З першага верасня 2003 года на базе сярэдняй школы №3 г.п.Зэльва працуе гісторыка-краязнаўчы музей “Светач”. Амаль дванаццаць гадоў тут пастаянна ідзе карпатлівая праца настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Ініцыятарам заснавання музея і кіраўніком яго з’яўляецца настаўнік гісторыі Лілія Сідорка, чалавек, улюблёны ў сваю справу, адданы ёй усім сэрцам і душой.
Што змянілася за гэты час у нашым школьным музеі? Па-першае, экспазіцыя налічвае ўжо 1020 экспанатаў асноўнага фонду і 120 экспанатаў навукова-дапаможнага фонду. Па-другое, кожны год каля тысячы экскурсій праводзіць Лілія Барысаўна і яе памочнікі для вучняў школы, бацькоў, гасцей (а гэта вучні і настаўнікі другіх школ раёна, госці з Беларусі, Расіі, Узбекістана). Па-трэцяе, сам музей стаў большым: цяпер ён размешчаны не ў трох пакоях, а ў пяці.
Першы пакой “Быт беларускай вёскі. Сялянская хата” перадае атмасферу і каларыт беларускай хаты, у якой ёсць чырвоны кут з іконай, печ, калыска для дзіцяці і інш. Знаёмішся з гісторыяй кожнай рэчы – і разумееш, якімі працавітымі, таленавітымі, кемлівымі былі нашы продкі, як паважалі працу другіх людзей і якімі беражлівымі былі яны, бо змаглі захаваць усё гэта і перадаць нашчадкам.
У другім пакоі “Зэльвен-шчына ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны” можна ўбачыць фотаздымкі, асабістыя рэчы салдатаў, дакументы, пісьмы з фронту, агітплакаты, зброю. Нейкая асаблівая цішыня пануе ў гэтым пакоі. І гэта зразумела: тут жыве памяць аб тых, хто змагаўся ў ваеннае ліхалецце за наша светлае і мірнае жыццё. З заміраннем у сэрцы слухаеш гісторыі пра вы-прабаванні, якія выпалі на долю нашых землякоў, і пачынаеш разумець, што значыць быць са-праўдным грамадзянінам, патрыётам сваёй Радзімы.
Якой была наша Зэльва ў ХХ стагоддзі, як яна выглядала, раскажуць фотаздымкі ў трэцім пакоі. Тут жа вы пачуеце аповед аб знакамітых земляках. Нікога не пакідаюць раўнадушнымі каменныя дзівосы, якія можна ўбачыць у гэтым пакоі.
Час ідзе. Адны вучні становяцца выпускнікамі школы і ідуць у самастойнае жыццё, другія прыходзяць сюды, каб год за годам набываць веды, якія спатрэбяцца ў будучым. Ужо 24 выпускі было ў нашай школе. І ў чацвёртым пакоі можна пазнаёміцца з летапісам навучальнай установы, убачыць фотаздымкі ўсіх выпускнікоў. Вам раскажуць пра вучняў, якія ў розныя гады сталі пераможцамі абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, канференцый. Тут жа можам даведацца і аб адукацыі Зэльвенскага раёна.
З вялікім інтарэсам разглядаюць госці экспанаты пятага пакоя, якія дапамагаюць уявіць вучэбны кабінет 60-70-х гадоў ХХ стагоддзя. Захапленне ў школьнікаў выклікае магчымасць паспрабаваць самім зрабіць запіс чарнільнай ручкай з пяром.
Хочацца адзначыць, што кожны раз падчас экскурсіі гасцей чакае які-небудзь сюрпрыз, штосьці цікавае і незабыўнае.
Але не толькі экскурсіі прапануе кіраўнік нашага школьнага музея. Пастаянна вядзецца пошукавая дзейнасць. Традыцыйным стаў конкурс “Знаходка года”. І вельмі прыемна, што ўдзел у ім прымаюць не толькі вучні, але і бацькі, настаўнікі.
Вялікая ўвага ўдзяляецца навуковай дзейнасці. Кожны год вучні Ліліі Сідоркі становяцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў і канференцый. І гэты навучальны год не выключэнне. Вучні нашай школы прынялі ўдзел у ХІ адкрытым раённым конкурсе даследчых работ па вучэбных прадметах “Крокі ў навуку”, які праходзіў на базе гімназіі № 1 г. Ваўкавыска. Вынікам напружанай працы настаўнікаў і вучняў сталі тры дыпломы. Прыемна было, што работа “Татарын Серафім
Лук’яновіч. Гады выпрабаванняў”, напісаная Наталляй Калютай, вучаніцай 10 класа, пад кіраўніцтвам Ліліі Барысаўны, была адзначана Дыпломам ІІІ ступені. У абласной краязнаўчай навукова-практычнай канференцыі “Край Гарадзенскі” прымала ўдзел вучаніца 11 класа Крысціна Чура. Яе работа “Вызваленне Зэльвеншчыны”, якая была выканана пад кіраўніцтвам Ліліі Барысаўны, адзначана Дыпломам І ступені.
З 20 па 22 мая дэлегацыя ўстановы адукацыі прымала ўдзел у заключным этапе рэспублікан-скага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт – 2015”, які праходзіў у горадзе Ліда. На гэты конкурс Лілія Сідорка прадставіла праект “Блог гісторыка-краязнаўчага музея “Светач”. Вынік – Дыплом ІІ ступені. І гэта толькі апошнія перамогі настаўніцы і яе вучняў.
З задавальненнем вучні школы ўдзельнічаюць у конкурсах, літаратурна-музычных кампазіцыях, уроках мужнасці, уроках памяці, сустрэчах з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, са знакамітымі людзьмі Зэльвеншчыны, якія праводзіць Лілія Барысаўна. Вялікая работа зроблена настаўніцай і актывістамі музея для ўвекавечвання памяці пра подзвіг нашых землякоў у час Вялікай Айчыннай вайны. Праца не засталася незаўважанай: напярэдадні 9 Мая кіраўнік музея Лілія Сідорка была ўзнагароджана юбілейным медалём да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Цікава праходзяць экскурсіі, якія арганізуе настаўніца для вучняў. Кожны год – гэта падарожжа па родным краі, кожны раз – гэта адкрыццё чагосьці
яшчэ невядомага, нязведанага. І кожны раз – захапленне сваім настаўнікам, які так многа ведае пра родны край і вучыць нас любіць сваю Радзіму, свой народ, сваю родную мову.
Хутка празвініць званок і па-кліча нас на ўрокі, пачнецца напружаная праца вучняў і настаўнікаў. Кіраўніку нашага школьнага музея Ліліі Сідорка мы, вучні ўжо 11 класа, і нашы бацькі, гаворым дзякуй за тыя ўрокі жыцця, якія яна дае нам, за тое, што так любіць сваю работу і вучыць нас з адказнасцю адносіцца да любой справы, што вучыць нас верыць у свае сілы і развівае таленты. Жадаем Ліліі Барысаўне новых адкрыццяў, новых экскурсій і падарожжаў па родным краі, новых цікавых сустрэч і новых перамог.
Наталля Калюта,
Кацярына Патапенкава,
члены савета музея “Светач”.