ўпершыню сталі і пераможцамі раённага спаборніцтва ў сваёй намінацыі. Як адзначаюць камбайнеры Марчукі, лета год корміць, а таму прымушаць працаваць іх не трэба, добра ведаюць цану кожнага працоўнага дня. Іван паралельна сумяшчаў яшчэ работу ў якасці вадзіцеля МАЗа на адвозцы зерня, дзе таксама праявіў сябе і стаў адным з лепшых у гаспадарцы. Сярод лідараў раённага жніва ёсць яшчэ адзін экіпаж СВК “Галынка”: на камбайне “Ліда 1300” старшы камбайнер Мікалай Сцяцко і камбайнер Міхаіл Шалесны сталі ўладальнікамі трэцяга прызавога месца. Усяго ж на ўборцы ў сельгаскааператыве было задзейнічана 15 камбайнаў: 7 “КЗС-1218”, 1 – “КЗС-10К”, 6 – “Ліда 1300”, 1 – “Мега”. Добрасумленны падыход да абавязкаў прадэманстравалі старшыя камбайнеры Аляксандр Антонік, Сяргей Качук, Міхаіл Шкнай, Сяргей Залеўскі. Іх працоўны дзень пачынаўся каля 6 раніцы з абслугоўвання тэхнікі і затым працягваўся на палетках да самага позняга вечару. IMG_5110 На адвозцы зерня ў “Галынцы” сёлета абышліся ўласнымі сіламі, без прыцягнення аўтамабіляў іншых арганізацый. На гэтым участку работ былі задзейнічаны 14 машын. Аўтапарк гаспадаркі ў гэтым годзе значна абнавіўся: набыты КамАЗ грузапад’ёмнасцю 10 тон пераабсталяваны пад самазвал, у чэрвені за ўласныя сродкі куплены МАЗ, які адразу ўступіў у “бітву за ўраджай”. Яшчэ 2 МАЗы, набытыя ў лізінг, ужо прыйшлі ў гаспадарку і хутка таксама выйдуць на лінію. Складнікамі поспеху на жніве, несумненна, з’яўляецца праца вадзіцеляў аўтамабіляў, ад якіх у значнай ступені залежыць тэмп уборкі. Праявілі сябе Павел Мадырка, Міхаіл Беладзед, Сяргей Ламека, Віталь Малец. А Міхаіл Кароль па выніках раённага спаборніцтва на адвозцы зерня на аўтамабілі ГАЗ-53 стаў уладальнікам 3 месца. Сухое надвор’е, якое стаяла на працягу ўсёй уборачнай кампаніі, спрыяла таму, што значная частка зерня не патрабавала дадатковай сушкі на зернесушыльных комплексах. Гэта дазволіла сэканоміць значныя матэрыльныя сродкі. На зернесушыльных комплексах КЗС-30 у Клімавічах і М-819 у Клімавічах і Дзярэчыне рабочыя Аляксандр Дубель, Сяргей Бяляўскі, Сяргей Крэчка, Кірыл Земба, Аляксандр Тыбулевіч і іншыя займаліся дапрацоўкай зерня, адпраўкай яго на захоўванне. Уборачная кампанія ўключае і такі важны працэс, як прасаванне саломы. У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва ў гэтай намінацыі яшчэ адзін “галынкавец” – Генадзь Сакалоўскі. Выканаў СВК “Галынка” і план па дзяржзаказе: на камбінат хлебапрадуктаў у Смаргонь адпраўлены 52 тоны аўса, у Ліду – 1331 тона пшаніцы, 1468 тон рапсу, у Гродна – 238 тон гароху. Душу ўложыш – усё зможаш. Гэту неаспрэчную мудрасць пацвярджае прыклад работы калектыву СВК “Галынка”. Хлебаробы сельгаскааператыва даўно ведаюць, што за плённую што-дзённую працу ніва аддзячвае багатым ураджаем. Любіць сваю работу, падыходзіць па-гаспадарску і абавязкова думаць пра заўтраўшні дзень. Ці не гэта і ёсць складнікі поспеху? У дачыненні да любой справы… Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.